Вы тут

«Стаць Чалавекам з вялікай літары»


Сяргей Мінскевіч, літаратар, кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі:

— Васіль Быкаў найперш цікавы тым, што ён пісаў праўду. Пісаў тое, што ён перажыў сам, таму ведаў і хацеў зрабіць псіхалагічны аналіз сваіх герояў: што яны перажылі, дзе мяжа чалавечнасці, а дзе — нечалавечнасці. Таму што ён пісаў пра вайну, дзе людзі былі ў нечалавечых умовах. Гэтыя ўмовы на іх зваліліся — ніхто сам такога не шукаў. І вось ён разважаў, як чалавек можа ці выжываць, ці загінуць у такіх умовах. Таму Быкаў — фактычна даследчык душы чалавека. І гэтым ён цікавы не толькі для Беларусі, а для ўсяго свету, бо выказаў у творах досвед, які меў сам. Досвед — як папярэджанне іншым, як глыбокае веданне таго, што можа адбывацца з чалавекам.

— У савецкі час, калі было больш жывых сведкаў вайны, кнігі Быкава былі вельмі запатрабаваны. Сучаснае маладое пакаленне выхоўваецца ў іншых умовах. Але наколькі цікавыя яму такія кнігі?

— Цяперашняй моладзі вельмі цяжка чытаць сур'ёзныя кнігі, таму што ў яе вельмі мала часу: цяпер з'явіліся інтэрнэт, усе хочуць чытаць тое, што выкладзена ў сацыяльных сетках сябрамі ці на сайтах. І нават калі шмат напісана ў посце, то гэта ўжо выклікае цяжкасці: маўляў, «шмат літар». Але ў жыцці нават такой шалёнай хуткасці заўсёды знойдуцца людзі, якія цікавяцца, якім трэба пазнанне — ад псіхалагічнага да гістарычнага. Таму што вайна — гэта гістарычная тэма. Для ўдумлівай моладзі сур'ёзная літаратура заўсёды цікавая. Ёсць такія даследаванні, што класічнай літаратурай цікавіцца 5-7 працэнтаў насельніцтва. Цікавасць ёсць, ёсць цікавасць да Быкава. Я лічу, што нашых аўтараў трэба папулярызаваць — рабіць канферэнцыі, фестывалі, тэматычныя ўрокі. Трэба паказваць людзям такую літаратуру, бо яна не толькі выхоўвае, але і дапамагае рабіць самааналіз. Калі чалавек час ад часу робіць самааналіз, то ён працуе над сабой, удасканальвае сваю душу, каб стаць Чалавекам з вялікай літары.

Выбар рэдакцыі

Памяць

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Незвычайны лёс чэрыкаўскага падпольшчыка Івана Дзенісенкі

Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.

Рэгіёны

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

Селішчынскі ФАП цяпер аказвае дапамогу па новым адрасе

У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.