У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра «залаты» квартэт весляроў, вынікі мінскага этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы і нечаканы поспех нашых велагоншчыкаў у Германіі.
1. Наваполацкі «Нафтан» працягвае ўтрымліваць месца ў тройцы лепшых клубаў краіны. У дзясятым туры чэмпіянату Беларусі па футболе падапечныя Валерыя Стрыпейкіса перайгралі «Слуцк» 1:0. З такім жа лікам жодзінскае «Тарпеда» нечакана перамагло нядаўняга лідара турніру мінскае «Дынама». Пасля матча галоўны трэнер бела-сініх Уладзімір Журавель адзначыў: «Сцэнар такіх матчаў вядомы. Ствараеш шмат момантаў, але не забіваеш. А пасля адзін трапны ўдар — і прапускаеш. Хаця пытанне не ў тым, што мы прапусцілі, а ў тым, што не забілі. Трэба было рэалізоўваць свае моманты. Хачу папрасіць прабачэння ў заўзятараў за вынік».
Драматычным атрымаўся паядынак «Гомеля» і «Мінска». Гамяльчане вырвалі перамогу ў «гараджан» на апошняй хвіліне дадатковага часу — 2:1. Дублем у гэтым матчы вылучыўся Дзмітрый Камароўскі. Па такім жа сцэнары складвалася сустрэча «Шахцёра» і «Белшыны». Дзякуючы дзвюм галявым атакам Ігара Лісіцы бабруйчане з мінімальнай перавагай перайгралі «гарнякоў». Паядынак паміж «Неманам» і «Дынама-Брэст» скончыўся нічыёй — 1:1.
2. Мужчынская зборная Беларусі па валейболе выйшла ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2015. У кваліфікацыі беларусы паслядоўна перайгралі туркаў, датчан і шведаў. Жаночая ж зборная ў сваёй групе заняла другое месца і за пуцёўку ў фінал кантынентальнага першынства пазмагаецца ў стыкавых матчах з камандай Украіны.
3. На чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні беларускі экіпаж чацвёркі парнай у складзе Таццяны Кухты, Юліі Бічык, Кацярыны Карстэн і Кацярыны Шлюпскай заваяваў залатыя медалі. Адзначым, што гэта адзіныя ўзнагароды беларускіх весляроў на кантынентальным першынстве.
4. Добра выступілі беларускія велагоншчыкі на пяцідзённай гонцы ў Германіі. На чацвёртым этапе «Тура Баварыі» Васіль Кірыенка фінішаваў чацвёртым і заняў трэці радок у выніковым заліку. Акрамя гэтага, на апошнім этапе другім на фініш прыйшоў беларус Яўген Гутаровіч. Гонку ж выйграў брытанец Джэрант Томас.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.