Лічаныя дні застаюцца да адкрыцця Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
На стадыі завяршэння аздобныя работы, на фінішнай прамой фарміраванне шматлікіх экспазіцый. Пра гэта расказаў дырэктар музея Мікалай СКОБЕЛЕЎ.
— Аснову экспазіцыі складаюць унікальныя прадметы: асабістыя рэчы партызан, воінаў Чырвонай Арміі, фотадакументы, партызанская зброя, рукапісны партызанскі друк і шмат што іншае, — зазначыў Мікалай Скобелеў. — Існуюць дзве вельмі рэдкія і ўнікальныя калекцыі — «Партызанская зброя» і «Партызанскі друк». Вядома, экспазіцыя змянілася. Яна стала больш сучаснай, а ў новым музеі — яшчэ і цікавейшай. Будуць выкарыстаны шматлікія сучасныя тэхнічныя сродкі: мультымедыйныя канструкцыі, вучэбна-педагагічныя станцыі, лазерныя выявы і іншыя.
Як паведаміў дырэктар музея, цяпер галоўная цяжкасць — завяршэнне пераезду, які амаль скончаны, і стварэнне новай экспазіцыі. Кожны музейны прадмет патрэбна старанна запакаваць, праверыць, скласці вопіс, укласці ўсё ў спецыяльныя скрыні, забяспечыць пагрузку, транспарціроўку, ахову і, адпаведна, прыехаўшы ў новы будынак, яго гэтак жа акуратна дастаць, зверыць з дакументамі і выкласці ў пэўнае месца.
— Такіх экспанатаў у нас больш чым 142 тысячы, і можна ўявіць, які каласальны аб'ём працы выканалі нашы супрацоўнікі, — падкрэсліў Мікалай Вітальевіч. — Вядома, цяжкасці звязаны і са сціслымі тэрмінамі, у якія мы павінны ўкласціся. Даводзіцца працаваць і па вечарах, і ў выхадныя дні. Але мы разумеем адказнасць і з гэтай задачай упэўнена спраўляемся.
Як прызнаўся дырэктар, пэўнай цяжкасцю стала і развітанне са старым будынкам музея. Асабліва для людзей, якія працавалі там па 20 — 30 гадоў. Напрыклад, намеснік галоўнага захавальніка фондаў музея Галіна Скарынка чатыры дзесяцігоддзі свайго жыцця аддала музейнай справе ў сценах былога будынка. «Маральна развітацца з ім, вядома, вельмі складана. Але прывыкаем у новых сценах да нашага новага музейнага жыцця», — дадаў Мікалай Скобелеў.
Для наведвальнікаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца ў дні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першых туды запросяць ветэранаў — тых, хто здабыў Перамогу. Разам з імі ацэняць новы музей школьнікі, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Каб адкрыццё прайшло ярка і ўрачыста, у музеі адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, якія ўвойдуць у гісторыю ўжо новага збудавання.
Вераніка КАНЮТА.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.