З 1 чэрвеня на Беларускай чыгунцы ўводзіцца графік руху цягнікоў на 2014-2015 гады
Ён прадугледжвае курсіраванне па тэрыторыі Беларусі 83 пар цягнікоў міжнародных ліній, 5 пар міжрэгіянальных ліній бізнес-класа, 34 пар цягнікоў міжрэгіянальных ліній эканом-класа, 22 пар цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа, а таксама 379 пар цягнікоў рэгіянальных ліній эканом-класа. З названай даты прадугледжаны шэраг новаўвядзенняў як у міжрэгіянальных, так і рэгіянальных зносінах.
Да Мінска — хутчэй на паўгадзіны
У міжрэгіянальных зносінах у новым графіку пасажырам будзе прадастаўлена магчымасць праезду ў паскораным рэжыме паміж абласнымі цэнтрамі і Мінскам. З гэтай мэтай прадугледжана курсіраванне 5 пар цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа са знаходжаннем іх у дарозе да 3 гадзін 30 хвілін. Яны будуць хадзіць па маршрутах Віцебск — Мінск (час у дарозе 3 гадзіны 30 хвілін), Гомель — Мінск (3 гадзіны 24 хвіліны) і Брэст — Мінск (3 гадзіны 15 хвілін). Пры арганізацыі руху цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа па маршруце Брэст — Мінск будзе задзейнічаны новы рухомы састаў — пяцівагонны электрацягнік. Час у дарозе ў яго будзе на 30 хвілін меншы, чым у дзейным графіку. Састаў будзе адпраўляцца з Брэста ў 6.20 і прыбываць у сталіцу ў 9.35. Час адпраўлення цягніка ў зваротным накірунку з Мінска — 16.45, прыбыцця ў Брэст — 20.00. Як падкрэслілі ў прэс-цэнтры магістралі, гэтыя цягнікі будуць ісці без прыпынкаў. Пасажырам, якія будуць ехаць са станцый, размешчаных на маршрутах гэтых паскораных цягнікоў, будзе дадзена магчымасць праезду цягнікамі рэгіянальных ліній эканом-класа ў ранішні і вячэрні час сутак.
Рэгіянальныя — больш умяшчальныя
У рэгіянальных зносінах таксама будуць задзейнічаны пяцівагонныя цягнікі швейцарскай вытворчасці. У новым графіку гэтыя саставы бізнес-класа будуць курсіраваць па ўжо існуючых запатрабаваных маршрутах: Мінск — Орша, Мінск — Баранавічы, Баранавічы — Брэст, дзе раней былі задзейнічаны менш умяшчальныя чатырохвагонныя электрацягнікі рэгіянальных ліній. Апроч таго, пяцівагонны электрацягнік бізнес-класа з 1 чэрвеня прызначаецца для перавозкі пасажыраў па маршруце Мінск — Жлобін.
На ўчастку Мінск — Маладзечна ўводзяцца ў абарачэнне дзве пары чатырохвагонных цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа №771/772 і №773/774. Яны будуць ісці без прыпынкаў, пераадольваючы адлегласць ад сталіцы да Маладзечна за 55 хвілін, што амаль удвая хутчэй рэгіянальных цягнікоў эканом-класа.
Што датычыцца ўчастка Мінск — Орша, дык тут з уводам новага графіка колькасць цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа будзе павялічана з дзвюх да чатырох пар. Тут будуць курсіраваць дзве пары пяцівагонных электрацягнікоў і дзве пары чатырохвагонных.
І на поўдзень, і да Балтыкі
У міжнародных зносінах графікам руху цягнікоў на 2014-2015 гады прадугледжана захаванне дзейных маршрутаў, у тым ліку ў зносінах Мінск — Адлер, Мінск — Анапа, Мінск — Мінеральныя Воды. Будуць курсіраваць цягнікі ў зносінах з Кіевам, Адэсай, Марыупалем, Львовам, Чарнаўцамі, Шчорсам, Чарнігавам, Харкавам, Данецкам.
Будзе арганізаваны рух цягнікоў у зносінах з Сімферопалем, Еўпаторыяй, Феадосіяй, перыядычнасць руху якіх будзе скарэктавана. Напрыклад, у зносінах Мінск — Еўпаторыя і Мінск — Феадосія, Полацк — Сімферопаль і Віцебск — Еўпаторыя курсіраванне цягнікоў прадугледжана адзін раз на чатыры дні, у зносінах Мінск — Сімферопаль — штодня.
Павялічана перыядычнасць курсіравання цягніка №101/102 Мінск — Варна з аднаго да двух дзён на тыдзень. Цягнік будзе адпраўляцца з Мінска з 4 чэрвеня па серадах і суботах, а з Варны — па пятніцах і панядзелках.
Працягваецца развіццё пасажырскіх зносін паміж Мінскам і Вільнюсам. Маршрут №805/806 (колішні №15/16 Мінск — Вільнюс) абслугоўваецца камфортнымі трохвагоннымі дызель-цягнікамі польскай вытворчасці. Падчас павелічэння пасажырапатоку цягнік будзе курсіраваць здвоеным саставам з шасці вагонаў. На станцыі Вільнюс прадугледжваецца ўзгодненая перасадка з цягніка №805 Мінск — Вільнюс на цягнік №781 Вільнюс — Клайпеда, якім пасажыры змогуць дабрацца да курортных зон Балтыйскага мора. У зваротным кірунку будзе забяспечана перасадка з цягніка №780 Клайпеда — Вільнюс на цягнік №806 Вільнюс — Мінск. На станцыі Мінск пасажыры, што едуць з Вільнюса, могуць перасаджвацца на ўзгодненыя цягнікі да Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева і Адэсы.
З 1 чэрвеня ў мэтах аптымізацыі графіка руху будзе скарочаны час знаходжання ў дарозе цягнікоў, якія звязваюць Мінск са сталіцамі суседніх дзяржаў. Будуць паскораны цягнікі: №25 Масква — Мінск (на 13 хвілін), №26 Мінск — Масква (на 27 хвілін), №52 Мінск — Санкт-Пецярбург (на 21 хвіліну), №85 Кіеў — Мінск (на 30 хвілін), №95 Масква — Брэст (на 27 хвілін), №96 Брэст — Масква (на 12 хвілін).
Паколькі Беларуская чыгунка звязвае Калінінградскую вобласць з цэнтральнай часткай Расійскай Федэрацыі, прадугледжана паскарэнне па тэрыторыі нашай краіны наступных цягнікоў: №30 Калінінград — Масква (на 10 хвілін), №79 Санкт-Пецярбург — Калінінград (на 33 хвіліны), №80 Калінінград — Санкт-Пецярбург (на 31 хвіліну), №359 Адлер — Калінінград (на 51 хвіліну).
Сяргей РАСОЛЬКА.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.