Прыкладна 5 тысяч чалавек адклалі свой візіт у пункты рэгістрацыі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання на самы апошні дзень. 1 чэрвеня ў 18 гадзін аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі ўдзельнікаў ЦТ была адключана. Сваё жаданне ўдзельнічаць у прыемнай кампаніі выказалі 105 тысяч 693 чалавекі. Летась, нагадаем, ахвотных здаваць ЦТ было 117 тысяч чалавек. Праўда, дайшлі да экзаменацыйных аўдыторый з іх толькі 113 тысяч. Такім чынам, колькасць ахвотных атрымліваць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю зноў скарацілася. Для параўнання: два гады таму на ЦТ зарэгістраваліся 141,5 тысячы чалавек, а, напрыклад, у 2010 годзе іх колькасць даходзіла да 173 тысяч.
Самай масавай дысцыплінай на ЦТ стала руская мова: яе плануюць здаваць больш як 78 тысяч чалавек. А беларускую мову выбралі толькі 26 тысяч абітурыентаў. 65 тысяч чалавек будуць пісаць тэсты па матэматыцы. Крыху больш за 30 тысяч — пройдуць тэсціраванне па фізіцы. 19 тысяч прэтэндэнтаў на студэнцкі білет аформілі пропускі на англійскую мову, 21 тысяча — на біялогію, 13 тысяч — на хімію. 10 тысяч чалавек плануюць здаваць грамадазнаўства і 17 тысяч — гісторыю Беларусі. А самыя малаколькасныя дысцыпліны на ЦТ — нямецкая мова (яе здаюць крыху больш як 3 тысячы чалавек), геаграфія (больш як 1,6 тысячы чалавек), сусветная гісторыя найноўшага часу (крыху больш за тысячу чалавек), французская (763 чалавекі) і іспанская мовы (196 чалавек).
Нагадаем, што цэнтралізаванае тэсціраванне стартуе ў Беларусі 14 чэрвеня. І першымі ў пункты правядзення ЦТ прыйдуць абітурыенты, якія пажадалі здаваць родную мову. 15 чэрвеня экзаменацыйныя аўдыторыі ў навучальных установах чакаюць абітурыентаў, якія здаюць рускую мову. А ў апошні дзень тэсціравання — 28 чэрвеня — абітурыенты будуць пісаць тэсты па геаграфіі.
Нагадаем, што перарэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень будзе весціся з 27 чэрвеня да 1 ліпеня. Да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для таго, каб прапусціць экзамен (напрыклад, прад'явяць даведку пра сваю хваробу). Калі абітурыенты ўдзельнічалі ў ЦТ у асноўны дзень, але не змаглі дапісаць сваю работу з-за пагаршэння стану здароўя, яны таксама змогуць скарыстацца рэзервовым днём.
Рэгістрацыя для ўдзелу ў тэсціраванні ў рэзервовы дзень будзе весціся ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, Беларуска-Расійскім універсітэце і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
З сабой трэба мець пропуск на тэсціраванне, якое было прапушчана, дакумент, які сведчыць асобу абітурыента, і дакумент, які пацвярджае ўважлівую прычыну няяўкі. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовы дзень (5 ліпеня) прызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але здаць у гэты дзень можна будзе толькі адну вучэбную дысцыпліну.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.