Вы тут

Памяці Паўла Саковіча


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 25 ліпеня 2014 г.

___________________________________________________________________________

Здаецца, толькі ўчора ён заходзіў у рэдакцыю “ЛіМа” – прыносіў апавяданне з перажытага ў дзяцінстве, бо і сам быў з пакалення ваенных падранкаў, а значыць, зведаў і голад, і холад, і многія іншыя выпрабаванні таго цяжкага часу. Знешне такі ж, як і заўсёды: інтэлігентны, ветлівы, хоць у меру скрытны, але заўважна схуднелы, з нейкім глыбокім жалем у бялёсых вачах. І вось сумная вестка: 18 ліпеня не стала Паўла Саковіча, чалавека шчодрай душы, вядомага паэта і празаіка, грамадскага актывіста, вялікага сябра беларускіх дзяцей. Адразу зажурыўся гарачы і сонечны ліпень, атуліўся жалобай ягоны родны і самы любімы на свеце горад Орша, дзе на гэтую страту як быццам азваліся рэхам далёкія гудкі сёння ўжо забытых паравозаў.

Сакович

Сын праслаўленага машыніста, дзіця і выхаванец чыгункі, Павел Саковіч тут, на “вузлавой” станцыі Орша нарадзіўся за два месяцы да пачатку вайны, потым жыў і выхоўваўся ў пасёлку чыгуначнікаў Орша-Заходняя. На ўсё жыццё ён запомніў жахі вайны, са слязамі на вачах апавядаў пра трагічную смерць сястрычкі Волечкі, якую фашысты застрэлілі за неасцярожна ўзяты ў іх рэвальвер. Была пасляваенная нішчымніца, усеагульная бяда і роспач. На мінах, захаваных у зямлі, гінулі лепшыя сябры і аднагодкі будучага пісьменніка. Аднак, нягледзячы на незагойныя шнары на сэрцы, падлетак стараўся добра вучыцца ў школе, паспяхова скончыў гістарычны факультэт БДУ.Далейшыя вяхі ягонай біяграфіі такія: служыў у войску, працаваў на заводзе, у рэдакцыях аршанскай “раёнкі” і сталічнай “Чырвонай змены”, у партыйных камітэтах і Міністэрстве культуры, загадваў культурна-масавым аддзелам Белсаўпрофа, быў намеснікам старшыні Рэспубліканскага савета па турызме. Ужо ў даволі сталым узросце, у 1996 годзе, вярнуўся да журналісцкай і літаратурнай дзейнасці: быў загадчыкам аддзела часопіса “Полымя”, потым перайшоў у “Вожык”, дзе працаваў да пенсіі.

За гады творчай працы Павел Саковіч напісаў шмат кніжак прозы, паэзіі, сатыры і гумару, вершаў і празаічных твораў для дзяцей. Перажытае ў маленстве нечакана ў памяці і сэрцы паэта адгукнулася значнай па аб’ёме і арыгінальнай па змесце паэмай “Не моўкне рэха тых гудкоў...”, якая асобным выданнем выйшла да 940-годдзя  Оршы. Паэма прысвечана землякам-аршанцам, і ў першую чаргу – чыгуначнікам, партызанам, Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву, а таксама бацьку — машыністу паравоза, шчыраму працаўніку, чуламу і спагадліваму чалавеку. Тэма чыгункі заўжды хвалявала і натхняла пісьменніка. Ён жа і свой празаічны твор – апавяданне “Бацькаўшчына”, які стаў пераможцам літаратурнага конкурсу, упершыню надрукаваў у прафесійнай, вельмі папулярнай тады газеце чыгуначнікаў “Гудок”. Што для адзначанай вышэй паэмы, то ў вобразе бацькі асобнымі рысамі характару, міласэрнымі ўчынкамі пазнаецца легендарны Андрэй Лятун з аднайменнага апавядання Міхася Лынькова – непапраўны рамантык і аптыміст, чалавек моцнай сілы волі. Такім у дзяцінстве марыў стаць і Павел Саковіч, але вучыцца на машыніста лакаматыва яму не выпала: ён стаў добрым пісьменнікам.

Паэт любіў сваю чыгуначную станцыю Орша, ганарыўся тым, што гэты славуты край апявалі Янка Купала, Міхась Лынькоў, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў. Нямала цікавых мастацкіх твораўпрысвяціў землякам-аршанцам і сам Павел Саковіч. Яго добра ведалі і заўсёды шчыра запрашалі на вечарыны настаўнікі і вучні мясцовых школ, работнікі культуры, супрацоўнікі аршанскіх бібліятэк, клубаў, музея Уладзіміра Караткевіча. Тут часта адбываліся сустрэчы з чытачамі то сам-насам, то калектыўна.

Сёння ж, калі слынны пісьменнік пайшоў з жыцця, журыцца гарачы ліпень, смуткуе знакамітая Орша, дзе будзе захаваны побач з бацькамі прах творцы. Сваё апавяданне “Скулан”, прысвечанае шчымлівым падзеям далёкіх пасляваенных часін, шаноўны Павел Паўлавіч марыў пабачыць у “ЛіМе”, але не паспеў: тая, што з іржавай касой, на жаль, не ведае ні літасці, ні спагады.

Віктар ГАРАДЗЕЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Асноўную частку часу Аўноў паглыне праца. 

Грамадства

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

Які культурны код зашыфраваны ў «Абрадvеі»?

«Я натхнялася творчасцю беларускіх бабуль...»

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.