Спрошчаны парадак перасячэння мяжы грамадзянамі Украіны сёлета зноў дзейнічае ў трох пунктах пропуску, што знаходзяцца на мяжы з Ровенскай вобласцю нашай паўднёвай краіны-суседкі. Гэта дазваляе грамадзянам Украіны бесперашкодна збіраць дзікарослыя ягады і грыбы на нашай тэрыторыі. Карэспандэнты «Звязды» разам з лесаводамі Палескага лясгаса прынялі ўдзел у прафілактычным рэйдзе ў месцах масавага збору ягад на памежнай тэрыторыі.
Палескі лясгас размяшчаецца на тэрыторыі адразу дзвюх абласцей: Гомельскай і Брэсцкай. Большая яго частка знаходзіцца на Століншчыне — у самым сэрцы беларускага Палесся. Нас у першую чаргу зацікавіла Храпунскае лясніцтва, што знаходзіцца на самай мяжы з Украінай. Менавіта там збіраюць грыбы і ягады жыхары, што перасякаюць мяжу ў спрошчаным рэжыме.
Пераход украінцаў праз «кардон» адбываецца адразу ў трох пунктах пропуску: «Дроздынь», «Познань» і «Бярозавае». Спрошчаны пропуск суседзяў праз мяжу некалькі гадоў таму дазволіў наш Прэзідэнт. Справа ў тым, што беларускі лес для ўкраінскіх памежных вёсак бліжэйшы за астатнія. Некаторым трэба ўсяго толькі выйсці за агароджу ўласнага ўчастка, каб апынуцца на тэрыторыі Беларусі. Летась, дзеля таго, каб пазбіраць чарніцы, журавіны і грыбы ў нашым лесе, суседзі перасеклі мяжу больш за 83 тысячы разоў.
Спрошчаны пераход дзейнічае, што называецца, «у сезон»: сёлета яго межы былі абазначаны як 1 ліпеня і 10 жніўня. У гэты час адбываецца збор чарніц. Увосень вылучаецца асобны перыяд на збор журавін. На памежныя пункты пропуску перадаюцца спісы жыхароў дзесяці блізкіх да мяжы вёсак. Маючы на руках адпаведныя дакументы, вяскоўцы могуць пераходзіць мяжу без адчувальных цяжкасцяў. Праўда, адзіны дазволены для пераходу транспарт — веласіпед.
...Знакаміты савецкі ўсюдыход «ГАЗ-66» з ровам узрывае зямлю, перабіраецца цераз гразь і лужыны. На звычайным аўтамабілі трапіць у памежны лес наўрад ці атрымаецца. Дажджу тут не было некалькі дзён, але балота застаецца балотам нават без штодзённага падсілкоўвання. Лесаводы карыстаюцца або згаданымі вышэй машынамі з высокай праходнасцю, або лёгкімі матацыкламі. Менавіта з-за балота беларусы да памежнага лесу рэдка даходзяць. Ды і апошняя беларуская вёска — Дзяржынск — знаходзіцца ад яго значна далей, чым украінскія.
— Гэты край мае непаўторную гісторыю, — расказвае дырэктар Палескага лясгаса Аляксей МАРЫНІЧ, — той жа Дзяржынск стаў называцца менавіта так толькі ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Да гэтага вёска насіла назву Радзівілавічы, думаю, здагадацца аб яе паходжанні няцяжка. У ваколіцах шмат гістарычных помнікаў і аб'ектаў спадчыны. Некаторыя апынуліся на тэрыторыі Украіны пасля вызначэння мяжы, як, напрыклад, славуты 1300-гадовы дуб.
Такая ж гісторыя адбылася і з многімі жыхарамі. Некаторыя палешукі, якія за савецкім часам былі запісаныя беларусамі, у 90-я атрымалі ўкраінскія пашпарты, і наадварот. Прывычныя для гэтага краю шлюбы паміж жыхарамі суседніх вёсак неўзабаве пачалі лічыцца «міжнароднымі». Мяжа раздзяліла не толькі суседзяў, але і родзічаў: зараз некаторым дзецям даводзіцца праходзіць усе працэдуры перасячэння мяжы, каб трапіць да бацькоў, жывучы ад іх у дзясятку кіламетраў.
Лес у глухім балоце больш падобны да тайгі: паўсюль замест травы расце шэры мох, сосны тут прысадзістыя і няроўныя. Лесаводы жартам называюць іх «мачтавымі». Меліярацыя тут ніколі не праводзілася, таму зямля для сельскай гаспадаркі малапрыдатная. А вось для збіральнікаў грыбоў і ягад гэта сапраўдны рай. Людзі тут заўсёды жылі менавіта з лесу.
У сярэдзіне ліпеня збіральнікаў ужо мала: чарніцы амаль адышлі. Калі яшчэ нядаўна праз мяжу штодзень праходзілі сотні ягаднікаў, то ў дзень рэйду іх было ўсяго дваццаць тры. Мы сустракаем на апошніх метрах беларускай зямлі жанчыну, што менавіта сёння вырашыла выбрацца ў ягады.
Таццяне Міхайлаўне КРАЎЧЭНІ — 63, яна жыве ва ўкраінскай вёсцы Дроздынь і прыйшла ў беларускі лес па чарніцы.
— Амаль уся наша вёска ходзіць па грыбы і ягады ў Беларусь. Бо побач з намі такога шчодрага лесу няма. Уся наша здабыча тут. Збіраю ягады для сябе, бо сёлета іх зусім мала. Летась было болей, таму і сушыла, і прадавала. Для многіх аднавяскоўцаў збор ягад і грыбоў — галоўны занятак летам. Бізнесмены ездзяць па вёсках і набываюць сабранае, таму вялікія сем'і могуць на гэтым зарабіць нядрэнныя грошы. Мая пенсія ўсяго 1113 грыўняў (прыкладна мільён беларускіх рублёў па цяперашнім курсе. — Аўт.), лес сапраўды дапамагае пракарміцца. Добра, што цяпер можна без цяжкасцяў хадзіць праз мяжу, бо гэта мае мясціны, якія я ведаю з глыбокага дзяцінства. Хто я: беларуска ці ўкраінка? Цяжка сказаць: маці была запісаная беларускай, я — ужо ўкраінкай. Мы — народы-браты, і гэта галоўнае.
Пакуль мы размаўляем з Таццянай Міхайлаўнай, лесаводы разглядаюць яе «здабычу». У першую чаргу іх цікавіць, што і якім чынам збірае чалавек. Карыстацца прыстасаваннямі накшталт так званых «грабянцоў» строга забаронена. За парушэнне правілаў зборшчыкаў пазбаўляюць права на спрошчаны пераход мяжы, а забароненыя прыстасаванні адбіраюць.
На зваротным шляху сустракаем яшчэ аднаго «замежнага» госця. 67-гадовы Васіль Фёдаравіч МАРЫНІЧ вяртаецца дахаты (таксама ў Дроздынь) з цэлым кошыкам лісічак.
— Гэта на суп, — каментуе Васіль Фёдаравіч, — будзе што з'есці вечарам з жонкай. Грыбоў зараз малавата. Прадаваць не буду, самому б хапіла. Добра, што цяпер пускаюць праз мяжу. Сочаць за парадкам пільна. Бутэльку ад вады, бачыце, нясу з сабой, не выкідаю, бо за смецце ў лесе штрафуюць.
Вяртаемся з падарожжа ў кантору лясніцтва. Лесаводы дэманструюць «грабянцы», адабраныя ў парушальнікаў. З цягам часу выпадкаў з парушэннямі пры зборы дзікарослых ягад становіцца ўсё менш: украінцы вельмі цэняць сваё права пераходу праз мяжу. Раней такі пераход звычайна сумяшчаўся для іх з парушэннем закону. Хапае, праўда, і іншых праблем. Лесаводы скардзяцца на нявыхаванасць наведнікаў лесу незалежна ад іх грамадзянства. Нават у самым глухім кутку Палесся можна знайсці смецце, пакінутае там збіральнікамі ці проста адпачывальнікамі.
Магчыма, каб зразумець каштоўнасць лесу, трэба пабачыць людзей, для якіх ён не месца адпачынку — карміцель.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Мінск — Столінскі раён — Мінск.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.