Мілая з выгляду дама — вядучая на тэлеэкране — пытаецца ў суразмоўцы, ці патрэбен, калі мы гаворым пра вядомага пісьменніка ці артыста, чорны піяр: гэта ж так ажыўляе вобраз, робіць яго больш чалавечым ці даступным.
Як пацвярджэнне яе слоў — гучныя скандалы «зорак», пра якія можна прачытаць у газеце, часопісе, інтэрнэце: адзін месяцамі не выходзіць з запою, другі на гастролях учыніў дэбош у рэстаране, трэці каторы раз мяняе жонку...
Часам нават звычайны крымінал, звязаны з падаткамі, фінансавымі парушэннямі закону, не выклікае ў фанатаў асуджэння ці абурэння.
А вось я чытаю пра акцёрскую сям'ю Паўла і Ганны Харланчукоў, у якіх чацвёра дзяцей, з якімі яны праводзяць увесь вольны ад спектакляў і здымак час.
Больш за тое, Павел, як сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы, выхоўвае дзяцей па-беларуску, і мова ў сям'і — не рэдкі госць, а штодзённая звычайная з'ява.
Ніякага чорнага піяру, а так прыемна, і вобраз становіцца і даступным, і чалавечным.
Не раз сутыкаўся з парадай, што, маўляў, каб пра цябе больш гаварылі, часцей нагадвай пра сябе чым-небудзь неардынарным. Няхай, маўляў, і нехта з негатыўным водгукам выступіць — усё ж рэклама. А адна чытачка, прачытаўшы пра светлыя і чыстыя пачуцці ў маіх творах, уздыхнула: «Хораша, але цяпер, на жаль, так амаль не пішуць».
Эпатаж, скандал, чарнуха — сёння часцей залог поспеху ў чытацкай, глядацкай аўдыторыі. І нармальныя, прыстойныя паводзіны нашых куміраў ужо здаюцца анахранізмам.
Чаму так адбываецца? Мне думаецца, ад таго, што ёсць спакуса ў некаторых людзей так бы мовіць наблізіць славутасць да свайго ўзроўню. «Вось вы кажаце — талент, геній, а ён п'е, як і я, і гуляе напрапалую...»
Я неяк выступіў з артыкулам у паважанай газеце пра неабходнасць вяртаць у грамадства аўтарытэт пісьменніка, такі, які ён быў у Льва Талстога, Антона Чэхава, Якуба Коласа, Янкі Купалы... Адразу знайшліся людзі, якія, як пад мікраскопам, пачалі шукаць, супраць каго гэты артыкул, што я меў на ўвазе.
Слова «за» часам становіцца менш папулярным, чым слова «супраць», адступленне ад нормы лічыцца важнейшым і цікавейшым, чым сама норма.
І мы мала задумваемся, як гэта ўздзейнічае на моладзь. І вось ужо ад жадання адступацца ад традыцыйных нормаў, рабіць насуперак адбываюцца трагедыі, бацькі губляюць дзяцей не ў пераносным, а ў самым што ні на ёсць натуральным сэнсе.
А мутны паток з эфіру, яркіх глянцавых старонак, заваблівых сайтаў не мялее, абрыньвае на душы людзей патокі бруду, вычварэнняў, усялякай іншай брыдоты.
І слова, якое заклікае да высокіх пачуццяў, да светлага і прыгожага, не дзейнічае, а чорны піяр святкуе перамогу, па-садысцку рагоча над застарэлымі, на яго погляд, паняццямі прыстойнасці, годнасці, дабрыні.
А калі чорнаму не супрацьпаставіць светлае, то ўрэшце перамагчы можа цемра.
Мне б гэтага не хацелася.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.