Апошнія паўтара дзясятка гадоў Захад прыкметна актывізаваўся на геапалітычнай арэне з місіяй прасоўвання дэмакратыі з дапамогай войнаў і «каляровых» рэвалюцый. Разгледзім, да чаго гэта прыводзіць. Першай ахвярай «каляровай» рэвалюцыі стала Сербія. За мінулы час ад яе аддзялілася Чарнагорыя, пазбавіўшы краіну выхаду да сусветнага акіяна, і было адарвана Косава. Агульная эканамічная сітуацыя вымушае жадаць лепшага, у тым ліку з‑за сербаў-бежанцаў з Косава.
Наступнай краінай, якая патрапіла пад удар ЗША, стаў Афганістан. Пасля шматгадовай акупацыі ЗША пачалі выводзіць войскі, абвясціўшы, што краіна перайшла да дэмакратыі. І сапраўды, менавіта цяпер прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Толькі з выказваннем сваёй пазіцыі ў выбаршчыкаў былі праблемы: падчас галасавання адбылося 150 тэрактаў, 46 чалавек загінула, а больш за 7 мільёнаў чалавек адмовіліся галасаваць з‑за пагрозы іх жыццю. Калі такое адбываецца пры знаходжанні заходніх войскаў у краіне, то страшна ўявіць, што пачнецца, калі новы ўрад застанецца з талібамі сам-насам.
Наступнай мэтай аперацыі па насаджэнні дэмакратыі стаў Ірак. Амерыканцы заявілі, што не могуць дамовіцца з Садамам Хусэйнам (тым самым Садамам, якога забяспечвалі хімічнай зброяй падчас распачатай па іх прымусу вайны з Іранам) і ваенная атака проста неабходная. Як і на Афганістан, на ваенную авантуру было затрачана ад паўтара да двух трыльёнаў долараў. Як і ў Афганістане, тэракты сталі паўсядзённай рэчаіснасцю жыцця краіны. Багаты на нафту Курдыстан фактычна аддзяліўся ад Ірака, што выклікае сур'ёзныя апасенні ў краін-суседзяў, у якіх ёсць таксама вялікая колькасць курдаў. А з пачатку чэрвеня баевікі «Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта», структуры, шчыльна звязанай з Аль-Каідай, і зусім перайшлі ў наступленне на ўрадавыя войскі.
Тое, што адбываецца ў выніку, неверагодна: урадавае войска, на навучанне і забеспячэнне якога амерыканцы, па іх звестках, выдаткавалі дзясяткі мільярдаў долараў, імкліва адыходзіць, кідаючы новенькае ўзбраенне на полі бою. Масул і Тыкрыт захоплены, войскі паўстанцаў імкнуцца да Багдада. Амерыканцы адмаўляюцца ўводзіць войскі для дапамогі сяброўскаму ўраду з празаічнай нагоды — адсутнасці сродкаў у бюджэце на чарговую авантуру. Адзінай жа краінай, якая аказвае ваенную дапамогу іракскаму ўраду, стаў той самы Іран, які заходнія краіны дэманізуюць ужо чацвёртае дзесяцігоддзе.
Пасля пачатку шакіруючых падзей у Іраку міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў: «Гэта ілюстрацыя поўнага правалу авантуры, якую задумалі перш за ўсё ЗША і Вялікабрытанія і якую яны выпусцілі з‑пад кантролю канчаткова».
Наступнай краінай для заходніх эксперыментаў у 2003 годзе стала Грузія. Да ўлады ў выніку «каляровай» рэвалюцыі 2003 прыйшоў Міхаіл Саакашвілі. У 2012 годзе парламент, у якім прыйшлі да ўлады яго праціўнікі, афіцыйна абвясціў аб наяўнасці ў Грузіі 180 палітвязняў. На хвалі гэтых паведамленняў і жудасных відэакадраў з грузінскай турмы, дзе зняволеныя падвяргаліся сексуальнаму гвалту з боку наглядчыкаў, пераемнік Саакашвілі прайграў на выбарах апазіцыі і Грузія змяніла свой курс. Адным з вынікаў праамерыканскай улады стала таксама канчатковая страта Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля распачатай у 2008 годзе авантуры па іх вяртанні пры дапамозе ваенных сродкаў.
Наступнай краінай, дзе змаглі пад кіраўніцтвам Захаду правесці паспяховую «каляровую» рэвалюцыю, стала ў 2004 годзе Украіна. Вынікі мы з жахам назіраем і сёння: у лютым адбылася ўжо другая «каляровая» рэвалюцыя, непасрэдным вынікам якой стала адразу больш за сотню ахвяр і страта Крыма, а Украіна перайшла ў стан грамадзянскай вайны, з якой невядома калі выйдзе.
Калі па выніках гэтага года ўкраінская эканоміка ўпадзе толькі на пяць працэнтаў, гэта ўжо будзе вялікім поспехам. Для тых, хто не стане чарговай ахвярай з сотняў грамадзян краіны, якія ўжо загінулі ў выніку ваеннага супрацьстаяння.
У 2011 годзе ў выніку «дэмакратычных арабскіх рэвалюцый» да працэсу перабудовы па заходніх мерках прыступілі яшчэ некалькі краін. Для Егіпта гэты працэс ужо скончыўся: вайскоўцы, якія стаміліся ад хаосу, захапілі ўладу і зноў паставілі на чале краіны свайго прадстаўніка. У Лівіі сітуацыя катастрафічная: краіна фактычна распадаецца на ўдзельныя княствы, уладныя структуры паралізаваныя, аб ранейшым узроўні жыцця насельніцтву застаецца толькі марыць. Жыхары ж Сірыі заплацілі ўжо велізарную цану за супраціў заходнім планам прывесці да ўлады падкантрольны амерыканцам урад і, поўныя рашучасці, супраціўляюцца і далей.
Хто расплачваецца за авантуры Захаду, досыць відавочна. Перш за ўсё, гэта жыхары саміх краін, якія сталі аб'ектам эксперыментаў заходніх дзяржаў па ваенным умяшанні і «каляровых» рэвалюцыях «з мэтай пераходу да дэмакратыі». Іх жыццёвыя перспектывы зніжаюцца, яны гінуць у выніку сутыкненняў з барацьбітамі за ўладу або з тымі, хто прэтэндуе на сепаратны выхад з дагэтуль адзінай краіны, пакутуюць ад тэрактаў, часта вымушаны пакідаць сваю радзіму і жыць у галечы на чужыне.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.