Прынятае рашэнне аб пошлінах на імпарт нашых тавараў карысці Украіне не прынясе
Як стала вядома днямі, Украіна збіраецца ўвесці пошліны на імпарт шэрагу тавараў з Беларусі — кандытарскіх вырабаў, малочнай прадукцыі, электрычных лямпачак напальвання, угнаенняў, халадзільнікаў, гумовых шын, соладавага піва і камплектуючых халадзільнага абсталявання. Адносна трох апошніх пазіцый пошліна складзе 60,05% ад мытнага кошту, для астатніх — 55,29%.
Так вырашыла Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі Украіны. Да ўступлення ў сілу гэтага рашэння засталося яшчэ некалькі дзён. А дзейнічаць яно будзе да 31 снежня 2016 года.
Прынятае рашэнне, на думку экспертаў, не прынясе нічога добрага Украіне. Аб гэтым ужо выказваўся намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, эканаміст Георгій Грыц у эфіры тэлеканала АНТ. Спецыяліст звярнуў увагу на тое, што каля 70% нашага экспарту ва Украіну складаюць светлыя нафтапрадукты, аднак гэтую прадукцыю пошліны не закранулі. Акрамя таго, карэспандэнту «Звязды» пракаментавала сітуацыю Галіна Турбан, загадчыца кафедры міжнароднага бізнесу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат эканамічных навук, дацэнт: «Украіна — член Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Таму ўводзіць нейкія дадатковыя пошліны яна не можа — усе стаўкі зафіксаваны. Падобнае рашэнне нашай суседкі магло быць зроблена толькі на аснове пэўнага расследавання». Так яно і было. Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі 1 ліпеня разгледзела справаздачу Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны аб выніках расследавання па выяўленні фактаў дыскрымінацыйных ці несяброўскіх дзеянняў з боку Беларусі адносна законных правоў і інтарэсаў украінскіх экспарцёраў кандытарскіх вырабаў. Нагадаем, што Беларусь увяла з 1 чэрвеня ліцэнзаванне імпарту кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў Мытнага саюза. Гэта часовы захад, які будзе дзейнічаць да 30 лістапада 2014 года. Таксама сёлета з 1 мая па 31 кастрычніка ліцэнзаванню падлягае імпартнае піва.
Беларускае Міністэрства замежных спраў адрэагавала на дзеянні ўкраінцаў нязгодай. Пазіцыя тлумачыцца тым, што ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў у нашу краіну распаўсюджваецца на нявызначанае кола дзяржаў, а не выключна супраць Украіны. «Беларусь у СГА пакуль што не ўваходзіць. Таму да нашых тавараў могуць быць прыменены любыя абарончыя захады з боку партнёраў. Аднак такія «гандлёвыя войны» ніколі не прыводзяць да добрага ні для аднаго з бакоў канфлікту», — лічыць Галіна Турбан.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.