Яшчэ продкі прыкмячалі: «Дзе свой стаіць, там вецер не дзьме». Ён — той свой — што называецца, захіне, паклапоціцца, дапаможа. У тыя, сумна вядомыя часы — дастаць дэфіцыт, пашыць абнову, уладкаваць малое дзіця ў садок ці вялікае на працу... У гэтыя — ці вам казаць? — «кола сваіх» стала пашырацца. У многіх свае аўтаслесары, свае дактары (у тым ліку сямейныя), свае стылісты (спявак Еўдакімаў, як прызнаўся, да яго з Масквы ў Мінск прыязджае), свае дызайнеры. Усё часцей у размовах фігуруюць словы «Мой псіхолаг», «Мой банк», «Мой мабільны аператар» і нават «Мая пошта».
У тым, што яна, такая, быць павінна, пераканаўся кожны, хто хоць аднойчы спрабаваў адправіць пяць-дзесяць розных па вазе пісьмаў-бандэроляў. А ёсць жа людзі, якія рабілі гэта штодня!
— Наша прадпрыемства не навічок на рынку. Працуем амаль 20 гадоў, гандлюем, забяспечваем палімернымі матэрыяламі хімічныя прадпрыемствы і нашай краіны, і часам замежныя, — расказваў вадзіцель-экспедытар ЗАТ «Палімергандаль»
Мікалай Кірушкін. — Мне такім чынам амаль штодня даводзілася адпраўляць 20-30 заказных пісьмаў, бандэроляў. Прыходзіў на пошту — здаваў аператару. Апрацоўка кожнага адпраўлення патрабавала часу. За мной стваралася чарга. А ў ёй, як вядома, людзі розныя: нехта больш выхаваны, стрыманы, нехта — не... Здаралася, пакуль пошту адправіш, чаго толькі не наслухаешся... Колькі здароўя, колькі часу патраціш!
Такім чынам, было відавочна, што так званыя юрыдычныя і фізічныя асобы не павінны абслугоўвацца разам, што ў такіх умовах амаль немагчыма забяспечыць якасць паслуг ні першым, ні другім. Хаця б таму, што вельмі адрозніваюцца аб'ёмы: адзін чалавек прыйшоў, каб атрымаць пенсію ці выпісаць газету «Звязда» (справа хвілін), другі — прынёс 20 (яшчэ ў лепшым выпадку) заказных лістоў ці дробных пасылак. А ў выніку можа атрымацца так, што і сапраўды, як казаў спадар Кірушкін, абодва патрацяць час (ды і нервы), сапсуюць настрой і сабе, і адзін аднаму.
— Спачатку мы стварылі ўчастак па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў у нас на вытворчасці «Мінская пошта», — гаворыць намеснік начальніка вытворчасці Алена Трубач. — А 2 красавіка 2012 года адкрылі першую так званую «Бізнес-пошту». Месца для яе выбралі ў цэнтры горада, побач з былым Чэрвеньскім рынкам. Уважліва паставіліся і да падбору кадраў. У прыватнасці, узначаліла новае падраздзяленне Ірына Бажко, якая дагэтуль паспела папрацаваць і аператарам, і начальнікам пошты звычайнай, і старшым інструктарам групы кантролю. Іншымі словамі, вывучыць усе кірункі работы. А спецыялістаў падбіралі з іншых аддзяленняў сувязі, з участкаў.
Цяпер гэта дружны зладжаны калектыў, праца якога дазволіла аблегчыць жыццё вельмі многім юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Хоць бы таму, што да кожнага кліента тут, без перабольшвання, знаходзяць індывідуальны падыход. І ўсе яны, па словах таго ж спадара Кірушкіна, зусім не трацяць час на адпраўку пошты:
— Я заехаў сюды, павітаўся з гэтымі прыгожымі дзяўчатамі, пакінуў ім усю карэспандэнцыю і падаўся далей — працы ж хапае. Квіткі забіраю назаўтра альбо на паслязаўтра і бачу, што ўся мая пошта і аформлена, і адпраўлена ў той самы дзень, калі я прынёс. Для юрыдычных асоб гэта тое, што трэба: ніякіх дадатковых затрат, хутка, зручна. А як нам — дык яшчэ і блізка. Мы вельмі задаволены.
Аднак, як і варта было чакаць, пошта на гэтым не спынілася — пайшла далей. І наступным яе крокам насустрач кліенту (у тым ліку і карпаратыўнаму) было ўкараненне паслугі «Паштовы кур'ер». Гэта значыць, што цяпер спецыяльны работнік разам з вадзіцелем машыны (а часам гэта адзін і той жа чалавек) сам дастаўляе ў офіс усё, што прыходзіць на адрас кліента (друкаваныя СМІ, бланкі строгай справаздачнасці, тавары, замоўленыя ў інтэрнэт-краме РУП «Белпошта»), сам забірае для рассылкі ўсю карэспандэнцыю. Па словах спецыялістаў, юрыдычным асобам ёсць сэнс заключаць пагадненне на абанентнае абслугоўванне «Паштовы кур'ер» кожны дзень» нават тады, калі штодзённыя аб'ёмы і зыходзячай, і ўваходзячай карэспандэнцыі невялікія. І, вядома ж, можна выклікаць паштовага кур'ера праз сайт www.belpost.by альбо патэлефанаваўшы па нумары 154.
Прадугледжаны і выбар тарыфаў: «Эканом», «Оптыма» і «Эліт». Назвы кажуць самі за сябе, але ж — у першым выпадку паштовы кур'ер прыедзе да заказчыка назаўтра на працягу дня, у другім — у той самы дзень (калі заяўка аформлена да 12 гадзін), у трэцім — у той самы дзень і час, якія выбраў кліент.
— Да нас паштовы кур'ер прыязджае кожны дзень з 16 да 17 гадзін — забірае ўсю нашу карэспандэнцыю, адвозіць аператарам для апрацоўкі і рассылкі, — распавядае начальнік сектара экспедыцыі ЗАТ «Ідэя Банк» Таццяна Цішчанка. — Гэта вельмі выгадна, таму што наш банк, безумоўна ж, клапоціцца пра сваіх кліентаў, пра тое, каб кожнае пісьмо, кожная службовая інфармацыя для нашых падрадчыкаў, а таксама паведамленне пра кожную рэкламную акцыю былі дастаўлены ў максімальна кароткія тэрміны. Аб'ёмы карэспандэнцыі ў нас досыць вялікія, таму, працуючы з «Бізнес-поштай», мы пазбягаем чэргаў, а ведаючы высокі прафесіяналізм аператараў, можам быць упэўненымі, што кожнае наша адпраўленне апрацоўваецца і адпраўляецца якасна і адразу. Да таго ж, калі ўзнікаюць нейкія пытанні, да сваёй пошты, як і да сваіх людзей, прасцей звярнуцца па інфармацыю. Варта набраць нумар тэлефона, і спецыялісты заўсёды прыйдуць на выручку, дапамогуць. Усё гэта ў першую чаргу эканоміць час — як на дастаўку карэспандэнцыі атрымальнікам, так і наш працоўны як прафесіяналаў.
І сапраўды: дай Бог кожнаму рабіць сваю справу.
— У нас ёсць база патэнцыяльных кліентаў. Мы тэлефануем ім, прапануем свае паслугі, выязджаем на месцы, тлумачым перавагі. Але працуе і так званае сарафаннае радыё: гэта значыць, калі кліент — у тым ліку і карпаратыўны — застаўся задаволены нашымі паслугамі, ён можа расказаць пра іх іншым, параіць скарыстацца. А ў выніку — добра ўсім: здымаецца нагрузка са звычайных аддзяленняў сувязі, эканоміцца час, зберагаюцца нервы, — гаворыць начальнік першай сталічнай «Бізнес-пошты» Ірына Бажко. — Мы працуем трэці год, і ў нас ужо ёсць кола пастаянных кліентаў. А найбольшы гонар, што нам давяраюць усю сваю карэспандэнцыю «Ідэя Банк», які па колькасці аддзяленняў уваходзіць у пяцёрку буйнейшых беларускіх банкаў, МТБанк», таварыствы «Экспрэс-кур'ер», «Бяспечныя дарогі Беларусі», «Атлант-М», гасцініца «Пекін-Мінск», канцэрн «Белдзяржхарчпрам» і іншыя.
…Адрас першай сталічнай «Бізнес-пошты» — вуліца Маякоўскага, дом 8. Тут жа размешчана і аддзяленне сувязі № 6. Таму, завітаўшы ў адны дзверы, грэх было не адчыніць другія. І не… парадавацца за кліентаў: ля кожнага з акенцаў (у прыватнасці, на той, досыць ранні час) было па чалавеку, па два — не больш. Не будзем, вядома ж, сцвярджаць, што гэтак заўсёды, што чэргаў там не бывае (асабліва ў так званы пік камунальных плацяжоў), але тое, што цяпер яны меншыя — факт, здаецца, бясспрэчны. Як і той, што паспрыяла гэтаму размежаванне кліентаў.
— У нашай краіне цяпер працуе 58 «Бізнес-пошт», — канстатуе намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» па камерцыйных пытаннях Таццяна Гвоздзева. — Яны адкрытыя для так званых карпаратыўных кліентаў ва ўсіх абласных цэнтрах, ва ўсіх гарадах, дзе зарэгістравана больш за 200 арганізацый. Да канца года з'явіцца яшчэ 5 такіх устаноў, 4 з іх у сталіцы… Што, вядома ж, павысіць якасць абслугоўвання — і юрыдычных асоб, і фізічных. Да таго ж на новы ўзровень яе можа падняць паслуга «Паштовы кур'ер», якая дазваляе ўсім прадпрыемствам, установам, арганізацыям, нават прыватным асобам, як ні крыўдна гэта гучыць, забыць дарогу ў аддзяленні сувязі, пазбавіцца ад паштовых клопатаў — заключыць дагавор і тым самым даверыць іх прафесіяналам. Для буйных кліентаў, для інтэрнэт-крам мы выпускаем адмысловыя пакеты (што яшчэ і рэклама), прадугледжваем сістэму зніжак, можам разам прыкінуць, якую прадукцыю, якія тавары рассылаць па пошце будзе значна танней, чым развозіць на аўтамабілях… І навошта на сваіх, калі па ўсёй краіне штодня ездзяць нашы?..
Іншымі словамі, індывідуальны падыход гарантуецца: «свая пошта» — гэта выгадна і гэта рэальна.
Валянціна Доўнар.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.