У абменніку вы маеце права праверыць купюру і патрабаваць яе абмену на іншую
Адна наша чытачка нядаўна сутыкнулася з праблемай пры абмене беларускіх рублёў на расійскія. Дзяўчыне трэба было купіць пэўную суму «драўляных» і адправіць пераводам у Расію. Спачатку яна набыла неабходную колькасць валюты ў абменніку, а потым панесла грошы ў іншы банк, каб зрабіць перавод. Але адну купюру ў дзяўчыны не ўзялі, спаслаўшыся на тое, што яна засвечваецца на ўльтрафіялеце. Іншымі словамі, банкнота, відаць, была некалі пад хімічным уздзеяннем. Што ж цяпер рабіць?
Калі б размова ішла аб пашкоджанні айчыннай купюры, то праблем ніякіх — у структурных падраздзяленнях Нацыянальнага банка і іншых банках краіны можна абмяняць старыя, пашкоджаныя альбо «засвечаныя» банкноты на новыя. Усю інфармацыю аб парадку такога абмену можна знайсці на сайце Нацыянальнага банка Беларусі nbrb.by ў раздзеле «Банкноты і манеты».
Але ж тут замежная валюта. Няхай нават і суседняй краіны. «Не трэба думаць, што Нацыянальны банк нясе адказнасць за ўсе валюты. Калі вы набываеце тую ці іншую замежную валюту, то згаджаецеся на пэўную рызыку», — гаворыць Віктар Сасноўскі, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абарачэння Нацыянальнага банка.
Аказваецца, што ў кожнага банка розныя прыкметы плацежнасці купюр. Нехта возьме пацёртую ці троху «засвечаную», а нехта — не. І гэта, паводле слоў спецыяліста, лічыцца нармальным, таму што ўся замежная валюта мае своеасаблівыя прыкметы. За іх нясе адказнасць Цэнтральны банк той краіны, дзе грошы былі выпушчаны ў абарачэнне.
Аднак дрэнную купюру ў дзяўчыны не ўзялі назад у абменніку. «А вось гэта ўжо самавольства, — тлумачыць Віктар Сасноўскі. — Але амаль немагчыма даказаць, што вы набылі менавіта гэтую купюру ў пэўным абменніку». А значыць, трэба заўсёды быць пільнымі. Спецыяліст раіць пераправяраць усё не адыходзячы ад касы. Касір не ў праве адмовіць прасвяціць па вашай просьбе ва ўльтрафіялеце банкноты і замяніць тыя, якія будуць дрэннымі.
«Калі ўжо вы набылі пашкоджаную купюру, то проста наведайце абменнікі розных банкаў. Ва ўсіх адрозніваюцца крытэрыі, а значыць, у нейкім могуць прыняць гэтыя грошы», — лічыць Віктар Сасноўскі.
------
Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма і ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомікі» ці па тэлефоне 8 017 292 38 02.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы.
«У школе можна цалкам рэалізаваць сябе».
Яна ўмее разглядзець у лініі ракі вечнасць – вобраз з яе верша.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.