На Магілёўшчыне вытворцы малака змогуць самастойна вызначацца з коштам і пакупнікамі сваёй прадукцыі, а ўсе пляцоўкі па вытворчасці цэментнай прадукцыі будуць аб'яднаны пад адным кіраўніцтвам.
Учора Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці. Прэзідэнт наведаў сыраробны завод у Бялынічах, які ўваходзіць у структуру холдынга «Бабуліна крынка», паведамляе БЕЛТА. Падчас паездкі абмяркоўвалася работа па многіх кірунках сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся нарыхтоўкай кармоў, правядзеннем меліярацыйных работ у Магілёўскай вобласці. Прэзідэнту была прадстаўлена інфармацыя аб дынаміцы развіцця ў рэгіёне галіны малочнай жывёлагадоўлі, рэканструкцыі малочнатаварных ферм. На апошні аспект кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу, падкрэсліўшы, што ўсе работы неабходна завяршыць у гэтым годзе.
У час наведвання Бялыніцкага сыраробнага завода Прэзідэнт даў даручэнне ў парадку эксперыменту прадаставіць права вытворцам малака ў Магілёўскай вобласці самастойна вызначацца з коштам і пакупнікамі сваёй прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта дасць магчымасць сельгаспрадпрыемствам свабодна і без дыктату з боку аблвыканкама вырашаць, якому перапрацоўшчыку і на якіх умовах прадаваць малако. «Выйграеш ты — значыць, усё тваё малако ў Магілёўскай вобласці. І ніхто нас не папракне. Мы свабодна далі магчымасць узяць сыравінную зону», — сказаў беларускі лідар.
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што магчымасць падобнага новаўвядзення разглядалася на прадмет яго ўкаранення ў краіне ў цэлым, але пакуль эксперымент вырашана правесці ў адной вобласці.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці стварэння глебы для карупцыі сярод кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў — вытворцаў малака. Прэзідэнт дадаў, што адпаведныя ўзаемаадносіны ў новых умовах паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкамі малака павінны выбудоўвацца выключна на празрыстых рынкавых умовах.
У час даклада кіраўніку дзяржавы аб рабоце прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці зайшла гаворка пра неабходнасць больш эфектыўнай працы з кадрамі і недапушчэнні ў гэтым пытанні цяганіны. Губернатар Пётр Руднік патлумачыў дрэнныя паказчыкі фінансава-эканамічнай дзейнасці на некаторых з іх менавіта наяўнасцю кадравых праблем. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў шэраг канкрэтных даручэнняў і падкрэсліў, што сфера адказнасці губернатара распаўсюджваецца на ўсе прадпрыемствы ў галіне, а не толькі на тыя, што адносяцца да камунальнай уласнасці.
Прэзідэнт прызнаў, што ў краіне на розных узроўнях склалася праблема ў кадравым пытанні пры пошуку вартых кандыдатур на замяшчэнне тых ці іншых вакантных пасад. Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што недахопу ў вартых людзей няма, а проста неабходна своечасова і мэтанакіравана вызначаць кола магчымых пераемнікаў на адказных пасадах.
Кіраўнік дзяржавы ў час рабочай паездкі таксама нагадаў адказным чыноўнікам аб жорсткім патрабаванні па аднаўленні ў Беларусі ранейшых аб'ёмаў вытворчасці свініны. Прэзідэнт падкрэсліў, што адпаведную работу неабходна завяршыць у першым квартале 2015 года. Ён таксама папярэдзіў аб адказнасці, аж да крымінальнай, калі на свінакомплексах не будуць прыняты неабходныя меры па санітарнай абароне.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся працай мясакамбінатаў і загрузкай іх вытворчых магутнасцяў. Ён даручыў пры неабходнасці разглядаць магчымасць увозу неабходных аб'ёмаў сыравіны з‑за мяжы, каб дазагрузіць гэтыя прадпрыемствы.
Гаворачы аб маючай адбыцца ўборачнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць высокую эфектыўнасць падчас уборкі збожжа новага ўраджаю: «Сёлета ўборка будзе як ніколі «ваеннай». Хлеб вырас выдатны, і яго трэба ўбраць да грама», — сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт папярэдзіў, што павышаная ўвага да ходу ўборачнай кампаніі будзе і з боку кантралюючых органаў.
Кіраўніку дзяржавы было даложана таксама аб планах аб'яднаць пад адным кіраўніцтвам усе пляцоўкі па вытворчасці цэментнай прадукцыі ў Магілёўскай вобласці. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік прапанаваў стварыць дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне «Беларускі цэментны завод», куды ўвойдуць аднайменнае адкрытае акцыянернае таварыства ў Касцюковічах з філіялам у Клімавічах па вытворчасці вапны і кармавога мелу, а таксама дзве вытворчыя пляцоўкі ў Крычаве. У якасці кіраўніка гэтага аб'яднання Пётр Руднік прапанаваў свайго першага намесніка Уладзіміра Кісялёва, які раней узначальваў Беларускі цэментны завод.
Кіраўнік дзяржавы адобрыў адпаведныя планы. «Добра, заўтра няхай прыступае», — сказаў Прэзідэнт.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.