Пара зразумець, што чалавек з псіхічным захворваннем — не той, хто будзе бегаць па музеі і псаваць карціны
Не так даўно ў Мінску адбыўся шакіруючы выпадак. Дзяўчына, якая пакутавала на шызафрэнію, жыла са сваёй мамай, і калі маці памерла, у дзяўчыны з-за моцнага стрэсу пачалося абвастрэнне захворвання. Спецыялісты кажуць, што абвастрэнні бываюць розныя. Гэтая дзяўчына ўпала ў ступар: сядзела на ложку і не варушылася. І ў выніку пражыла ў кватэры з трупам сваёй маці два тыдні, пакуль суседзі не забілі трывогу з-за непрыемнага паху. І не знайшлося нікога — ні чалавека, ні арганізацыі, хто б пацікавіўся, як у яе справы.
— ...Хіба што псіханеўралагічны дыспансер раз на месяц абзвоньвае сваіх хворых, якія знаходзяцца на ўліку, — кажа 38-гадовая Таццяна, якая жыве з шызафрэніяй ужо амаль 20 гадоў. Так, увесь гэты час яна на таблетках, і кожныя некалькі гадоў трапляе ў бальніцу на два месяцы. Але пры гэтым у Таццяны вышэйшая адукацыя — яна інжынер-эканаміст і да 2006 года працавала ў адной з навуковых арганізацый. З 2008 года атрымала групу інваліднасці, з тых часоў не працуе.
Калі шчыра, калі б я не ведала пра яе дыягназ, то ні пра што б і не здагадалася. Звычайная жанчына, спакойная, разважае разумна. Адзінае, што крыху кідаецца ў вочы, — пры размове яна зрушвае бровы, як быццам спрабуе больш засяродзіцца, але і толькі — можа сысці за бяскрыўдную звычку. Між тым Таццяна ўпэўнена, што чалавек назіральны можа выявіць, што яна хворая. І прыкметна, што думка аб гэтым ёй вельмі непрыемная.
— У мяне была праблема набыць штосьці ў краме. Я баялася людзей. Людзі са сферы абслугоўвання могуць зняважыць. Паводзяць сябе пагардліва... — кажа жанчына. — Калі прымаеш прэпараты, то можа быць млявасць. Аднойчы ў метро мяне прынялі за п'яную, а я проста была пад уздзеяннем лекаў...
У прынцыпе, я разумею, чаму Таццяна не хоча, каб навакольныя ведалі пра яе дыягназ: мала каго людзі адштурхоўваюць ад сябе так упарта, як псіхічна хворыя. Многія глядзяць на іх з асцярогай і падазрэннем, цураюцца або прынамсі адчуваюць сябе няёмка ў іх прысутнасці. Між тым, думаю, не памылюся, калі скажу, што на самой справе ў асяроддзі амаль кожнага чалавека ёсць людзі, якія пакутуюць на тое ці іншае псіхічнае расстройства, і большасць з нас нават не здагадваюцца пра гэта.
Дактары-псіхіятры кажуць, што сёння, дзякуючы стварэнню новых лекаў, многіх іх пацыентаў можна вярнуць у грамадства. Але ёсць адна праблема: дасягненні фармакалогіі апярэдзілі гатоўнасць грамадства да такога ходу падзей. Таму гэтыя людзі працягваюць адчуваць сябе ізгоямі і вельмі саромеюцца свайго захворвання. Да самага апошняга часу іх ніхто не падтрымліваў і ў сацыяльным плане, адно Міністэрства аховы здароўя рабіла тое, што магло, у межах сваёй кампетэнцыі...
«А дзе ж самі хворыя?»
Але калі Таццяна ляжала ў бальніцы два гады таму, псіхатэрапеўт ёй падказала, што ў Мінску адкрыўся клубны дом для такіх пацыентаў як яна. Таццяна стала яго наведваць. «Тут мы маем зносіны, па серадах у нас — камп'ютарныя курсы, па чацвяргах гатуем: тут ёсць мультыварка. Маецца доступ да інтэрнэту, можам паглядзець разам фільм...» — распавядае яна.
Больш за год сюды ходзіць і
37-гадовы Андрэй: «Тут усе на роўных, ніхто не тыкае пальцам, можна добра правесці час». Менавіта Андрэй сустрэў мяне на падыходзе: «Вы карэспандэнт? Хадземце, я вас праводжу». І гэта было вельмі дарэчы, таму што мне прыйшлося нямала паблукаць на ўскраіне Мінска, пакуль я знайшла неабходны будынак. А калі ішла за Андрэем, спрабавала зразумець: ён супрацоўнік або чалавек «з дыягназам»? Звычайны мужчына, хіба што вочы трохі сумныя... І толькі фраза «Вы позна, многія з нашых ужо пайшлі дадому» дазволіла зразумець, да якой катэгорыі яго залічыць.
Дырэктар клубнага дома «Адкрытая душа» Вольга Рыбчынская толькі ўсміхаецца: «Калі да нас прыходзілі валанцёры (было пару раз), дык яны пыталіся: а дзе ж самі хворыя? Мабыць, яны чакалі ўбачыць нешта з фільмаў жахаў, а тут усё спакойна, звычайныя размовы, чаяванні...».
Дарэчы, клубны дом — гэта мадэль рэабілітацыі людзей з псіхіятрычнымі дыягназамі, якую распрацавалі самі людзі з псіхічнымі захворваннямі. Гэта адбылося ў 1948 годзе ў ЗША. Спачатку гэта была група самадапамогі, потым туды запрасілі сацработнікаў. Цяпер у свеце каля 400 такіх клубных дамоў.
У Беларусі першы клубны дом «Адкрытая душа» адкрыўся ў 2011 годзе. Гэта быў сумесны праект Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў і саюзаў дабрачынных арганізацый Баварыі, клубнага дома «Ластаўчына гняздо» (Мюнхен) пры фінансавай падтрымцы фонду «Акцыя — чалавек» (Германія). Падтрымаў гэтую ідэю і РНПЦ псіхічнага здароўя.
— Цяпер мы працуем ужо без фінансавай падтрымкі нямецкага фонду — з гэтага года дзякуючы дзяржаўнаму сацыяльнаму заказу разлічваем на фінансавую дапамогу ад дзяржавы (ужо выйгралі тэндар), — кажа Вольга Рыбчынская.
Да гэтага для людзей, хворых на шызафрэнію, не існавала сацыяльных паслуг і рэабілітацыйных цэнтраў. Больш за тое, шызафрэнія з'яўляецца медыцынскім супрацьпаказаннем для таго, каб атрымліваць дапамогу з боку тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. Але ж такія людзі таксама маюць патрэбу ў дапамозе з боку грамадства!
Сёння ў клубе налічваецца каля 80 членаў: не толькі з Мінска, але і прыгарадаў, а таксама Лагойска і Барысава.
Дрымучыя стэрэатыпы... адукаваных людзей
— Мы працуем з людзьмі з шызафрэніяй, псіхозамі, псіхатычнымі расстройствамі і з людзьмі з расстройствамі настрою (сюды адносяцца дэпрэсія, біпалярнае расстройства), — кажа Вольга. — Мы разумеем асаблівасці такіх людзей, спакойна ставімся, калі прыходзіць чалавек ва ўзбуджаным стане, разумеем, што патрэбен час, каб ён асвоіўся ў нас.
— Працаваць з імі не так складана, як здаецца на першы погляд, — запэўнівае мяне сацработнік. — Сюды прыходзяць усё ж такі людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Раз яны вырашылі не сядзець дома і прыйшлі да нас у клубны дом, значыць, настроены на пазітыўныя змены. Складаных сітуацый я і не ўзгадаю. Можа, часам хацелася б большай актыўнасці з іх боку, але мы разумеем, што многія прымаюць моцныя снатворныя. Таму не ўсе могуць прымусіць сябе прыйсці да нас к 9 раніцы. Гэта часам фізічна нерэальна пасля дозы таблетак.
Яшчэ адна асаблівасць: для таго, каб чалавек у нас адкрыўся і праявіў сябе, трэба, каб прайшло шмат часу, напрыклад, паўгода, год... Спачатку яны нічога не хочуць пра сябе распавядаць. Але пасля паціху, бачачы, што ўсе навокал настроены прыязна, паціху раскрываюцца. Потым людзі пачынаюць сустракацца адно з адным ужо і за межамі клубнага дома, завязваюцца сяброўскія стасункі...
Мы ўсе разам ходзім на выставы, у музеі, тэатры. Хоць аднойчы быў абуральны выпадак. Неяк мы збіраліся наведаць адзін з музеяў. Папярэдне патэлефанавалі, сказалі, што хацела б прыйсці група людзей з інваліднасцю. У нас спыталі, з-за чаго інваліднасць, і мы адказалі, што з-за псіхічнага захворвання. Супрацоўніца музея была вельмі здзіўлена і заявіла, што яны не хочуць бачыць у сябе ў музеі членаў нашага клубнага дома. А мы былі ў шоку, даведаўшыся, якое ў яе ўяўленне пра такіх людзей і чаго яна чакае ад іх! Наяўнасць такіх дрымучых стэрэатыпаў было асабліва дзіўна назіраць у адукаванага чалавека з сферы культуры. Даўно пара зразумець, што чалавек з псіхічным захворваннем — не той, хто будзе бегаць па музеі і псаваць карціны, — з горыччу заўважыла Вольга Рыбчынская.
--------
Сапраўды, стэрэатыпаў у дачыненні да гэтых людзей усё яшчэ шмат. Так, некаторыя лічаць, што людзі з псіхічнымі захворваннямі маюць нізкі інтэлект, прасцей кажучы, дурні, — распавядае Вольга. — І адпаведна ставяцца да іх. Але інтэлект і псіхічнае захворванне звычайна ніяк не звязаны паміж сабой. Сярод такіх людзей, як і сярод здаровых, ёсць больш разумныя і менш.
І ўзровень агрэсіўнасці ў такіх людзей такі ж, як і сярод здаровых. І калі выпадкі агрэсіўнасці ўсё ж бываюць, то гэта, як правіла, не таму, што чалавек з псіхічным захворваннем агрэсіўны, а таму, што на яго няправільна рэагуюць і ён пачынае абараняцца. І часцяком абараняецца мацней, чым таго патрабуе сітуацыя, таму што ён і так «на мяжы».
Дарэчы, спецыялістамі даказана, што самую сур'ёзную небяспеку ў грамадстве ўяўляе малады псіхічна здаровы беспрацоўны мужчына ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, асабліва калі ён знаходзіцца пад уплывам алкаголю або наркотыкаў. Псіхічна хворыя (калі выключыць хворых на алкагалізм і наркаманію) здзяйсняюць менш за 2% з усіх гвалтоўных злачынстваў.
Р.S. Калі ішла праца над гэтым артыкулам, мы даведаліся, што з мінулага года ў Мінску працуе яшчэ адна ўстанова для людзей з псіхічнымі захворваннямі — Цэнтр «Адкрыты дом», створаны Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа пры падтрымцы Чырвонага Крыжа Ісландыі.
Святлана Бусько
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.