Вы тут

«Гуды» ў Каробчыцах


Таленты з Беларускага таварыства інвалідаў па зроку спявалі, танчылі і паказвалі мастацкія вырабы

14 калектываў з розных куткоў нашай краіны прыехалі ў гродзенскі маёнтак «Каробчыцы» на ўжо традыцыйны творчы фестываль, што праводзіцца Беларускім таварыствам інвалідаў па зроку. Летась, напрыклад, фестывалілі эстрадныя выканаўцы, а сёлета, на фолк-фэсце «Гуды», галоўнымі дзеючымі асобамі былі аматары народных песень і абрадаў. Акрамя таго, 45 майстроў прывезлі ў Каробчыцы вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — з дрэва, саломы, паперы, тканіны, бісеру…

25-4

Музычна-тэатральную замалёўку «Чортавы заручыны» прадставілі калектывы Гродзенскай абласной арганізацыі БелТІЗ — тэатр мініяцюр «Перасмешнікі» і гурт «Іаланта». У абодвух даўнія традыцыі, ганаровае званне народных, якое, дарэчы, не даецца раз і назаўсёды, а патрабуе штогадовага пацвярджэння творчымі работамі.

Гумарыстычную замалёўку «Чортавы заручыны», створаную на тэму Купалля, гледачы сустрэлі смехам і гучнымі апладысментамі. Аўтару гэтых радкоў асабліва спадабаўся «чорт» у цудоўным беларускамоўным выкананні Аляксандра Крывіцкага, які працуе культарганізатарам на прадпрыемстве «Фільтр». Свае акцёрскія здольнасці праявіла (у вобразе ведзьмы) і пенсіянерка Марыя Уладзіміраўна Валадашчык. Ролю Купалінкі, зноў жа на выдатнай беларускай мове, выканала кіраўніца тэатра «Перасмешнікі» Галіна Пальчэўская. А гурт «Іаланта» ўпрыгожыў тэатральнае дзейства купальскімі спевамі.

—Мы штогод праводзім для работнікаў нашага прадпрыемства «Фільтр» свята Купалле, прычым стараемся не паўтарацца па сцэнарыях. І паколькі аўтарскімі ідэямі, што ёсць у кнігах, раней ужо скарысталіся, то цяпер прыйшлося пісаць новы сцэнарый сваімі сіламі. Вось і прыдумалі гумарыстычны сюжэт пра заручыны чорта з ведзьмай на Купалле, — кажа Галіна Пальчэўская.

25-5

Аўтарка пастаноўкі, вершаў да яе — кіраўніца гурта «Іаланта» Таццяна Вянско. Яна працуе з гэтым калектывам 38 (!) гадоў. У рэпертуары, які пастаянна папаўняецца, песні і народныя, і класічныя, і эстрадныя. Двойчы на тыдзень рэпетуюць, удзельнічаюць у кожным канцэрце на гродзенскім прадпрыемстве «Фільтр» і ў іншых гарадскіх імпрэзах.

—Мы сябе ўжо проста не ўяўляем без песні. І я, і старажылы гурта Ганна Рыгораўна Сакалоўская, Надзея Сямёнаўна Удот, Ірына Станіславаўна Ільінкова, — зазначае Таццяна Васільеўна.

У музычна-тэатральнай замалёўцы «Чортавы заручыны» дзяўчаты, якія крыху бачаць, удзельнічаюць у карагодах, танцах. А спяваюць зусім невідушчыя.

—Праблемы са зрокам перашкодай для выступленняў на сцэне не становяцца? — цікаўлюся ў Галіны Пальчэўскай.

—Цяжкавата, зразумела, але мы ўжо прыстасаваліся. Маем свае напрацоўкі, нейкі алгарытм дзеянняў. Бачыце, нават на сцэне ёсць разметка жоўтага колеру для слабавідушчых. А зусім невідушчых прыгожа суправаджаюць на сцэну іх партнёры па пастаноўцы.

Застаецца дадаць, што замалёўцы «Чортавы заручыны» прафесійнае журы прысудзіла перамогу ў намінацыі «Тэатральны фальклор». І даю гарантыю, што не пашкадуе той, хто запросіць самадзейных артыстаў з Гродна на нейкую імпрэзу.

Міхаіл Антоненка, намеснік старшыні цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку»:

—Такія фестывалі для нашых людзей — быццам нейкая аддушына сярод будняў. А таксама сведчанне таго, што некаторыя асаблівасці здароўя не замінаюць іх творчаму самавыяўленню. Дзякуй работнікам прадпрыемстваў БелТІЗа, якія сваёй працай зарабілі грошы на арганізацыю гэтага фэсту.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».