Вы тут

Гао Ман: «Тры сонцы — у сэрцы маім…»


88‑гадовы перакладчык і мастак-каліграф з Кітая Гао Ман больш за паўстагоддзя цікавіцца беларускай літаратурай і культурай

Гао Ман (як літаратар і мастак ён вядомы яшчэ пад прозвішчам У Ланьхань) яшчэ ў сярэдзіне 1950‑х гадоў пазнаёміўся з беларускім паэтам Максімам Танкам. І тады пераклаў — разам з Гэ Баоцянем — кнігу выбраных твораў майстра беларускай паэзіі. Дзякуючы ўвазе Гао Мана да нашай літаратуры па-кітайску загучалі творы не толькі Максіма Танка, але і Святланы Алексіевіч, беларускія народныя казкі. Днямі перакладчык і мастак з Паднябеснай адказаў на пытанні журналіста «Звязды».

19-11

—Вы па-ранейшаму сочыце за беларускай літаратурай?

—Сказаць, што я ўважлівы да таго, што адбываецца ў літаратурным працэсе ў вашай краіне, мне не выпадае. Ужо не той узрост, калі на ўсё хапае часу. Ды і ўвогуле не тое здароўе… Мне добра вядомыя імёны і творчасць Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Святланы Алексіевіч. У свой час я вучыўся ў Харбіне, быў добра знаёмы з моладдзю, якая размаўляла па-руску. Чуў пра публіцыста, празаіка Усевалада Іванова, які таксама ў 1930‑я гады жыў і працаваў у Харбіне. У пазнейшы час чытаў яго кнігі. І толькі зусім нядаўна даведаўся пра тое, што ён з'яўляецца ўраджэнцам Беларусі, Ваўкавыска.

19-22

—А наколькі вам вядома беларускае выяўленчае мастацтва?

—У Мінску я быў у майстэрні народнага мастака СССР Заіра Азгура. Ужо ў Кітаі пісаў пра яго. Мне давялося падрыхтаваць некалькі артыкулаў пра геніяльнага, на мой погляд, графіка, жывапісца Георгія Паплаўскага…

—Не так даўно ён адзначаны прэміяй Саюзай дзяржавы Беларусі і Расіі…

—Перадавайце Георгію Георгіевічу мае віншаванні. З захапленнем і сёння разглядваю яго ілюстрацыі да твораў беларускіх пісьменнікаў. Найперш — Васіля Быкава, Алеся Адамовіча.

Параўнальна нядаўна ў мяне ў гасцях быў беларускі паэт і публіцыст, чалавек з прыемным голасам Навум Гальпяровіч. Цяпер я ўжо ведаю, што ён многія гады працуе ў радыёжурналістыцы. Пазнаёміўся і з яго дачкой — маладой журналісткай Вольгай Гальпяровіч, якая прадстаўляе Беларусь у Кітаі. Дарэчы, у дадатак да партрэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Святланы Алексіевіч, Васіля Быкава я намаляваў і партрэт Навума Гальпяровіча.

—Нядаўна і вы адзначаны прэстыжнай узнагародай — прэміяй «Расія — Новае стагоддзе», усталяванай Расійскім культурным цэнтрам у Пекіне і Гуманітарным фондам Андрэя Скоча «Пакаленне»…

—Так, я вельмі ўсцешаны такой высокай ацэнкай маёй працы. Пераклад «Рэквіема» Ганны Ахматавай — менавіта за гэта такая адзнака. І якраз гэты пераклад я лічу галоўнай працай свайго жыцця. Увогуле ў маім творчым сэрцы, проста ў маім сэрцы жывуць тры сонцы. Тры вялікія літаратуры мяне цікавілі і цікавяць цяпер — руская, украінская, беларуская. Вам, славянскім народам, ёсць чым ганарыцца. Як перакладчык я заўжды наталяў сваю смагу работай над пераўвасабленнем твораў Аляксандра Пушкіна на кітайскую мову. Мяне цікавіў Тарас Шаўчэнка. Я пераклаў яго паэму «Кацярына»… І як мастак я быў пад уражаннем постацяў Пушкіна, Льва Талстога, Фёдара Дастаеўскага, Уладзіміра Маякоўскага, Ганны Ахматавай, Тараса Шаўчэнкі… Пабываўшы ў розных гарадах Расіі, я замалёўваў помнікі, надмагіллі паэтаў, вялікіх пісьменнікаў. Мяне заўжды цікавіла атмасфера, якая складвалася ў славянскіх народаў па ўшанаванні творчых людзей, успрыняццю іх як асоб. Вось нядаўна атрымаў з Беларусі фотаздымкі магілы Максіма Танка, помніка, які ўсталяваны там, на Мядзельшчыне, у Мінскай вобласці. Можа, з часам гэтыя выявы падштурхнуць да маіх каліграфічных вышукаў?..

19-13

—Будзем спадзявацца і мы на гэта. Дзякуй вам, дарагі Гао Ман, за ўвагу да беларускага прыгожага пісьменства! І добрага здароўя!

Максім ЛАДЫМЕРАЎ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».