Дастойна пахаваныя яшчэ не ўсе салдаты Першай сусветнай вайны. Значыць, яна яшчэ не скончылася?
28 ліпеня 2014 года спаўняецца роўна 100 гадоў з пачатку аднаго з самых кровапралітных і маштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва — Першай сусветнай вайны.
— У апошнія дзесяцігоддзі праблематыка Першай сусветнай вайны знаходзіцца пад пільнай увагай навукоўцаў нашай краіны, — падкрэсліў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ. — У межах дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў у Інстытуце гісторыі фігуруе тэма, прысвечаная даследаванню гісторыі падзей Вялікай вайны на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, вялікая ўвага надаецца папулярызацыі падзей Першай сусветнай. У прыватнасці, навукоўцы прымаюць удзел у шматлікіх «круглых сталах», прысвечаных гэтай тэме. У кожнай справе мы імкнёмся данесці да шырокай грамадскасці нашай краіны і замежжа тое, што Беларусь была адным з найважнейшых эпіцэнтраў падзей Першай сусветнай вайны. І мы захоўваем гэтую памяць.
У апошнія гады расце цікавасць да падзей Першай сусветнай вайны і ў турыстаў. «У сувязі з гэтым тураператары, вядучыя спецыялісты, экскурсаводы распрацавалі шматлікія экскурсіі, — расказала галоўны спецыяліст Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына МАСТАШОВА. — У прыватнасці, Міністэрства спорту і турызму ў 2012 годзе арганізавала экскурсію, якая называецца «Пад крыжам Святога Георгія. Дарогамі Першай сусветнай». Летась стартавала экскурсія «Першая сусветная вайна на Піншчыне». Нават Магілёўшчына, дзе практычна не было ваенных дзеянняў, можа пахваліцца экскурсіяй, якая звязана са Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Варта адзначыць, што цікавасць да падзей той вайны праяўляецца не толькі ў беларусаў, а і ў замежных турыстаў.
Вялікія страты панесла наша краіна ў гады той вайны. Каля сотні тысяч беларусаў загінула, да 600 тысяч афіцэраў і салдат страціла на нашай тэрыторыі расійская армія ў ходзе баявых дзеянняў. У нас і сёння захоўваецца памяць аб іх. І вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, належыць упраўленню па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Беларусі.
— Праца па ўвекавечванні памяці ахвяр Першай сусветнай вайны пачалася з 1995 года, калі быў створаны 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён, — зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення Леанід МЯЦЕЛІЦА. — За гэты час знойдзена і перапахавана больш чым 4 тысячы астанкаў воінаў Першай сусветнай. На сёння ўжо ўстаноўлена больш чым 9 тысяч імёнаў беларусаў, якія загінулі ў гады той вайны. Акрамя таго, намі вядзецца пашпартызацыя вайсковых пахаванняў Першай сусветнай. Сёння іх — 163. Тым не менш справа працягваецца. Толькі ў гэтым годзе запланавана правесці пошукавыя работы на сямі аб'ектах.
Мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны, праходзяць не толькі сёлета. Многія з іх пачаты ў мінулым годзе, некаторыя працягнуцца ажно да 2018 года.
— У першую чаргу хочацца расказаць аб рэспубліканскай выставе «Беларусь у Першай сусветнай вайне», якая праходзіла ў Нацыянальным гістарычным музеі, — паведаміла начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ. — Тут былі прадстаўлены экспанаты, якія выкарыстоўваліся да вайны і ў гады ваеннага ліхалецця. Частка экспазіцыі прысвячалася таму, як гэтыя падзеі адлюстроўваюцца сёння. Унікальнасць выставы яшчэ і ў тым, што яна перасоўная. У прыватнасці, неўзабаве яна будзе прымаць наведвальнікаў у Смаргонскім краязнаўчым музеі. Хоць, вядома, цэнтральная падзея — будаўніцтва мемарыяльнага комплексу, прысвечанага 810-дзённаму супрацьстаянню ля Смаргоні».
Дарэчы, 1 жніўня ў Смаргоні адбудзецца міжнародны мітынг-рэквіем. У прадстаўнікоў іншых краін, якія вялі баявыя дзеянні на нашай тэрыторыі і чые продкі паляглі на беларускай зямлі, ёсць магчымасць падключыцца да стварэння мемарыялу. Што ні кажы, а агульная справа вядзе да агульнай памяці!
Вераніка КАНЮТА
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.