Вы тут

Ліхалецце ў лёсе Песняра


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 2.07.2014 г.

________________________________________________________________________

Выстаўка “Дарогамі вайны”, прымеркаваная да 70-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

Колас

 

Ваенныя гады — асобная старонка творчасці Песняра: ён удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Фашысцкая навала забрала сына Юрыя. Асабістым унёскам паэта ва ўсенародную барацьбу сталіся зборнікі вершаў «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (1942), «Адплата» (1946), а таксама публіцыстычныя артыкулы, адлюстраванне ў творчасці трагедыі роднай зямлі, услаўленне мужнасці і самаахвярнасці свайго народа.

Дырэктар музея Зінаіда Камароўская зазначыла, што дом, дзе да вайны жыў Якуб Колас, знаходзіўся на месцы сённяшняга Цэнтральнага дзіцячага парку імя Максіма Горкага. Той будынак згарэў яшчэ ў першыя дні вайны, і пісьменнік змог вярнуцца ў Мінск толькі ў 1944-м.

Падчас адкрыцця выстаўкі галоўны дырэктар радыё “Беларусь”, паэт Навум Гальпяровіч падкрэсліў: пяру Песняра належаць пранізлівыя радкі пра сваю краіну. У гэты дзень гасцінны дом Коласа таксама наведалі старшыня ваенна-шэфскай камісіі СПБ і Міністэрства абароны, кіраўнік студыі ваенных пісьменнікаў Яўген Каршукоў, паэт, удзельнік літаб’яднання “Доблесць” Леанід Лукша і кіраўнік студыі ваенных мастакоў Мікалай Апіёк.

Галоўны захавальнік фондаў музея Таццяна Макаранка заўважыла: у ліку найбольш цікавых экспанатаў выстаўкі — знойдзены на папялішчы кубак з даваеннага дома Якуба Коласа, а таксама партрэт Песняра, напісаны з натуры ленінградскай мастачкай Таццянай Жырмунскай у Ташкенце 3 лістапада 1942 года, у 60-гадовы юбілей паэта.

Прадстаўлены тут і ўнікальны сігнальны экзэмпляр паэмы “Новая зямля”, атрыманы аўтарам якраз напярэдадні Вялікай Айчыннай, — у маі 1941-га. Друкарскія гранкі твора падчас вайны былі знішчаны акупантамі.

На выстаўцы можна таксама пабачыць ілюстрацыі мастакоў-графікаў Яўгена Ціхановіча, Віктара Данільчыка, Сямёна Геруса.

Адметна, што творчасць Песняра вядомая далёка за межамі Беларусі: сярод першых наведвальнікаў экспазіцыі, якую складаюць арыгіналы фотаздымкаў, рукапісаў, а таксама асабістыя рэчы Якуба Коласа, былі маладыя прадстаўнікі Венесуэлы.

Выстаўка ў Коласавым доме працягнецца да 19 ліпеня.

Яна ЯВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».