Як арганізоўвалі свае дыверсіі партызаны? Якімі сакрэтамі валодалі майстры-збройнікі? Што рабілі дзеці ў партызанскіх атрадах і якім быў першы парад народных мсціўцаў?..
У дні святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэлеканал «Мір» прэзентаваў новыя серыі праекта «Партызанскі край», які ўпершыню ўбачыў свет два гады таму. На працягу некалькіх дзён гледачы краін Садружнасці даведваліся пра ўсё новыя і новыя факты аб развіцці народнага супраціўлення акупантам у гады Вялікай Айчыннай вайны — беспрэцэдэнтнай з'явы не толькі ў гісторыі Беларусі, але і ўвогуле ў сусветнай гістарыяграфіі.
Як паказалі здымкі тэлефільмаў, партызанская тэма па-ранейшаму застаецца невычэрпнай. Раскрываюцца невядомыя дэталі партызанскага руху, падрабязней расказваецца пра найбольш яркія эпізоды з жыцця народных мсціўцаў, сваімі ўспамінамі дзеляцца сведкі і ўдзельнікі тых падзей. Што яшчэ цікавага можа паведаміць рэспубліка-партызанка і наколькі важна рабіць такія падрабязныя экскурсы ў гісторыю, мы даведаліся ў выканаўчага прадзюсара прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі, рэдактара праекта Генадзя САЛДАТАВА (на фота).
— Генадзь Васільевіч, ці не 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала перадумовай таго, што праект «Партызанскі край» атрымаў працяг?
— Ідэя аб стварэнні тэлефільмаў нарадзілася яшчэ ў 2012 годзе. Мы хацелі зрабіць вялікі цыкл, дзе меркавалі расказаць пра партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі. Прычым расказаць па-сучаснаму, каб гэта было цікава моладзі. Адсюль — і трохі незвычайны фармат. Мы быццам паказваем кіно ў кіно. Распавядаючы, як творчая група (журналіст, аператар, гісторык) вывучае тэму. Знята ўжо 15 серый, і на гэтым мы наўрад ці спынімся. Тэма неабсяжная, змяшчае шмат цікавага, аб чым хочацца данесці шырокай аўдыторыі. Вядома, першапачаткова мы планавалі, што канкрэтныя серыі цыкла будзем паказваць у перыяд святкавання памятных дат: вызвалення Беларусі, дня, калі пачалася аперацыя «Баграціён».
— Адкуль у апошні час такая цікавасць да партызанскай тэмы?
— Тэма ўсенароднай барацьбы з ворагам, як і ўвогуле тэма вайны, — сувязнае звяно паміж пакаленнямі. Тое, на чым павінна выхоўвацца моладзь, тое, чаго ў нас не адняць. Мы аб гэтым заўсёды гаварылі, увесь час памяталі. Проста большую ўвагу надавалі іншым падзеям: абароне Брэсцкай крэпасці, супрацьстаянню пад Магілёвам, той жа аперацыі «Баграціён». Але, між іншым, такога народнага супраціўлення ворагу, як у Беларусі, больш нідзе не было ў свеце! Менавіта на нашай зямлі адбылася самая грандыёзная партызанская дыверсія ў гісторыі Другой сусветнай вайны.
— Вы маеце на ўвазе нешта канкрэтнае?
— Размова ідзе аб дыверсіі, якую здзейсніў Фёдар Крыловіч у 1943 годзе ў Асіповічах. Галоўная падзея на фронце — Курская бітва. І вельмі важна ў гэты час не даць ворагу падвозіць туды тэхніку, боепрыпасы... Падпольшчыку, якому на той момант было 26-27 гадоў, перадалі дзве міны з партызанскага атрада «Храбрацы». Іх ён устанавіў на эшалоне ворага: адну паставіў у пачатку чыгуначнага саставу, другую — у канцы. Міны павінны былі падарвацца праз дзве гадзіны. Але адбылося тое, чаго нават не чакалі. За гэты час на станцыю прыгналі яшчэ тры эшалоны з бое-
прыпасамі і тэхнікай. У адным з іх нават знаходзіліся навейшыя танкі «Тыгр». Іх было каля 30 — прыблізна столькі нямецкая прамысловасць выпускала за месяц. І ўсё гэта ўзляцела ў паветра! На працягу цэлага дня ўсё ўзрывалася. Як расказваюць сведкі, калі яны крыху пазней прыйшлі паглядзець на тое, што там адбывалася, то ўбачылі, як вагонныя калёсы і іншыя дэталі ляталі ў паветры, іх адкідвала на дзвесце метраў.
— Якім быў далейшы лёс героя?
— На наступны дзень Крыловіч пайшоў у партызанскі атрад, дзе знаходзіўся да канца вайны. У 1949 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Леніна. Але звання Героя Савецкага Саюза яму так і не далі.
— Як і многім іншым партызанам. Некаторыя з іх нават былі прадстаўлены да запаветнай зоркі, але так яе чамусьці не атрымалі...
— Аналагічная гісторыя і з прывядзеннем у выкананне забойства гаўляйтара Кубэ. Вядома, за здзяйсненне гэтай акцыі некалькі чалавек атрымалі званне Героя. Аднак прэтэндавалі на высокую ўзнагароду і іншыя: НКУС, разведка... Ніяк не маглі разабрацца, хто ўсё ж такі ў гэтай дыверсіі быў галоўным: той, хто перадаў міну ці хто яе закладваў; а можа, той, хто ўсё гэта арганізаваў?
Што тычыцца Крыловіча, то існуе два меркаванні, чаму ён усё-такі не атрымаў галоўную ўзнагароду. І ў гэтай гісторыі ніяк не маглі падзяліць лаўры перамогі: арганізатараў дыверсіі было некалькі. А вось у людзей, якія асабіста ведалі Крыловіча, — іншая версія. Аказваецца, што падчас аднаго з баёў ён трапіў у нямецкі палон, з якога потым збег. А Героем Савецкага Саюза не мог стаць чалавек з такой плямай у сваёй біяграфіі. Каб разабрацца, што адбылося на самой справе, трэба вельмі глыбока капаць. Але наўрад ці сёння ўжо можна нешта высветліць.
— Тым не менш у вашых праграмах нямала эксклюзіўнай інфармацыі, у некаторым сэнсе нават сенсацый.
— Асаблівасць нашага праекта ў тым, што мы не проста расказваем аб партызанскім руху. Кожная серыя прысвечана пэўнай тэме. Напрыклад, медыцына ў партызанскіх атрадах, зброя — чым ваявалі, як, дзе бралі. Ці зямлянкі: якім чынам будавалі, у якіх месцах, асаблівасці пражывання ў зямлянках. У адной з праграм расказвалі пра сувязь партызанаў з царквой. Адносіны былі дастаткова складанымі. Але ў той жа час ёсць яркія прыклады, калі свяшчэннаслужыцелі актыўна дапамагалі партызанам. Некаторыя нават пасля вайны былі ўзнагароджаны медалямі.
— Адкуль вам вядомыя такія дэталі? Відаць, у творчай групы праекта нямала экспертаў?
— Безумоўна. У пытаннях, якія тычацца гісторыі, у першую чаргу, нам дапамагаюць прафесіяналы. Без працы з гісторыкамі не адбыўся б, напэўна, ні адзін тэлефільм. Натуральна, дапамагаюць нам і супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Забяспечваюць нас ілюстрацыйным матэрыялам, музейнымі экспанатамі... Нешта знайсці сёння вельмі складана. Калі мы, напрыклад, стваралі серыю аб партызанскай зброі, у музеі нам расказалі пра збройнікаў-умельцаў, прадаставілі фотаздымкі гэтых людзей, паказалі самі экспанаты, унікальныя па сваёй сутнасці. Вядома, што ў партызанскіх атрадах не толькі рамантавалі зброю, але і рабілі новую, якая нават часам пераўзыходзіла заводскія ўзоры. Пра гэта мы таксама расказваем гледачам.
— Адна з вашых серый прысвечана дзецям...
— Так, мы расказалі, чым яны займаліся ў партызанскіх атрадах, як дапамагалі дарослым. Не забыліся і пра лясныя школы. Таксама паказалі іншы бок праблематыкі. Вядома, моладзь — найбольш актыўная частка насельніцтва. І, натуральна, калі на нашу зямлю прыйшлі акупанты, яны задумаліся над тым, каб прыцягнуць на свой бок маладое пакаленне. Не сакрэт, што немцамі быў арганізаваны Беларускі саюз моладзі. Аднак факт застаецца фактам: яна туды ісці не хацела. Але часам была вымушана... Чаго ўтойваць: не хапала ежы, не кажучы ўжо пра адзенне і абутак. А тут ім усё арганізавалі. Калі ж казаць пра маштабы, то, безумоўна, большасць моладзі знаходзілася ў партызанскіх атрадах, дзе складала значную частку народных мсціўцаў. Гэта былі і юнакі, якія толькі скончылі 10 класаў, і зусім падлеткі.
— Колькі партызанскіх атрадаў дзейнічала на тэрыторыі Беларусі! Няўжо ў межах некалькіх серый магчыма ўсе ахапіць?
— Мы выбіраем найбольш яркія падзеі, звязаныя з гэтай тэмай. Напрыклад, што тычыцца тэлефільма пра дзяцей, то і тут была адметная гісторыя. У гады вайны ў Полацку знаходзіўся дзіцячы дом — каля двухсот выхаванцаў. Іх не паспелі эвакуіраваць. А немцы, як вядома, паўсюдна на тэрыторыі Беларусі збіралі дзяцей для таго, каб яны сталі донарамі. Іх планавалі адправіць у канцлагеры Германіі. Пра гэта даведаліся партызаны, з якімі быў звязаны дырэктар дзіцячага дома. Ён і ўгаварыў каменданта, каб выхаванцаў спачатку адправілі ў вёску. Маўляў, у вёсцы прасцей з харчаваннем, дзеці набяруцца сіл... Пераканаў. Гэта быў план па выратаванні дзяцей. Пасля партызаны адводзілі дзяцей з вёскі ў лес, а затым — у партызанскую зону. На возеры Вячэлле, што пад Ушачамі, размяшчаўся партызанскі аэрадром. Адтуль самалётамі і адпраўлялі выхаванцаў на Вялікую зямлю. Падчас апошняга рэйса самалёт, на якім ляцелі дзеці, атакавала нямецкая авіяцыя. Ён загарэўся. І невядома, якім чынам лётчыку Аляксанду Мамкіну, у якога гарэлі і рукі, і ногі, удалося пасадзіць падпаленую машыну на савецкай тэрыторыі. Усе пасажыры самалёта засталіся жывымі. Адважны лётчык загінуў праз некалькі дзён...
Пра падрабязнасці гэтага подзвігу нам расказалі сведкі тых падзей, якія былі ў тым самалёце. Але ў гэтай гісторыі ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Захавалася ўнікальная кінахроніка, як лётчык Мамкін садзіць дзяцей у самалёт. На кадрах адлюстравана, як ён бярэ іх на рукі і ўладкоўвае ў кабіну.
— І хто ж аўтар гэтых легендарных фотаздымкаў?
— Як ні дзіўна, жанчына-аператар. Яе звалі Марыя Сухава. Яна неаднойчы прылятала да партызанаў. На жаль, да Перамогі яна так і не дажыла. А яе кадры жывуць і сёння.
— Падобныя рарытэты — напэўна, сур'ёзны факталагічны падмурак у пабудове сюжэтаў праграмы?
— Сапраўды. Але, на жаль, аб многіх падзеях, якія адбываліся ў партызанскіх атрадах, вельмі мала захавалася дакументаў. А вось партызанскі парад, якому 16 ліпеня спаўняецца 70 гадоў, практычна поўнасцю адлюстраваны на кадрах кінахронікі. Гэтай падзеі прысвечана і адна з нашых серый. Яшчэ жывыя некаторыя сведкі і нават удзельнікі таго парада, якія расказваюць гледачам шмат цікавага. Дарэчы, у Нацыянальным архіве знайшлі карту, на якой адлюстравана размяшчэнне ўсіх партызанскіх атрадаў, што ўдзельнічалі ва ўрачыстым шэсці. Вядома, у Мінск на парад прыйшлі не ўсе: большая частка партызанскіх фарміраванняў была накіравана на фронт. Але тыя атрады, якія прысутнічалі на парадзе, на карце дакладна абазначаны.
— Можа, вядома і тое, дзе ён праходзіў?
— На мінскім іпадроме. Гэта ў раёне сённяшніх вуліц Першамайскай і Ульянаўскай. Па словах удзельнікаў парада, там было голае поле. Пасярод яго паставілі трыбуну, за якой стаялі Панамарэнка, старшыня гаркама партыі і нехта з ваеннага кіраўніцтва. Партызаны прыйшлі на парад са сваёй зброяй, самаробнай ці трафейнай. Хтосьці паспеў ужо атрымаць узнагароды, якія блішчалі на кашулях. Перад гэтым партызанаў пераапранулі, прывялі ў добры выгляд. Гісторыкі расказваюць, што спатрэбіліся нямецкія склады з абмундзіраваннем. Спешна гэтую вопратку перашылі, зрабілі нават сцягі партызанскіх брыгад.
— Аказваецца, гісторыя партызанскага руху поўніцца цікавымі і невядомымі дагэтуль фактамі. А ці ёсць яшчэ пра што расказаць?
— Безумоўна! Мы плануем зняць фільм аб партызанскай разведцы. Тут таксама шмат вельмі яркіх падзей. Хочам расказаць і аб ролі народных мсціўцаў у аперацыі «Баграціён». Партызаны ж не толькі змагаліся з ворагам, але і аднаўлялі масты, часам нават садзіліся на танкі і разам з войскамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях... Роля вялікая! Невыпадкова ўвялі новую ўзнагароду — медаль «Партызану Вялікай Айчыннай». І ўпершыню на адным з бакоў менавіта гэтага медаля з'явіўся профіль Сталіна. Дагэтуль генералісімус не даваў сваёй згоды, хоць было шмат іншых высокіх узнагарод. Дарэчы, існавалі і самаробныя партызанскія ўзнагароды, якія стваралі самі народныя мсціўцы.
Цікавая тэма — падпольны і партызанскі друк. У нашым музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ёсць унікальная калекцыя рукапісных часопісаў. Чым яны цікавыя? А тым, што там без перабольшванняў расказваецца тое, што адбывалася на самой справе. Падрабязна апісваецца і партызанскі быт: чым лячыліся, як апраналіся, змагаліся з вошамі, уладкоўваліся на адпачынак... Таму ёсць задума прысвяціць адну з серый падпольнаму і партызанскаму друку. І ў гэтым кантэксце, безумоўна, нельга абысці газету «Звязда», якая ў гады вайны выдавалася ў падполлі, а потым доўгі час выходзіла ў партызанскай зоне на востраве Зыслаў.
— Генадзь Васільевіч, цыкл тэлефільмаў «Партызанскі край» — не адзіны праект на вайсковую тэматыку ў вашай творчай біяграфіі. Ці не адыграла тут сваю ролю і ваша прозвішча?
— Сапраўды, гэтай тэмай я займаюся невыпадкова. Але справа тут не ў прозвішчы (смяецца). У мінулым я — ваенны журналіст. Доўгі час працаваў у «Белорусской военной газете». Таму мая дзейнасць звязана са спецыяльнасцю. А па-другое, я проста вельмі люблю гісторыю. І калі ўжо я гэтым займаюся, то для мяне важна не проста паведаміць пэўны факт гледачам, а расказаць так, як было. Праўдзіва і без усялякіх перабольшванняў!
Вераніка КАНЮТА.
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.