Вучаніца чацвёртага класа Бывалькаўскай сярэдняй школы Лоеўскага раёна сёлета стала мясцовай славутасцю. Аксана Катлабай вярнулася з абласной алімпіяды па беларускай мове з узнагародай за трэцяе месца.
Яе першая настаўніца Аксана Пікас сёлета выпускае 10 сваіх вучняў у вялікае плаванне — старэйшую школу. І не баіцца, што там Аксане Катлабай будзе складана. Аксана Рыгораўна гаворыць, што дзяўчынка вельмі любіць чытаць і аддае перавагу вялікім кнігам, са зместам якіх потым абавязкова імкнецца падзяліцца і з сябрамі, і з настаўніцай:
— Аксана вельмі ўважлівая і заўсёды імкнецца да дасканаласці. Яна задае настаўнікам вельмі шмат пытанняў, пакуль не даведаецца ўсё да канца. У яе на аднолькава высокім узроўні атрымліваецца вывучаць усе прадметы: і дакладныя, і гуманітарныя. Хоць і прымала ўдзел у алімпіядзе па беларускай мове, ведае добра не толькі яе, але і рускую мову.
А самой Аксане Катлабай пры вывучэнні мовы падабаюцца... правілы:
— Шмат цікавых правілаў. А па-беларуску пісаць увогуле лёгка. А яшчэ я кніжкі вельмі люблю чытаць — казкі народныя і аўтарскія, напрыклад. І малюю да іх ілюстрацыі. Цяпер вось праілюстравала адну з частак кнігі «Цудоўнае вандраванне Нільса з дзікімі гусямі».
Дарэчы, у сваёй узроставай групе дзяўчынка ўвайшла ў тройку лідараў аднаго з выяўленчых конкурсаў на Гомельшчыне. Настаўніца на яе нарадавацца не можа і асабліва адзначае самастойнасць вучаніцы.
— Аксана прыйшла ў пачатковую школу падрыхтаваная, а цяпер, у канцы 4-га класа, яна чытае вельмі хутка — 200 слоў за хвіліну. Усяго любіць дабівацца сама.
Дзяўчынка расказвае, што ўрокі рабіць для яе зусім не складана і па дапамогу да бацькоў звяртацца не прыходзіцца:
— Хатнія заданні раблю хутка. Мне вельмі цікава вучыцца. Абласная алімпіяда па беларускай мове праходзіла ў Рэчыцы. Калі прыехала туды, спачатку было крыху страшна, але ж потым сабралася з думкамі і ўсё выканала.
А яшчэ Аксанка вельмі любіць сваю родную вёску Бывалькі. І лічыць яе самай прыгожай на свеце:
— У ёй шмат прыгожых дрэў. Мне падабаецца наш сад, а за ім лес, а за лесам — рака. У вёсцы спраў заўсёды многа. Я на агародзе дапамагаю маці палоць бульбу. Заўсёды прыбіраю сама ў сваім пакоі. У нас сабака ёсць, тры кацяняці, кошка і кот. З усімі люблю гуляць, а вось у камп'ютарныя гульні — рэдка. Звычайна перапісваюся праз інтэрнэт са сваёй стрыечнай сястрой, якая жыве ў Гомелі.
Родны брат Аксаны Мікалай вучыцца ў Лоеўскім педагагічным каледжы. Яго дагэтуль добрым словам успамінаюць у вясковай школе. Для дзяўчынкі брат — прыклад ва ўсім. І яна прызнаецца, што таксама хоча пасля заканчэння школы паступіць у гэты каледж, каб вывучыцца на настаўніцу пачатковых класаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.