Вы тут

Межняковае балота


Нашаму карэспандэнту ўдалося сфатаграфаваць унікальную птушку —гібрыд цецерука і глушца

Цецеруковыя птушкі ўяўляюць асаблівую цікавасць у сувязі з іх здольнасцю ўтвараць міжродавыя гібрыды. Найбольш вядомы гібрыд — мяжняк (Lyrurus letrіx X Tetrao urogallus) — патомства цецерука і самкі глушца. Для ўсіх межнякоў тыповы асаблівы, не характэрны ні для цецерука, ні для глушца, фіялетавы адліў пяра на грудзях. На крыле няма белага «люстэрка», альбо яно ледзь заўважна. Дзюба заўсёды цёмная і дробная, але буйнейшая за цецеруковую. У адных птушак хвост веерападобны, як у глушца, у іншых набліжаецца па форме да цецеруковага, але «ліры» не ўтварае.

18-9

Першую спробу зрабіць фотаздымкі межняка я здзейсніў тры гады таму на балоце Мох на М ёршчыне, стаіўшыся ў схованцы, прайшоўшы перад гэтым па вясновай балотнай вадзе амаль тры кіламетры, прычым цалкам у начной цемры. Тыя фотаздымкі адбываліся з сапраўднымі прыгодамі. Да світання заставалася не болей за паўгадзіны, цецерукі ўжо распачалі сваё дружнае і гучнае балбатанне, калі ток нечакана спыніўся. А прычынай гэтаму сталі два ваўкі, якія паволі цягнуліся з боку бярэзніка якраз у напрамку цецеруковага такавішча. Крыху пазней перад маімі вачыма паўстала непаўторная сцэна з патаемнага жыцця дзікіх жывёл — пагоня ваўкоў за ласём, які выйшаў з чароту і нос у нос сутыкнуўся з драпежнікамі.

Гадзінай пазней цецерукі ўсё ж вярнуліся на сваё сталае месца. Услед за імі прыляцеў і мяжняк, дзеля якога і задумвалася маё фотасафары. Але такавішча было ўжо не надта актыўным, да таго ж і нядоўгім, бо з'яўленне яшчэ аднаго адвечнага ворага цецерукоў — шуляка — прымусіла птушак імгненна пакінуць падсохлыя купіны і знікнуць у рэдкім сфагнавым хвойніку. Адляцеў і мяжняк, які дагэтуль трымаўся на самым ускрайку такавішча на адлегласці 40-50 метраў ад маёй схованкі і быў занадта дробным у полі зроку фотаапарата нават з 400-міліметровым аб'ектывам. Гэткія абставіны мяне не натхнялі, тым больш што думкі пра нечаканую сцэну з ласём і ваўкамі пастаянна круціліся ў галаве, хвалявалі, радавалі. Я быў узрушаны ад убачанага, і здымкі птушак міжволі адсунуліся на другі план.

Сёлета, даведаўшыся пра тое, што мяжняк па-ранейшаму «тусуецца» з цецерукамі на балотным такавішчы, я здзейсніў яшчэ адну спробу наблізіцца да яго. Тым больш што напярэдадні некалькі фатографаў ужо правялі ўдалую фотасесію рэдкай птушкі, а яшчэ пазней на фотаздымкі планавала прыехаць цэлая група французскіх фатографаў. Але вясновая вада ў гэтую пару бывае занадта высокай, і начны пераход вымагае асаблівых высілкаў. Не кожнаму ўдаецца пераадолець шлях сухім. Не абышлося без прыгод і ў мяне. Пераправа невялікай, здавалася, рачулкі аказалася, як кажуць, не па зубах і каштавала акунаннем у халодную паводкавую ваду. Сухой бялізны ў запасе не заставалася, і холад не прымусіў сябе доўга чакаць — давялося вяртацца, пакутна пераадольваючы трохкіламетровую балотную прастору.

«Бясконцых шляхоў не бывае, калі табою кіруе мэта», — настройваў я сябе ў чарговы раз, выпраўляючыся ў начную цемру па запаведным балоце Мох. Пад нагамі хлюпала яшчэ даволі высокая вада, ногі раз-пораз правальваліся паміж нябачнымі купінамі. Без ботаў-балотнікаў у гэткай дарозе не абысціся! Радавала толькі тое, што спыніўся дождж, які занудзіў яшчэ з вечара, ставячы пад вялікае пытанне маю чарговую спробу. Але лёгкі ветрык даваў надзею, што пад раніцу неба ачысціцца ад хмар і выгляне сонейка. Як ні дзіўна, менавіта гэтак і здарылася.

18-10

Цецеруковы ток пачаўся яшчэ да світанку. Я нерухома сядзеў у буданку ў чаканні добрага ранішняга святла, хмялеючы ад песень цецеруковых пеўняў, гатовых да самых жорсткіх боек адзін з адным. Праз шчыліны схованкі ў птушыных сілуэтах імкнуўся пазнаць тую, дзеля якой здзейсніў чарговую начную вандроўку па балоце. Да ўзыходу сонца было яшчэ дастаткова часу, каб няспешна распакаваць фотаапарат, раскласці фотааб'ектывы, усталяваць штатыў. У гэтыя хвіліны мне прыгадаліся словы знаёмага паляўнічага пра тое, якім чынам з'яўляюцца ў прыродзе падобныя гібрыды. Гэтак званы мяжняк — з'ява даволі рэдкая. У выніку змяншэння папуляцыі глушцоў (гэта найчасцей адбываецца з-за масавага адстрэлу птушак паляўнічымі) і адсутнасці глушцовых токаў самка глушца прылятае на цецеруковае такавішча, дзе і знаходзіць сабе пару. Выпадкі выяўлення гібрыдаў, называемых у паляўнічым асяроддзі межнякамі, вядомыя яшчэ са старажытных часоў. У наш час межнякі найчасцей сустракаюцца ў лясах паўночна-заходняй Расіі. Рэдка хто з паляўнічых не марыць мець трафей у выглядзе гэткай птушкі. Але як можна нацэліць зброю, ведаючы пра рэдкасць і ўнікальнасць птушкі? Магло стацца, што і гэты мяжняк мог патрапіць пад стрэл. Да гонару гаспадароў бліжэйшых паляўнічых гаспадарак, якія не дазвалялі праводзіць на балоце паляванні, мяжняк дагэтуль радуе аматараў прыроды і красуецца перад аб'ектывамі апантаных фотапаляўнічых. Але варта нагадаць, што некалі на балоце Мох іх было нават тры.

Раптам сярод гукаў цецеруковага балбатання да слыху данеслася нейкае агрэсіўнае «скірканне», вельмі падобнае на глушцовае, але гукі ішлі не з цэнтра такавішча, дзе ваяўніча падскоквалі каля дзясятка цецеруковых пеўняў, а чамусьці збоку. Я ўгледзеўся ў світальны паўпрыцемак і літаральна за пятнаццаць крокаў ад укрыцця ўбачыў межняковую постаць. Птушка мела надзвычай ваяўнічы выгляд: растапыраны веерам хвост, шыя з уздыбленым пер'ем. Гэтыя рысы выдавалі ў межняку менавіта глушцовае паходжанне. Толькі галава з надзьмутымі чырвонымі дугамі-павекамі сведчыла пра яго роднасць з цецерукамі. Мяжняк дыбіў уверх моцную галаву, задзіраў тоўстую шэрую дзюбу. Ён выглядаў большым за іншых птушак, і было бачна, што цецерукі не асмельваліся ўцягвацца з ім у бойкі. У нейкі момант такавішча імгненна сціхла, птушкі прыселі ў балотную расліннасць. Мяжняк таксама стаіўся. Яго хвост стаў падобны на хвост звычайнай курыцы, шыя схуднела. Птушка насцярожылася, знерухомела. Магчыма, гукі затвора маёй фотакамеры былі занадта гучнымі. Але, нібы па нябачнай камандзе, ток зноў ажыў, загуў. На ўвесь рост узняўся і мяжняк. Ранішнія сонечныя промні зайгралі фіялетавым перламутрам на яго, здавалася, зусім чорнай «вопратцы».

 Таксама ў сёмым нумары часопіса «Родная прырода»:

— Другое жыццё адходаў, ці Куды дзець адпрацаванае тэхнічнае масла?

— Якога колеру самая маленькая кошка ў свеце?

— Сімволіка каліны ў традыцыйным светапоглядзе славян.

— Якія загадкі хаваюць пні?

А яшчэ — найцікавейшыя фотаздымкі ад найлепшых майстроў.

«Родная прырода» — чытайце і любуйцеся!

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».