Вы тут

Са свету па «капейцы» або Веды праз прызму «рэтра»


Стары, як свет, стэрэатып аб тым, што на вёсцы цяжка знайсці сабе цікавы занятак для баўлення вольнага часу, часцей за ўсё пацвярджаецца самімі жыхарамі сельскай мясцовасці.

Для многіх галоўным відам адпачынку становяцца паходы ў мясцовы Дом культуры або клуб і алкаголь. Жыхар вёскі Казловічы Слуцкага раёна Уладзімір Пратасеня не з такіх. Акрамя ўласнага хобі — рэстаўрацыі аўтамабіляў, ён стварае ўмовы для карыснага баўлення часу моладдзю, кіруе раённым цэнтрам аўтамабільнай культуры і тэхнічнай творчасці «Аўтасвет». Карэспандэнты «Чырвонкі» наведалі слуцкага аўтааматара, пазнаёміліся з яго юнымі выхаванцамі і вядомай далёка за межамі Казловічаў калекцыяй.

Уладзімір Адамавіч сустрэў нас у Слуцку на сваім аўтамабілі. Па дарозе да Казловічаў, якая заняла не больш за 10 хвілін, распавёў пра гісторыю сваёй любові да тэхнікі. Рамантаваць аўтамабілі ён пачаў у 1982 годзе, адразу, як вярнуўся са службы на Балтыйскім флоце. Веданне тэхнікі дапамагло знайсці працу: у Казловічах Уладзімір Пратасеня мае ўласную аўтамайстэрню. А веданне гісторыі аўтапрама перарасло ў хобі — рэстаўрацыю старой тэхнікі.

—Мне, шчыра кажучы, зусім не хацелася бавіць свой час, як многія іншыя — каля крамы, — распавядае Уладзімір Адамавіч. — Я і цяпер лічу, што ў кожнага чалавека, чым бы ён ні займаўся, павінна быць любімая справа — для адпачынку. Калі я рамантую старыя машыны, то адчуваю самае натуральнае задавальненне ад самога працэсу, вырашэння розных праблем. Аўтамайстэрня для мяне — штодзённая праца, там я зарабляю грошы. Рэстаўрацыяй займаюся звычайна па выхадных, калі ніхто не адцягвае ўвагі. Грошы, заробленыя на асноўнай працы, ідуць на карысць майго захаплення.

12-8

Акрамя працы і свайго хобі, Уладзімір Пратасеня паспявае кіраваць цэнтрам «Аўтасвет». Разам з вучнямі Казловіцкай школы аўтааматар рэстаўруе і дэманструе тэхніку, а таксама перадае моладзі свае веды. Гараж, што знаходзіцца за будынкам школы, наведвае каля 20 хлопцаў. Летам, калі з гарадоў да сваіх бабуль і дзядуляў у Казловічы прыязджаюць унукі, іх становіцца яшчэ больш.

Наведнікі «Аўтасвету» займаюцца ўсім, што звязана з тэхнікай. Яны вучацца кіраваць матацыкламі, рамантаваць машыны, удзельнічаюць у выставах і спаборніцтвах па мотаспорце (напрыклад, па фігурным ваджэнні матацыкла), адпраўляюцца ў «паходы» на матацыклах. Уладзімір Адамавіч падтрымлівае энтузіязм і цікавасць дзяцей, прычым неабавязкова звязаныя з тэхнікай.

— З прапановай аб адкрыцці такога цэнтра я звярнуўся да адміністрацыі школы, калі зразумеў, што вясковай моладзі банальна няма чым сябе заняць, — прыгадвае Уладзімір Адамавіч. — Акрамя таго, мне заўжды здавалася, што адной з асноўных якасцяў нашага народа быў калектывізм, які сёння чамусьці пачаў знікаць. Вырашэнне дзвюх праблем бачылася мне ў адкрыцці цэнтра. У 2001 годзе мае планы ажыццявіліся. З таго часу праз «Аўтасвет» прайшло шмат маладых людзей. Некаторыя з іх звязалі сваё жыццё з тэхнікай.

Наведнік «Аўтасвету» Дзяніс КАВАЦКІ, вучань восьмага класа, пацвярджае словы педагога. У цэнтры ён займаецца ўжо два гады і цвёрда вырашыў паступаць у Мінскі каледж чыгуначнага транспарту.

Галоўнае, што прыцягвае юнакоў у цэнтр, — магчымасць самім папрацаваць з тэхнікай. Прычым не толькі адрамантаваць і «пакатацца», але і зрабіць нешта сваё. У гаражы «Аўтасвету» стаіць сабраны вучнямі «багі» — самаробная чатырохколавая каляска, падобная на карт. Каля яе адзін з найкаштоўнейшых экспанатаў аўтакалекцыі Уладзіміра Пратасені. ГАЗ-011 — ваенны аўтамабіль-амфібія, які быў створаны на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Па меркаванні Уладзіміра Адамавіча, такіх машын у свеце засталося не больш за пяць. Адна з іх — у Казловічах. Даглядам каштоўнага экспаната займаюцца, безумоўна, наведвальнікі «Аўтасвету».

На дзіва, рэстаўратару хапае часу і на сям'ю: Уладзімір Адамавіч выхоўвае дваіх дзяцей.

Аўтамайстэрня спадара Пратасені знаходзіцца на ўчастку, які належаў яго бацькам. Яе будынак Уладзімір Адамавіч узвёў сваімі рукамі, таму можна сказаць, што выключна веданнем тэхнікі ён не абмяжоўваецца. У час нашага прыезду тут рамантаваўся сучасны аўтамабіль. Затое вакол майстэрні былі «раскіданы» самыя розныя рарытэты савецкай і не толькі аўтапрамысловасці. У вочы адразу кінуўся знакаміты «козлік» (ГАЗ-69). Машына знаходзіцца ў рабочым стане і выкарыстоўваецца ў якасці «трактара». Калі трэба нешта хутка перацягнуць ці перавезці — на дапамогу прыходзіць «козлік».

Непадалёк — незвычайная «капейка», або ВАЗ-2101. Незвычайная яна не толькі тым, што знаходзіцца ў выдатным стане, але і тым, як да яе рэстаўрацыі паставіўся майстар. Гэтая машына будзе дакладнай копіяй аўтамабіляў, якія выкарыстоўваліся савецкай міліцыяй. Засталося толькі нанесці паверх жоўтай фарбы сінюю, усталяваць «мігалку» і паставіць аўтамабіль на ўлік.

Пад павеццю чакаюць свайго часу іншыя аўтамабілі. Сярод іх, напрыклад, ГАЗ-22 (фактычна, копія вельмі распаўсюджанай ГАЗ-21 «Волга», але ў гэтай мадэлі кузаў тыпу «ўніверсал»). Да рэстаўрацыі машыны яшчэ не прыступалі, але, па задумцы Уладзіміра Адамавіча, з яе атрымаецца карэта хуткай медыцынскай дапамогі (часцей за ўсё ГАЗ-22 у СССР выкарыстоўваўся менавіта ў такой ролі).

Ёсць тут і нямецкія «Фольксвагены» ды «Опелі», нават кабрыялет 1930-х гадоў, але да іх чарга пакуль што не дайшла. Машыны дастаюцца рэстаўратару цяжка: многія з іх ён у апошні момант літаральна ратаваў ад саміх гаспадароў, якія збіраліся аддаць рарытэты «на злом» або проста знішчыць для забавы (часта — дзецьмі і падлеткамі). Рэдкі з такіх экспанатаў даехаў да Казловічаў «сваім ходам»: большасць машын знаходзіцца ў крытычным стане. Усё кардынальным чынам змяняецца пасля таго, як машыне надае ўвагу спадар Пратасеня.

Па словах Уладзіміра Адамавіча, на поўную рэстаўрацыю аднаго аўтамабіля трэба ад трох да пяці гадоў. Пры гэтым даводзіцца набываць некалькі «донараў» — такіх жа машын у любым стане для разбору на запчасткі. На выхадзе атрымліваецца фактычна новы аўтамабіль — як знешне, так і пад капотам. Да некаторых з іх рэстаўратар знайшоў нават арыгінальныя дапаможнікі па эксплуатацыі. Сёння майстар мае ў калекцыі 10 гатовых аўтамабіляў.

Напэўна, найбольш цікавыя экспанаты знаходзяцца ў гаражы ў іншай частцы Казловічаў. Напрыклад, аўтамабіль пад назвай СМЗ, які ў народзе называлі «інвалідкай», або «маргуноўкай». Першае «прозвішча» машына атрымала за сваю спецыфікацыю: гэты аўтамабіль пераважна атрымлівалі інваліды Вялікай Айчыннай вайны. Другое сваё «народнае імя» СМЗ заслужыў паля выхаду на экраны кінакамедыі Леаніда Гайдая «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» — менавіта на ёй перасоўваліся Трус, Балбес і Бывалы. Па прозвішчы акцёра, Яўгена Маргунова, які сыграў ролю апошняга з тройкі, СМЗ і стаў «маргуноўкай».

Галоўнае, што прыцягвае юнакоў у цэнтр, — магчымасць самім папрацаваць з тэхнікай. Прычым не толькі адрамантаваць і «пакатацца», але і зрабіць нешта сваё. У гаражы «Аўтасвету» стаіць сабраны вучнямі «багі» — самаробная чатырохколавая каляска, падобная на карт.

Зусім побач — іншы аўтамабіль пасляваенных гадоў, ГАЗ М-20 «Перамога». З гэтым аўтамабілем звязана іншая знакамітая гісторыя. Быццам бы на этапе праекціроўкі да канструктараў з візітам прыехаў Іосіф Сталін. Генсек пахваліў працу інжынераў, а пасля спытаў пра назву будучага «флагмана» савецкага аўтапрама. ГАЗ М-20 планавалі назваць «Радзімай», на што Сталін, прыплюшчыўшы вочы, сказаў: «Ну, і па чым «Радзіму» прадаваць збіраецеся?» Пасля гэтага назву машыны нібыта і замянілі на «Перамогу».

Каля «Перамогі» блішчыць адноўленым кузавам ГАЗ-21 «Волга», які нават цяпер зрэдку можна сустрэць на дарогах Беларусі. Задуманая як замена састарэлай «Перамозе», «Волга» стала сапраўдным сімвалам усяго савецкага аўтапрама. За 15 гадоў з канвеера сышло больш за паўмільёна адзінак гэтай мадэлі і яе мадыфікацый. Машына таксама «засвяцілася» ў культавым кіно: гэта фільмы «Сцеражыся аўтамабіля» (менавіта ГАЗ-21 быў любімай здабычай «добрага злодзея» Юрыя Дзетачкіна) і «Брыльянтавая рука» (у якасці падробленага міліцэйскага таксі).

12-7

Тут трэба заўважыць, што Уладзімір Адамавіч з'яўляецца прыхільнікам не самага звычайнага паказу экспанатаў. Замест традыцыйнай для тэхнічных выстаў шыльдачкі з указаннем назвы мадэлі і яе характарыстык, майстар спрабуе перадаць атмасферу, «аўру» кожнай машыны. Напрыклад, пад капотам СМЗ схаваны дакладныя копіі шлема і цюбецейкі, якія героі Нікуліна і Маргунова насілі ў іншым фільме Гайдая — «Каўказская палонніца». Гэтыя атрыбуты разам з копіямі касцюмаў апранаюць на сябе навучэнцы цэнтра «Аўтасвет», калі машына выстаўляецца напаказ. Побач з ваеннымі аўтамабілямі звычайна стаяць падлеткі ў савецкай вайсковай форме, трымаючы ў руках муляжы зброі адпаведнага часу.

Насамрэч, у майстэрнях Уладзіміра Адамавіча знаходзяцца дзясяткі неверагодна цікавых сваёй гісторыяй экспанатаў. Прычым гэта не толькі аўтамабілі, а яшчэ і матацыклы, і веласіпеды, і нават рухавікі. З апошніх рэстаўратар плануе зрабіць асобную калекцыю, бо некаторыя экспанаты прэтэндуюць на званне сапраўднага «эксклюзіву». Як, напрыклад, рухавік, што працуе на сырой нафце.

Што датычыцца лёсу сваіх экспанатаў, спадар Пратасеня зазначае, што быў бы гатовы прадаць іх якому-небудзь з музеяў, але такіх прапаноў да яго не паступала:

— Праблема не ў грошах. Мне самому прыкра, што экспанаты прастойваюць без справы. Я з радасцю бясплатна перадаў бы свае машыны музейшчыкам на пэўны час, калі б мне маглі гарантаваць, што гэта будуць паўнавартасныя экспанаты, якім не змогуць нашкодзіць. На некаторых выставах па тэхніцы лазяць з нагамі, спрабуюць нешта пакруціць ці ўзяць дэталь на памяць...

На жаль, такія людзі, як Уладзімір Пратасеня, на вёсцы, хутчэй, выключэнне з правілаў. Казловічам пашанцавала: тут ёсць свой апантаны чалавек, які не толькі зарабляе аўтарытэт для вёскі і ўсяго раёна, але і выхоўвае маладое пакаленне.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Фота Надзеі БУЖАН.

Мінск — Слуцкі раён — Мінск.

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка пра Беларусь і Расію: Мы суверэнныя і незалежныя дзяржавы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы.

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.