Вы тут

Боль. Быль. Творчасць


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 18.07.14 г.

___________________________________________________________________________

Што можа стаць зыходнай кропкай, штуршком для напісання твора, які абавязкова знойдзе свайго чытача? Бо ствараецца ён не з мэтай задаволіць уласнае эга, атрымаць хуткую славу, а падзяліцца думкамі, перажываннямі, захапленнямі, адкрыць новае ў звыклым, будзённым? Немалаважная роля ў такой справе належыць таленту. Добрыя рэдактары, карэктары змогуць адшліфаваць рукапіс, ды надаць непаўторнасць. А ўкласці іскру, якая запаліць сэрцы чытачоў, здольны толькі сам пісьменнік.

саламаха

 

Прыгадваюцца словы грузінскага класіка Надара Думбадзэ “там, дзе пачынаецца боль, ― пачынаецца літаратура”. Гэтае выказванне невыпадкова стала назвай артыкула з кнігі крытыка, публіцыста, празаіка Уладзіміра Саламахі “Літаратура: застаецца сапраўднае”, што выйшла сёлета ў Выдавецкім доме “Звязда”. Яе змест склалі эсэ, артыкулы і дыялогі пра нашу літаратуру, прадстаўнікоў беларускага і расійскага прыгожага пісьменства, літаратурны працэс у цэлым.

Выданне дазваляе пашырыць кругагляд чытача, вывесці яго за межы падручнікаў і хрэстаматый сярэдняй школы.

Школьнікі могуць смела карыстацца кнігай У. Саламахі, не баючыся натрапіць на маралізатарства і абагаўленне як жывых, так і памерлых творцаў. Даступна і нязмушана празаік вядзе гаворку з сябрамі і калегамі пра сённяшнюю літаратуру, дае ацэнку творам і знаёміць з аўтарамі, закранае адвечную праблему мастака і мастацтва. Пісьменнікам-пачаткоўцам з гэтай нагоды таксама будзе карысна пазнаёміцца з выданнем. Настаўнікі, студэнты-філолагі і выкладчыкі ВНУ таксама зацікавяцца кнігай.

Ёсць над чым і паразважаць, чытаючы кнігу У. Саламахі: ад “Зямлі пад белымі крыламі” Караткевіча да экалагічнай праблемы, ад твораў Буніна да “духоўных прагалаў” у добразычлівым характары беларусаў, пра “дэвальвацыю сумлення” ды многае іншае. Можна пачытаць, паспрачацца ці пагадзіцца з аўтарам у думках.

Для тых, хто цікавіцца творчасцю У. Саламахі, некаторыя з матэрыялаў кнігі ўжо знаёмыя (яны выходзілі ў перыядычным друку пад псеўданімамі), некаторыя – зусім новыя. Тэксты аб’яднаны ў чатыры раздзелы: “Там, дзе пачынаецца літаратура”, “Застаецца толькі сапраўднае”, “Запавет пакаленням” і “Персанажы, з якімі хочацца быць”. Да першага і трэцяга  раздзелаў пададзены ўводныя (умоўна назавём іх так) артыкулы – “Калыска Купалы” (пра падарожжа аўтара з сябрам Навумам Гальпяровічам у Вязынку) і “Он вдохновен был свыше” (пра Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна).

Адметна тое, што кожны раздзел ― своеасаблівы ўрок, які паказвае чытачу, у чым прызначэнне творцы (“Там, дзе пачынаецца боль, ― пачынаецца літаратура” і “Служэнне літаратуры” ― першы раздзел), разважае пра філасофію жыцця і адвечныя каштоўнасці ў сучасным свеце (“Па дарозе да нашых матуль” і “Дэвальвацыя… сумлення” з другога раздзела), вялікую ролю захавання памяці пра ахвяр вайны і тое, што ў наш час таксама можна кахаць аддана і шчыра (“Запавет пакаленням”, “З першапраходцаў афганскай тэмы”, “Гісторыя кахання, любові, жыцця”), прыгожае і незвычайнае побач (“На крылах неабсяжнага шчасця...”, “Персанажы, з якімі хочацца быць”).

Да гэтай кнігі можна вяртацца, перачытваць, з чымсьці пагаджацца, штосьці адмаўляць, ды пакінуць яго без увагі нельга: проста не атрымаецца!

Віялета ВАШЧЫЛІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».