Вы тут

Вучаць мужнасці


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 2.07.2014 г.

________________________________________________________________________

Па ўсёй краіне працягваецца рэспубліканская акцыя “Лета з добрай кнігай”, заснаваная Міністэрствам інфармацыі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, “Белкнігай”, Выдавецкім домам “Звязда” і выканаўчымі камітэтамі рэгіёнаў краіны. Днямі яна прайшла ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лідар”.

мужнасць

Сярод тых, хто актыўна спрычыніўся да работы са школьніцтвам падчас канікул, — і Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. На сустрэчу з юнымі чытачамі прыехалі паэты Рагнед Малахоўскі, Таццяна Атрошанка, публіцыст Алена Стэльмах.

“Лідар” — не проста лагер адпачынку, а ўнікальны адукацыйны і выхаваўчы праект Мінскага гарвыканкама. Летам тут працуе чатыры змены, у час якіх рэалізуюцца самыя розныя праекты, скіраваныя на развіццё ў дзяцей цікаўнасці да спорту, здаровага ладу жыцця, грамадзянскай актыўнасці, авалодвання педагагічным і культурна-асветніцкім досведам. Таму невыпадкова арганізатары акцыі “Лета з добрай кнігай” — прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, “Белкнігі” і выдавецкай сферы, пісьменнікі — прыехалі менавіта ў “Лідар”, які месціцца ў маляўнічай лясной зоне, непадалёку ад Мінска, у самы пярэдадзень 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да ўвагі юных чытачоў, арганізатараў педагагічнай і выхаваўчай работы Мінінфарм і Выдавецкі дом “Звязда” разгарнулі кніжную выстаўку.

Сустрэчу з юнымі чытачамі, у падарунак якім выдаўцы, дарэчы, прывезлі і камплект кніг-навінак, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны, адкрыў ветэран Уладзімір Пятровіч Галаўнюк. Гвардыі падпалкоўнік у адстаўцы, ён прайшоў шматлікімі франтавымі дарогамі. Пра гэта сведчаць узнагароды: ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ступеней, медаль “За баявыя заслугі”… Уладзімір Пятровіч ваяваў у Сталінградзе, на Курскай дузе, вызваляў Беларусь, паспеў паўдзельнічаць і ў вайне з японцамі ў Маньчжурыі. Тройчы паранены. Адзін асколак і цяпер носіць пад грудзьмі. Але не толькі да ўласнай памяці пра вайну звяртаўся франтавік, выступаючы перад моладдзю. Ён распавёў, што значылі для яго веды, кніга, якіх герояў мастацкіх твораў захавала яго свядомасць.

Вітаючы хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сабраліся ў “Лідары”, міністр інфармацыі Лілія Ананіч распавяла пра тое, што робіцца ў краіне па захаванні гістарычнай памяці. Назвала кнігі, якія прыйшлі да чытача ў апошні час і прысвечаны Вялікай Айчыннай: “Партызанская зброя”, “Вечны агонь Перамогі”, “Обаль” Алеся Савіцкага, “Генерал Корж. Невядомыя старонкі” Мікалая Смірнова, “Вайна — самы страшны грэх” Таццяны Падаляк, “Пеўчыя 1941-га года” Георгія Марчука… Пад вокладкай кожнай з іх — не толькі інфармацыя пра герояў і подзвігі, у мастацкіх, публіцыстычных адкрыццях аўтараў пакуты і трагедыі, мужнасць і гераізм нашых папярэднікаў. І пра гэта нельга забывацца. Іначай наша краіна, усе мы станем шматкроць бяднейшыя.

— Калі азірнуцца вакол, заўважаеш, якая напружаная сітуацыя ва ўсім свеце, у нашых суседзяў, — падзяліўся сваімі развагамі на сустрэчы ў “Лідары” намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Ігар Карпенка. — Лічу, што гэта адбываецца ў многім і таму, што шмат хто забыўся на досвед Вялікай Айчыннай вайны. Нядаўна мы адкрывалі помнік у Трасцянцы, столькі ўсяго трагедыйнага было вернута з забыцця… Ці стане гэта напамінам пра ўрокі Другой сусветнай вайны для ўсіх краін Еўропы?.. Адказ на пытанне залежыць ад няпростых працэсаў выхавання грамадства… Прыемна, што кніга і юнага чытача прымушае задумацца пра сур’ёзныя, знакавыя ў выхаванні чалавека і грамадства рэчы. Створаны зусім нядаўна, адукацыйна-аздараўленчы цэнтр збірае крэатыўнае, скіраванае да актыўнай грамадскай дзейнасці школьніцтва. І калі тая ці іншая кніга западзе ў душы і сэрцы, стане часткай іх свядомасці, можна смела разлічваць, што ў той кнігі ў нашай краіне ёсць будучыня. Мне здаецца, што менавіта “Лідар” мог бы стаць пляцоўкай для дзейснай творчай лабараторыі юных журналістаў, паэтаў і празаікаў. Досвед журналісцкай, літаратурнай творчасці — хіба гэта не важна для людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй? Спадзяюся, што з увагай да такой пастаноўкі пытання паставяцца і ў Саюзе пісьменнікаў краіны, і ў Інстытуце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Найперш — у выданнях дзіцячых і маладзёжных. Спадзяёмся на актыўнасць у стасунках са школьнікамі ў “Лідары” і часопісаў “Маладосць”, “Бярозка”, газеты “Чырвонка. Чырвоная змена”…

Акцыя “Лета з добрай кнігай” працягваецца. У Мінску і Мінскай вобласці, у іншых рэгіёнах краіны. Пісьменнікі часта сустракаецца з юнымі чытачамі. А ў бібліятэкі прыходзяць новыя выданні. Досвед мінчан у пашырэнні прасторы чытання, спадзяёмся, будзе заўважаны і калегамі-літаратарамі на Віцебшчыне, Берасцейшчыне, Магілёўшчыне ды ў іншых кутках Беларусі.

Сяргей ЗАЛАМАЙ

Фота Любові Бяляевай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?