Дар'я Домрачава, трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў у Сочы, стала паслом добрай волі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. На гэтую ганаровую пасаду яе намініравала падчас візіту ў нашу краіну Хелен КЛАРК, адміністратар Праграмы развіцця ААН.
Мэта паслоў добрай волі — дазволіць вядомым людзям розных краін выкарыстоўваць свой уплыў на аўдыторыю, каб звярнуць яе ўвагу на важныя праблемы краіны, рэгіёна, свету. Як заўважыла Хелен Кларк, Праграма развіцця ААН працуе з шэрагам вядомых людзей (сярод іх — беларускі тэнісіст Максім Мірны, футбаліст Ранальда, тэнісістка Марыя Шарапава), якія сталі пасламі добрай волі.
— Дзякуючы сваім дасягненням Дар'я Домрачава таксама атрымала гэтае званне. Мы імкнёмся працаваць з маладымі людзьмі, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, а беларуская біятланістка мае вельмі шмат дасягненняў, у тым ліку і алімпійскія ўзнагароды. Я ўпэўнена, яна зможа данесці да аўдыторыі каштоўнасці, звязаныя са спортам і фізічнай культурай. Важна тое, што Дар'я — жанчына, што яна дабілася вялікіх поспехаў у спорце, бо вельмі часта дзяўчаты пасля заканчэння школы больш не займаюцца ні спортам, ні фізічнай культурай.
Хелен Кларк паведаміла пра тое, што яе арганізацыя распрацоўвае стратэгію, накіраваную на маладзёжную аўдыторыю.
— Нам неабходны вядомыя людзі, лідары, бо яны валодаюць вялікім уплывам, — адзначыла прадстаўніца ААН. — Дар'я будзе прымаць удзел у рознага кшталту дабрачынных мерапрыемствах, рэкламных кампаніях. Мы будзем актыўна выкарыстоўваць яе вядомасць у сваёй працы.
Адміністратар Праграмы развіцця ААН не выключае магчымасці, што і іншыя вядомыя беларускія спартсмены ў будучыні змогуць стаць пасламі добрай волі. Хелен Кларк упэўнена, што намініраванне Дар'і Домрачавай паслужыць добрым пачаткам для гэтага.
У сваю чаргу, спартсменка прызналася, што ганарыцца новай місіяй. Па словах біятланісткі, яна і раней папулярызавала здаровы лад жыцця, але цяпер дзякуючы супрацоўніцтву з ААН вынікі ў гэтым кірунку стануць яшчэ больш значнымі.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.