Камунальнікі ўстановяць гэта без тэрміну даўнасці
Чаго толькі ні робяць людзі, каб не плаціць за камунальныя паслугі. Вось і жыхар Магілёва «адзначыўся»: жаданне сэканоміць прывяло яго да 16‑мільённай запазычанасці.
Паказанні індывідуальнага прыбора ўліку вады магіляўчанін не паведамляў з 2010 года. У наступныя месяцы спецыялісты разлікова-касавага цэнтра выстаўлялі яму да аплаты нуль кубоў, бо, паводле інструкцыі, калі чалавек не падае звесткі па расходзе вады, неабходна прад'яўляць яму рахунак па звестках апошняга месяца, калі ён паведаміў паказчыкі. А яны былі нулявыя.
— У 2012 годзе ў ходзе аналізу асабовых рахункаў, па якіх доўгі час не перадаваліся паказанні, быў выяўлены гэты адрас, — расказаў «Звяздзе» намеснік дырэктара Цэнтра гарадскіх інфармацыйных сістэм Павел ЖУЙКОЎ. — Штомесячна пачалі выстаўляць яму да аплаты расход вады па норме (крыху больш за 4 кубаметры вады на аднаго зарэгістраванага чалавека).
Лічбы выяўленага перарасходу склалі 840 кубаметраў халоднай вады і 450 кубаметраў гарачай. Сам карыстальнік так і не змог уцямна патлумачыць, як так атрымалася. Адметна, што гарвадаканал і раней звяраў паказчыкі лічыльнікаў у гэтым доме, але некалькі разоў спецыялісты не маглі трапіць у «нядобрую» кватэру.
Цяпер неплацельшчык мусіць пагасіць запазычанасць у 16 млн рублёў, а ў выпадку няплаты за кожны дзень пратэрміноўкі яму будзе налічвацца пеня ў 0,3%.
— Штомесяц выяўляецца некалькі соцень выпадкаў разыходжанняў, — адзначыў Павел Жуйкоў, — большасць з іх датычыцца заніжэння паказчыкаў. Сярэдні памер дабору — 500 тысяч рублёў, але кожны месяц некалькі сумарных выпадкаў дабору могуць скласці і 2–3 мільёны.
Па словах намесніка дырэктара цэнтра, запазычанасць у 16 мільёнаў — выпадак рэдкі, за апошнія два гады такіх у Магілёве не было. Аднак бываюць і пераразлікі ў адваротны бок: вяртанне грошай складае каля чвэрці з усёй колькасці разыходжанняў з паказчыкамі лічыльнікаў.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.