Вы тут

Уражаны Венецыяй


Выказванне ўдзельніка славутай біенале сучаснага мастацтва

Міхаіл Шыкаў там быў. А калі недзе быў мастак, то ён свае эмоцыі і ўражанні выяўляе ў творах — у сценах Музея сучаснага выяўленчага мастацтва можна пабачыць цэлую серыю пад назвай «Сады».

26-11

У некалі вельмі авангарднага паэта быў верш пра «горад-сад». І нешта такое бачылася вельмі нетрывіяльнае (не ў малой ступені з-за асобы самога паэта). «Сады» беларускага сучаснага мастака могуць здацца вельмі дзіўнымі. Нават надзвычай нетрывіяльнымі, нібыта з іншага вымярэння. Можа, гэта і нездарма: Венецыянская біенале для нашых сучасных мастакоў — гэта тое мастацкае вымярэнне, якое дазваляе адчуваць сябе часткай сусветнай культуры, творчасці, думкі. Таму ўсе туды імкнуцца. Таму і пабываць там — вялікі гонар. Пабываць — у сэнсе выставіцца. А Міхаілу Шыкаву пашчасціла асабліва. Ён мала таго што пабываў, а і быў архітэктарам Беларускага павільёна на 54-й біенале сучаснага мастацтва ў Венецыі ў 2011-м годзе. Гэта згодна з яго бачаннем афармляўся наш павільён, прастора напаўнялася творамі, думкамі, зашыфраванымі ў іх мастацкімі выказваннямі, заключанымі не толькі ў карцінах — сучаснае мастацтва актыўна працуе з аб'ектамі, скульптурамі, кампазіцыямі з розных рэчаў, праз якія даносіцца ідэя.

26-12

Гэта там... А тут, у гэтай выставе мы бачым Міхаіла Шыкава жывапісцам. Які стварае свае «Сады», хоць і не без адсылкі да Венецыі. Напрыклад, адна з прац звяртаецца нават у назве да славутага Арсеналу (адной з буйных выставачных пляцовак). Наогул мастацтва ў дні біенале ў Венецыі вельмі шмат: акрамя нацыянальных павільёнаў ёсць выставы маладых мастакоў і іншыя. Галоўнае — паказаць яго так, каб гледачы разумелі сутнасць працэсаў, якія адбываюцца ў сусветным мастацтве (не без адрыву ад сусветнага жыцця). Дык вось, нешта падобнае Міхаіл Шыкаў паспрабаваў зрабіць у Беларусі як архітэктар выставы сучаснага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта», якая была буйным праектам, што аб'яднаў розныя віды сучаснай творчасці ў нашай краіне.

Невыпадкова такую працу даверылі яму, бо Міхаіл Шыкаў — дацэнт кафедры інтэр'еру і абсталявання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. І хоць для нас такія праекты — толькі першыя крокі ў арганізацыі сучасных буйных выстаў, іх варта рабіць, каб было развіццё. Хто пабываў у Венецыі на выставе сучаснага мастацтва, той гэта разумее. І імкнецца высаджваць мастацкія «сады» тут. І гэта ў шырокім сэнсе, а не толькі пра выставу самога Шыкава. Зрэшты, яе ідэю ён тлумачыць так: «Гэтая выстава — фіксацыя асабістых візуальных асацыяцый і разважанняў пра цуд і парадоксы Венецыянскай біенале. Венецыянскія фактуры — гэта спалучэнне прыроднай празрыстасці з выяўленчасцю, якую ўнёс чалавек, чарговы пошук традыцыйнага культурнага сэнсу, асабісты тэатр рэнавацый сучаснасці выяўленчага мастацтва. Вечны пошук мэты: мастак і мадэль, альбо мастак-мадэль?»

Мадэль Міхаіла Шыкава — гэта не толькі мадэль, якая яго натхняла і падштурхоўвала да працы (у гэтым выпадку горад). Калі паглядзець на творы, то паводле іх мастацтва — гэта мадэль свету, яно часам праграмуе і вызначае развіццё. Ці, можа, прадчувае і папярэджвае? У любым выпадку, мадэлі, якія паўстаюць з карцін Шыкава, яшчэ раз правакуюць на разважанні пра тое, што ёсць сучасная мастацкая творчасць і дзеля чаго яна. Каму яна цікавая і чым прываблівае мастацтвазнаўцаў і калекцыянераў, якія імкнуцца кожны раз у тую ж Венецыю. І мы можам паразважаць, бо калі нехта стварае «Сады», то гэта ж каму-небудзь патрэбна?!.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?