Падапечныя Уладзіміра Журавеля атрымалі ўпэўненую перамогу ў першым матчы 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы над фінскай «МюПай» — 3:0.
Пераканаўчы поспех сталічнай дружыны амаль вырашае зыход беларуска-фінскага супрацьстаяння. Беларусы амаль нічога не дазволілі стварыць гасцям на полі стадыёна «Трактар» і ўчынілі скандынавам галявую лупцоўку. Трапныя ўдары на свой лік запісалі Чыгозі Удоджы, Ігар Стасевіч і Неманья Нікаліч.
— Мы ўбачылі ад фінаў такую гульню, якую чакалі, — рэзюмуе вынік сустрэчы Уладзімір Журавель, галоўны трэнер «Дынама». — Так было і ў першай, і ў другой палове. За выключэннем аднаго ўдару ў першым тайме па нашых варотах, не далі саперніку ніводнага шанцу. Тым не менш, калі апанент у поўным складзе знаходзіцца каля сваёй штрафной пляцоўкі, любая каманда мае праблемы з праходжаннем абарончых ліній. Увогуле вынік матча нас радуе, але не расслабляе.
У сваю чаргу, салігорскі «Шахцёр» таксама атрымаў перамогу ў першым матчы. У гасцях гарнякі былі мацней за ірландскі «Дэры Сіці» — 1:0. Трапным ударам адзначыўся Мікалай Януш.
А вось гродзенскаму «Нёману», які дома сустракаўся з ісландскім «Хабнаф'ёрдурам» (на фота), было складаней за астатніх беларускіх удзельнікаў Лігі Еўропы. Гродзенцы на 55-й хвіліне апынуліся ў ролі даганяючых і здолелі ў гэтым матчы зарабіць толькі нічыю. З пенальці лік зраўняў 20-гадовы паўабаронца Павел Савіцкі.
Матчы ў адказ адбудуцца 24 ліпеня.
Тарас ШЧЫРЫ.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».