Лета прыйшло! Беларускіх школьнікаў ужо чакаюць гульні на вуліцы да позняга вечара, паездкі на экскурсіі, удзел у займальных мерапрыемствах, вясёлыя летнія змены ў лагерах. Паўсюль дзяцей будуць суправаджаць іх добрыя сябры: дзяўчынкі, хлопчыкі і... кнігі.
«Лета з добрай кнігай» — рэспубліканская акцыя, што пачалася ў Мінску разам з летнімі канікуламі. Ініцыятары — Міністэрства інфармацыі краіны, Мінскі гарвыканкам, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Старт дзіцячай кніжнай эстафеце далі ў сталічным парку імя Горкага. Сутнасць акцыі — зрабіць кнігу верным сябрам, які пазнаецца ў радасці, адпачывае на летніх канікулах і набіраецца яркіх уражанняў разам з дзіцем. Таму паркі і скверы рэспублікі, школьныя двары, пляцоўкі летніх дзіцячых лагераў упрыгожаць стэлажы з каляровымі кнігамі, што выдаюцца ў нашай краіне.
— Цяпер я па-новаму чытаю дзіцячыя кнігі, бо ў мяне дома ёсць пакаленне малых, з якімі трэба прайсці і Сяргея Міхалкова, і Агнію Барто, — расказвае першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч. — Кніга — гэта глыбокае чытанне, фарміраванне культуры, выхаванне асобы. Яна нясе дабрыню, дае веды, у асаблівай форме дапамагае дзецям даведацца пра гісторыю сваёй краіны. Трэба вярнуць дзяцей да чытання, нагадаць пра тое, што модныя гаджэты не могуць замяніць ім папяровага сябра.
Сёння 20 працэнтаў ад усіх кніг, што выдаюцца ў Беларусі, складаюць кнігі для маленькіх чытачоў. Сучасная беларуская дзіцячая кніга добра ілюстраваная. Яна дзеліцца ўжо знаёмымі многім пакаленням беларусаў гісторыямі і знаёміць малых з новымі цікавымі прыгодамі. Аднак Лілія Ананіч адзначае, што пошук новых аўтараў і напісанне новых твораў, як і раней, вельмі актуальная задача для кнігавыдаўцоў.
Да «Лета з добрай кнігай» далучыліся вядучыя беларускія кніжныя выданні, у тым ліку і Выдавецкі дом «Звязда», органы ўлады, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пасля Мінска кніжную эстафету павінны падхапіць і астатнія гарады краіны, каб у паркі і скверы дзеці прыйшлі не толькі адпачыць, але і завесці новага вернага сябра — кнігу.
Любоў Бяляева.
Фота аўтара.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.