Учора ў Мінску пад старшынствам прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча адбылося пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці незалежных дзяржаў. Удзельнікі разгледзелі больш за дваццаць праектаў дакументаў па шматлікіх накірунках супрацоўніцтва і падпісалі шэсць міжнародных дагавораў.
Варта выкарыстоўваць усе магчымасці
На думку прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, дзяржавы — члены Садружнасці павінны максімальна выкарыстоўваць магчымасці гэтага фарміравання. «Унікальнасць СНД — у яго асноўным трэндзе, які мае на ўвазе і суверэнітэт (наколькі гэта неабходна), і інтэграцыю (наколькі гэта магчыма). Краіны Садружнасці — гэта блізкія стратэгічныя партнёры, зыходзячы з чаго і выбудоўваюцца ўсе нашы адносіны», — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Пасля пасяджэння ён паведаміў: «Мы разгледзелі ўсе пытанні парадку дня, падпісалі шэсць міжнародных дагавораў. Разгледжаны ход рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на перыяд да 2020 года і комплексу мерапрыемстваў на 2012-2014 гады па яе рэалізацыі. У выніку мы прынялі рашэнне аб фінансаванні 11 пілотных інавацыйных праектаў, агульны кошт якіх складае 190 млн долараў. Гэтыя праекты, па нашым меркаванні, павінны перарастаць у сумесныя транснацыянальныя, канкурэнтаздольныя на сусветных рынках навукова-вытворчыя карпарацыі».
З рознай хуткасцю, але ў адным кірунку
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што часта журналісты ўздымаюць пытанне аб эфектыўнасці і выніковасці Садружнасці. «Аднак трэба канстатаваць, што дзякуючы агульным намаганням краін дзейнасць арганізацыі дае канкрэтныя выгады ўдзельнікам, — падкрэсліў беларускі прэм'ер. — Аб гэтым сведчаць канкрэтныя дакументы, якія падпісаны сёння». А падпісанне напярэдадні дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе
(ЕАЭС), на думку кіраўніка ўрада, у чарговы раз падкрэслівае жыццяздольнасць агульнапрынятага прынцыпу рознаўзроўневай і разнахуткаснай інтэграцыі на постсавецкай прасторы.
Сам-насам
У межах Савета кіраўнік беларускага ўрада правёў шэраг двухбаковых сустрэч з прадстаўнікамі некаторых краін. Напрыклад, Беларусь і Малдова дамовіліся аб нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці трактароў у апошняй на базе беларускіх трактаракамплектаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тэхніку для садоўніцтва і вінаградарства, якая будзе рэалізоўвацца не толькі на ўнутраным рынку Малдовы, але і пастаўляцца ў краіны Паўднёвай Еўропы. На думку Міхаіла Мясніковіча, гэта даволі перспектыўны праект. «Яшчэ адной тэмай для абмеркавання сталі пытанні, звязаныя з гандлем прадукцыяй харчовай прамысловасці. У першую чаргу, мы зацікаўлены ў пастаўках беларускага цукру ў гэтую краіну», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
З Таджыкістанам мы змаглі дамовіцца на пастаўку буйной партыі БелАЗаў. У бліжэйшы час у гэтай краіне пачнецца будаўніцтва цэлага комплексу гідраэлектрастанцый. «Там будуць дастаткова вялікія пастаўкі БелАЗаў для выканання гэтых работ», — удакладніў Міхаіл Мясніковіч. А вось у Кыргызстане беларускія будаўнікі прымуць удзел ва ўзвядзенні гідраэнергетычных комплексаў. Таксама кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін дамовіліся аб пастаўках беларускай тэхнікі на ўмовах лізінгу. Дарэчы, як паведамлялася, напярэдадні ў Астане Кыргызстан агучыў намер аб далучэнні да Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтае пытанне таксама абмяркоўвалася на сустрэчы прэм'ер-міністраў.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.