— Супрацоўніцтва з беларускім урадам у пытаннях пераадольвання наступстваў чарнобыльскай аварыі было выдатным на ўсіх этапах, — адзначыла адміністратар Праграмы развіцця ААН (ПРААН), намеснік генеральнага сакратара ААН Хелен Кларк, якая днямі наведала Гомельшчыну.
Падчас візіту ў Ветку Хелен Кларк пабыла на аб'ектах, пабудаваных ці адрамантаваных у рамках рэалізацыі сумесных праектаў з ПРААН. Яна наведала Веткаўскі музей стараверскай культуры і беларускіх традыцый і зрабіла запіс у кнізе ганаровых гасцей. Дарэчы, менавіта гэтая ўстанова набыла камп'ютарнае абсталяванне і аўдыягіды для правядзення экскурсій на некалькіх мовах за сродкі, выдзеленыя па праграме ІСRІN. Тут жа адбылася гутарка супрацоўнікаў місіі ПРААН з жыхарамі раёнаў, якія сталі непасрэднымі ініцыятарамі і ўдзельнікамі многіх праграм, рэалізаваных на тэрыторыі Гомельскай вобласці сумеснымі намаганнямі. Абмяркоўваліся вынікі праекта тэрытарыяльна арыентаванага развіцця для пацярпелых раёнаў Беларусі, які фінансаваўся за кошт ААН. Па меркаванні адміністратара Праграмы развіцця ААН, гэты кірунак з'яўляецца перспектыўным:
— Мы будзем рады падтрымліваць у рамках гэтага праекта ініцыятывы мясцовага насельніцтва, паколькі, па нашым перакананні, менавіта такія ініцыятывы маюць добрую будучыню. У нас разнастайная праграма дзеянняў, яна ўключае шмат напрамкаў. Гэта і пытанні аховы наваколля ва ўзаемадзеянні з мясцовым насельніцтвам — такія, як рэабілітацыя тарфянікаў. Мы таксама працуем у галіне энергаэфектыўнасці. Праводзіцца дастаткова вялікая работа па барацьбе з ВІЧ-СНІДам і туберкулёзам. Таксама намі рэалізаваны праект па падтрымцы далучэння Беларусі да канвенцыі аб правах асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Голас грамадзян краіны ў гэтым працэсе павінен быць пачуты.
Беларусь вітае любое супрацоўніцтва па ліквідацыі катастрофы на ЧАЭС і ўдзячная ПРААН за дапамогу, адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка.
У адным з самых буйных і цікавых праектаў ПРААН, прысвечаным тэрытарыяльна арыентаванаму развіццю рэгіёнаў, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, у якасці выканаўцы і каардынатара ўдзельнічаў Гомельскі аблвыканкам. Праект распаўсюджваўся на чатыры раёны вобласці: Веткаўскі, Жыткавіцкі, Хойніцкі і Буда-Кашалёўскі. Больш за 60 ініцыятыў мясцовых жыхароў былі рэалізаваны ў тым ліку з дапамогай сродкаў, выдзеленых па міжнародных праграмах. Увогуле гэтая сума склала больш за 1 млн долараў. Грошы пайшлі на рамонт ФАПаў, пакупку аўталаўкі, інструменты для фермераў, стварэнне стадыёна, закупку камп'ютарнай тэхнікі для бібліятэк, павышэнне бяспекі з дапамогай абсталявання па праверцы на радыеактыўнае забруджванне... Сёння ў Брагінскім і Чачэрскім раёнах рэалізуюцца праекты па стварэнні фонду падтрымкі сельскіх тэрыторый — у прыватнасці прадпрымальнікаў на вёсцы. ПРААН рэалізоўвае на Беларусі і праект па дзяржаўна-прыватным партнёрстве.
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.