Але за парушэнне тэхналогіі ўсё адно давядзецца адказваць
Як ужо пісала «Звязда», магчыма, у хуткім часе на правядзенне некаторых рамонтных работ у кватэры (як, напрыклад, замена падлогі ці перанос сантэхнікі) не трэба будзе рабіць праект і ўзгадняць іх з мясцовым выканкамам. «Не паўсюль у рэгіёнах мясцовыя органы ўлады маглі растлумачыць людзям, куды ім ісці і якія дакументы збіраць. Праз гэта ў некаторых сітуацыях працэс зацягваўся. Каб спрасціць працэдуру перапланіроўкі і пераўладкавання і зрабіць яе больш празрыстай, вырашылі выключыць лішнія працэдуры ўзгаднення і падрыхтоўкі праектнай дакументацыі», — патлумачылі нам у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі прычыну такіх змен.
Праўда, нават калі дазвол на замену, напрыклад, падлогавага пакрыцця цяпер браць не спатрэбіцца, то існуючыя нарматывы і тэхналогіі правядзення работ ніхто не адмяняў.
— Калі ў заканадаўстве некаторыя тэхналагічныя нарматывы не прапісаны, гэта не значыць, што імі не трэба кіравацца, бо ёсць яшчэ і тэхнічныя нарматыўна-прававыя акты, — падкрэсліў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса Андрэй РАМАШКА. — Так, у адпаведнасці з праектам у кватэры мусіць быць добрая гукаізаляцыя. Але калі пры ўкладцы падлогавага пакрыцця яна пагаршаецца і суседзям гэта замінае, то ўсё адно давядзецца перарабіць усё адпаведна з тэхналогіяй.
Зрэшты, калі суседзі не скардзяцца на пастаяннае тупанне над галавой, то да пары да часу можна спаць спакойна. Але трэба мець на ўвазе, што парушэнне нормаў — гэта не жартачкі. Бо, напрыклад, у дапаможніку да будаўнічых нормаў і правілаў падлозе адводзіцца асаблівае месца. Падлога — гэта, ні многа ні мала, будаўнічая канструкцыя, на якой ажыццяўляецца ўвесь вытворчы працэс і жыццядзейнасць людзей і ад стану якой залежыць якасць прадукцыі альбо здароўе людзей. Дык ці не прасцей адразу парупіцца пра падложку пад ламінат, каб пасля не было лішніх турбот і фінансавых выдаткаў на яго перакладанне?
Нагадаем: згодна з праектам новай рэдакцыі пастановы Савета Міністраў, больш не трэба будзе браць дазвол для замены і пераносу сістэм гарачага і халоднага водазабеспячэння, электразабеспячэння, водаадвядзення і каналізацыі, электра- і сантэхнічнага абсталявання, замены і пераносу змеевіка, змены канструкцыі падлогі, зашклення балконаў і лоджый. Мяркуюць таксама спрасціць працэдуру ўсталявання індывідуальных антэн і іншых канструкцый на фасадах і дахах дамоў. Праект новай пастановы ўжо гатовы, яго плануецца прыняць пасля карэкціроўкі заканадаўства па адміністрацыйных працэдурах, якая цяпер адбываецца. Мінулая ж пастанова Саўміна аб парадку перабудовы і перапланіроўкі ў кватэры была прынята летась у маі.
— Мы ўносім змены не для таго, каб нешта забараніць ці абмежаваць у нечым грамадзян. Гэта робіцца для таго, каб зрабіць максімальна камфортным жыццё людзей і іх суседзяў, — зазначылі ў Мінжылкамгасе.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Дарэчы
Насельніцтва будзе кампенсаваць затраты па бягучым рамонце жылфонду толькі за работы ўнутры пад'езда
Вызначаны пералікі відаў работ па бягучым рамонце жылфонду, якія будуць аплачвацца сродкамі з мясцовых бюджэтаў, а таксама сродкамі, якія ўносяцца ўласнікамі, наймальнікамі жылля і членамі арганізацый забудоўшчыкаў у якасці платы за бягучы рамонт. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
За кошт сродкаў уласнікаў і наймальнікаў жылля будуць выконвацца работы па рамонце пад'ездаў шматкватэрных жылых дамоў (аднаўленне тынкоўкі і абліцоўкі сцен, столі, рамонт падлогі, рамонт і замена асобных элементаў смеццеправодаў, малярныя работы), а таксама рамонт печаў і дымаходаў.
У пералік відаў работ па бягучым рамонце, крыніцамі фінансавання якіх з'яўляюцца сродкі мясцовых бюджэтаў, увайшлі работы па рамонце фундаментаў, сцен, перакрыццяў, дахаў, аконных і дзвярных запаўненняў месцаў агульнага карыстання, перагародак, лесвіц, балконаў, ганкаў, казыркоў над уваходамі ў пад'езды і балконамі верхніх паверхаў. Таксама ў гэты пералік увайшлі работы па ўнутранай аддзелцы тэхнічных памяшканняў, вонкавай аддзелцы будынкаў. За кошт сродкаў з мясцовага бюджэту таксама будуць вырашацца пытанні, звязаныя з работай сістэм ацяплення, вентыляцыі, гарачага і халоднага водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыя) і электратэхнічных устройстваў.
Як растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінжылкамгаса Андрэй Рамашка, да ўступлення ў сілу Жыллёвага кодэкса работы па бягучым рамонце выконваліся ў рамках тэхнічнага абслугоўвання жылфонду. «Пасля ўступлення ў сілу гэтага дакумента бягучы рамонт стаў асобнай асноўнай жыллёва-камунальнай паслугай, фактычныя затраты на аказанне якой павінны аплачвацца насельніцтвам. Усе работы па бягучым рамонце павінны былі легчы на плечы грамадзян, у тым ліку такія віды работ, як рамонт даху, фасадаў, стыкаў і іншыя, даволі аб'ёмныя і дарагія», — адзначыў спецыяліст.
Аднак указам Прэзідэнта Беларусі № 550 ад 5 снежня 2013 года было вызначана некалькі крыніц фінансавання бягучага рамонту — сродкі мясцовых бюджэтаў і сродкі ад ўнясення ўласнікамі, наймальнікамі жылых памяшканняў і членамі арганізацый забудоўшчыкаў платы за бягучы рамонт, а таксама іншыя крыніцы фінансавання, не забароненыя заканадаўствам. Адпаведна, з'явілася неабходнасць вызначыць, якія менавіта віды работ фінансуюцца той ці іншай крыніцай. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.