Што можа стаць якарам стабілізацыі эканомікі і шчытом міру на планеце
Як вядома, 15–16 ліпеня ў гарадах Фарталеза і Бразіліа прайшоў VІ саміт БРІКС. Па яго выніках была прынята Фарталезская дэкларацыя, а таксама падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж экспартна-крэдытнымі агенцтвамі краін БРІКС; пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне інавацый; дагавор аб стварэнні пула ўмоўных валютных рэзерваў краін БРІКС; пагадненне аб стварэнні новага банка развіцця БРІКС.Лідары краін — удзельніц БРІКС — Расіі, Кітая, Індыі, Бразіліі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі — адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і паспяховасць мерапрыемства. Асноўную ўвагу прэсы прыцягнула пазіцыя прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, што і зразумела, улічваючы цяперашнія праблемы краіны з Захадам з‑за падзей ва Украіне. Уладзімір Пуцін адзначыў, што БРІКС — гэта самы вялікі рынак у свеце, яго сукупны валавы прадукт дасягнуў 21 працэнта ад агульнасусветнага аб'ёму. Банк развіцця і валютны пул, якія ствараюцца, з сумарнымі рэсурсамі ў 200 мільярдаў долараў закладваюць асновы для каардынацыі макраэканамічнай палітыкі паміж краінамі-ўдзельніцамі. Прэзідэнт Расіі таксама заявіў, што БРІКС мае ўжо больш за два дзясяткі фарматаў супрацоўніцтва — ад штогадовых самітаў да рабочых груп — па міжнароднай інфармацыйнай бяспецы, ахове здароўя, сельскай гаспадарцы, навуцы і тэхніцы і многіх іншых напрамках. Важна і тое, што на Расію, Бразілію, Індыю, Кітай і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ўжо прыпадае 11 працэнтаў назапашаных капіталаўкладанняў і амаль 20 працэнтаў сусветнага гандлю. Уладзімір Пуцін, адзначыўшы, што краіны БРІКС валодаюць унікальнай мінеральна-сыравіннай базай (ад 30 да 60 працэнтаў сусветных запасаў па розных відах рэсурсаў), заклікаў у якасці новага кірунку разгарнуць узаемадзеянне ў горназдабычы і перапрацоўцы, арганізаваць цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў для металургічных галін краін БРІКС.
На другім месцы па ступені цікавасці знаходзіўся старшыня КНР Сі Цзіньпін як прадстаўнік самай магутнай эканомікі БРІКС. На яго думку, краіны БРІКС павінны стаць якарам стабілізацыі сусветнай эканомікі і шчытом міру на планеце, увязаць уласнае развіццё з працэсамі міру і стабільнасці ва ўсім свеце, стаць абаронцамі міру і глабальнай бяспекі, а таксама будаўнікамі бяспечнага міжнароднага парадку. А таксама разглядаць сумесную барацьбу з тэрарызмам і забеспячэнне кібербяспекі ў якасці важных сфер супрацоўніцтва, выступіць за новую канцэпцыю бяспекі і разам абараніць цяперашнюю міжнародную сістэму бяспекі і супрацоўніцтва, вядучую ролю ў якой выконвае ААН.
Сур'ёзная цікавасць была ў сусветных палітыкаў і да ролі Індыі на праведзеным саміце ў сувязі з тым, што яе прадстаўляў новы прэм'ер-міністр — нядаўна абраны Нарэндра Модзі. Ён заявіў, што краіны БРІКС павінны выступіць разам у мэтах абароны міру на ўсёй планеце і ўдасканалення глабальнага кіравання, садзейнічаць рэформам квот у Міжнародным валютным фондзе, распрацоўцы парадку развіцця пасля 2015 года і скарачэння беднасці.
Што тычыцца гаспадыні саміту, прэзідэнта Бразіліі Дылмы Роўсеф, то яна адзначыла, што краіны БРІКС павінны глядзець у будучыню, працаваць над самаўмацаваннем і рабіць акцэнт на згуртаванасці; усталяваць цесныя і трывалыя партнёрскія адносіны, удасканаліць глабальнае кіраванне, спрыяць мультыпалярызацыі свету і дэмакратызацыі міжнародных адносін.
Прэзідэнта ПАР калегі павіншавалі з паспяховай перамогай на чарговых прэзідэнцкіх выбарах і з высокімі вынікамі яго партыі (Афрыканскі нацыянальны кангрэс) на мясцовых і парламенцкіх выбарах. Ён адзначыў, што краіны БРІКС маюць намер абмяняцца з краінамі, якія развіваюцца, вопытам у галіне развіцця, сумесна выступаць за мультылатэралізм, аказваць падтрымку Афрыцы ў дасягненні міру, бяспекі і развіцця, садзейнічаць палітычнаму ўрэгуляванню гарачых рэгіянальных праблем.
Вядома, цэнтральнымі тэмамі для абмеркавання ў сусветных СМІ і ў палітычных колах сталі новыя структуры — пул умоўных валютных рэзерваў краін БРІКС і Новы банк развіцця БРІКС.Практычна адразу пайшоў каментар з боку прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Джэн Псакі, якая заявіла, што Злучаным Штатам пакуль рана турбавацца з‑за магчымых наступстваў стварэння банка БРІКС у сувязі з тым, што амерыканцам пакуль не зразумелы задачы, мэты і спосабы кіравання банкам. Але падстава для хвалявання, вядома ж, ёсць. Як было адзначана і на саміце, Захад занадта доўга пярэчыць ужо, здавалася б, даўно ўзгодненай рэформе квот МВФ, у выніку якой значэнне ў арганізацыі краін БРІКС павінна сур'ёзна павысіцца. У такой сітуацыі новы банк БРІКС можа выступіць альтэрнатывай як МВФ, так і Сусветнага банка, а альтэрнатывы такога роду могуць падарваць уплыў Захаду на глабальнай сусветнай арэне, што мацней за ўсё можа ўдарыць па ЗША.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!