На два дні старадаўні горад Магілёўскай вобласці стаў цэнтрам рыцарскага фэсту
Звычайны невялічкі райцэнтр было не пазнаць. На яго вуліцах быццам бы перамяшаліся адразу некалькі розных эпох. Жанчыны ў сярэднявечных сукенках, мужчыны ў рыцарскай амуніцыі, дзеці ў традыцыйных строях. Песні, музыка, турніры, конныя баі, кірмаш рамёстваў, гульні, дзіцячыя пляцоўкі прыцягнулі ў Мсціслаў некалькі тысяч чалавек.
Па галоўнай вуліцы ў латах
Цэнтральная плошча горада ледзь умяшчала ўсіх ахвотных паглядзець урачыстае адкрыццё і святочнае шэсце рыцарскіх клубаў. З Беларусі, Расіі, Украіны іх прыехала амаль 320 чалавек.
Асноўным месцам падзей стала Замкавая гара, дзе яшчэ напярэдадні раскінулі свой лагер рыцары і іх дамы. Але фестываль не абмежаваўся аднымі замкавымі межамі. У гарадскім скверы працавала выстава-продаж работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і гасцінна запрашалі да сябе сельгаспадворкі. Сувеніры на любы густ прапаноўвалі гандляры горада майстроў, палаткі якіх размясціліся аж на чатырох вуліцах Мсціслава. Сярэднявечныя містэрыі дэманстравалі на вуліцы Савецкай батлейкі. Не шкадаваў народ грошай і на платныя забавы. Самымі таннымі з відовішчаў (усяго 5 тысяч рублёў) былі разнастайныя гонкі, дзе ў спрыце спаборнічалі парасяты і нават... пацукі і тараканы. А вось квіткі на рыцарскія турніры, канцэрты фолк-гуртоў і фаер-шоу каштавалі ад 20 да 40 тысяч рублёў.
Пад гукі гарматы
Шмат каго цікавілі тыя артэфакты, якія за апошнія два гады былі знойдзены на тэрыторыі Мсціслава і ў яго ваколіцах археолагамі Магілёўскага МДУ імя Куляшова. Летась са дна рэчкі Віхра дайверы мінскага клуба «Марскі Пегас» паднялі астанкі рыцара ХVІ стагоддзя ва ўнікальных даспехах. Унутры іх былі рэшткі гэтага воіна. На думку гісторыкаў, ён загінуў у 1502 годзе падчас бітвы з маскоўскім войскам. Перапахаванне невядомага рыцара адбылося ля Замкавай гары — за некалькі гадзін да таго, як гаспадар свята князь Расціслаў Мсціславіч разам з княгіняй Анастасіяй Слуцкай аб'явілі аб пачатку фэсту. Як адзначыў кіраўнік археалагічнай экспедыцыі, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк, гэта наогул незвычайны для нашай краіны факт: астанкі воінаў часоў ВКЛ дагэтуль яшчэ не знаходзілі. Але, удакладніў ён, не выключана, што падчас далейшых археалагічных даследаванняў з'явяцца і іншыя знаходкі.
Па падвалах кармеліцкага касцёла
Кармеліцкі касцёл ХVІІ стагоддзя — адзін з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры Сярэднявечча. Ён лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 1 катэгорыі, але рэстаўрацыйныя работы тут пакуль не вядуцца. Праўда, на час святочных мерапрыемстваў ён быў усё ж адчынены для турыстаў. Менавіта ў яго сутарэннях Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей (адзіны па сваім профілі на тэрыторыі вобласці!) на працягу двух дзён дэманстраваў найбольш цікавыя знаходкі (у тым ліку і рэстаўраваныя даспехі таго самага, пахаванага каля Замкавай гары, невядомага рыцара). Тут жа можна было ўбачыць прадметы побыту эпохі Сярэднявечча, а таксама экспазіцыю касцюмаў ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў — ад готыкі да Рэнесансу, прадстаўленых дзяржуніверсітэтам імя М. Танка. Яны створаны з сучасных матэрыялаў, але з дакладнасцю перадаюць атмасферу старадаўняй эпохі.
А вось падняцца на самы высокі пункт касцёла, каб з назіральнай пляцоўкі паглядзець на наваколле горада (адтуль усю Замкавую гару з рысталішчам як на далоні відаць), адважыліся нямногія. Вельмі крутымі падаліся ім прыступкі і небяспечнай вышыня. Затое тыя, у якіх атрымалася пераадолець страх і ляноту, не пашкадавалі.
Самыя апантаныя рыцары — тут
Па-сапраўднаму святочны дух лунаў над Замкавай гарой, дзе амаль без перапынку адбываліся турніры і канцэрты ў сярэднявечным стылі. Тут жа вучылі асновам старадаўніх танцаў. Ноччу і наогул відовішча было захапляльным. На пляцоўцы, дзе клубы разбілі адзін вялікі лагер, не было свабоднага месца. Тут жа працавалі паходныя кухні, хаця Мсціслаўскае райпа прыгатавала для гасцей смачны боршч, бульбяную кашу і катлеты. Цікава было назіраць за чаргой апранутых па-старадаўняму людзей з міскамі, якіх абслугоўвалі кухары з сучаснага грузавіка.
— Мы тут упершыню, але шмат чаго добрага чулі пра гэты фэст ад нашых калег, арганізацыя — проста супер. Па нас у Смаленск арганізатары нават паслалі аўтобус. І там знайшлося месца і ўсяму нашаму скарбу — сталам, лаўкам, посуду, — дзялілася ўражаннямі Ганна са смаленскага клуба «Крыжак», які 10 гадоў таму заснаваў яе муж. У Мсціслаў сужэнцы прыехалі разам з 6-гадовай дачкой Ірынай.
А вось рыцары смаленскага аддзялення ВГК «Нюрнберг» на фестывалі ўжо другі раз.
— Тут па-сапраўднаму хатняя атмасфера, пазітыўныя людзі, — падзяліўся ўражаннямі Сяргей. Ён якраз рыхтаваў сваю алебарду да бітвы.
— Па правілах бою, мы не прымяняем зброю па яе сапраўдным прызначэнні, але яна павінна захоўвацца ў эстэтычным выглядзе, — патлумачыў ён, перахапіўшы мой погляд. — Але без траўмаў справа не абыходзіцца. Найбольш сур'ёзныя з іх — страсенне мозга ці пераломы. У навічкоў яшчэ бываюць цеплавыя ўдары. Калі на вуліцы такая гарачыня, як цяпер, а ты ў ватоўцы, на якую надзета металічная амуніцыя на 25-30 кілаграмаў, дык не заўсёды бывае камфортна.
На погляд Сяргея, які бываў і на еўрапейскіх турнірах, самыя апантаныя рыцары жывуць у Расіі і Беларусі. «Таму на рыцарскіх турнірах нас амаль ніхто не можа перамагчы апошнія пяць гадоў», — адзначыў ён.
Грошы для храма
Фестываль не толькі дорыць прыемныя хвіліны прыхільнікам сярэднявечнай культуры, ён дае магчымасць развівацца Мсціславу. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 72 помнікі архітэктуры, яшчэ 2 — археалагічныя і 1 — помнік гісторыі. На жаль, большасць з іх у занядбаным стане і мае патрэбу ў рэстаўрацыі. Але грошай не хапае. На сярэднявечным свяце фестываль зарабіў амаль 340 мільёнаў рублёў, і гэта без уліку гандлю. Як паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп, фестываль цалкам апраўдаў затраты. — Толькі музей сабраў амаль 6 мільёнаў рублёў на выстаўцы ў кармеліцкім касцёле. Улічваючы, што квіток каштаваў усяго 5 тысяч рублёў, вынік вельмі добры, — адзначыла яна. — Мы нават вырашылі пакінуць там гэтую выставу. Не выключна, што частка сродкаў пойдзе на будучую рэстаўрацыю будынка.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.