Школьнік з Маладзечна дапамог першакласніку, які тануў
Вучань 11 класа Маладзечанскай сярэдняй школы №14 Уладзімір Грахоўскі выратаваў першакласніка, які ледзь не патануў у Заходняй Бярэзіне. За гэты высакародны ўчынак старшыня раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах Мікалай Паўлуша ўручыў хлопцу грамату і грашовую прэмію ў прысутнасці школьных сяброў, педагогаў.
У той дзень Уладзімір прыехаў разам з бацькамі на лецішча, што знаходзіцца ў вёсцы Падбярэзь Валожынскага раёна.
— Мама паслала мяне па неадкладнай справе. Па дарозе я сустрэў сваіх былых аднакласнікаў, з якімі нейкі час вучыўся ў Падбярэзскай школе. Разгаварыліся. Калі падыходзілі да ракі, пачулі крыкі: «Лёшка ўпаў!» Лёша — наш сусед па лецішчы, закончыў першы клас. У тым месцы над вадой схіляюцца дрэвы з магутнымі каранямі. Дзеці вельмі любяць па іх лазіць. Відаць, малы не ўтрымаўся і зваліўся ў ваду. А можа забаўляўся на бетонных плітах пад дамбай, што перакрывае раку...
На беразе было шмат дзяцей рознага ўзросту, у тым ліку і равеснікі Уладзіміра. Але ніхто не паварушыў пальцам, каб кінуцца на дапамогу хлопчыку. Наадварот, як потым расказалі Уладзіміру, старэйшыя хлопцы нават смяяліся. Відаць, іх развесяліла тое, што малы кульнуўся ў ваду і нязграбна боўтаўся там.
— Становішча ўскладнялася і тым, што моцная плынь зносіла малога да дамбы, а ён нават плаваць не ўмее, — згадвае мой суразмоўца. — Не марудзячы, я ступіў у раку: думаў, дайду да малога. Але аказалася, што там глыбока: пры маім росце ў 180 сантыметраў я не адчуў нагамі дна. Давялося плыць дзесьці 7 метраў. Ухапіў Лёшку і паставіў на пліту, а ён зноў зваліўся ў ваду. І толькі калі выцягнуў на бераг, супакоіўся. Лёша адкашляўся, на мае пытанні адказваў адэкватна.
Дзякуй Богу, дапамога медыкаў не спатрэбілася. Страшна падумаць, што б было, калі б Уладзімір не аказаўся ў той час у тым самым месцы...
— А ты не думаў, што, ратуючы малога, ты рызыкуеш сваім жыццём? — пацікавілася ў хлопца.
— Думаў толькі пра адно: дастаць Лёшу, — адказвае Уладзімір.
— Бацькі, калі даведаліся пра твой учынак, не сварыліся: маўляў, навошта палез у ваду, сам жа мог патануць? — дапытваюся.
— Ды я ім нічога не сказаў пра той выпадак. Але ў вёсцы нічога нельга ўтаіць. Дзеці расказалі сваім матулям, тыя — маёй. Дырэктар школы, дзе вучыцца Лёша, патэлефанаваў дырэктару маёй школы, класны кіраўнік паведаміла ў таварыства выратавання на водах.
— А твая дзяўчына, відаць, таксама ганарыцца, што мае такога сябра...
— У мяне пакуль няма дзяўчыны. Не да гэтага: праходжу тэсціраванне, наперадзе паступленне.
— А куды думаеш паступаць?
— Сакрэт, — сказаў ён, як адрэзаў.
Адчуваецца, што Уладзімір сапраўды вельмі сціплы, нічога не робіць для паказухі, каб яго хвалілі. Мне таксама давялося з яго літаральна выцягваць кожнае слова.
Дадам, што хлопец вучыўся ў ваенна-патрыятычным класе, ды і бацькі, Ганна Вячаславаўна і Міхаіл Мікалаевіч, заўсёды вучылі сына быць добрым, спагадлівым, дапамагаць людзям.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.