«Яўген Скурко ў маленстве быў вельмі рухавым, дапытлівым хлопчыкам. У школцы вельмі любілі адну забаву: падчас перапынку паміж урокамі дзеці залазілі на печку і скакалі на плечы вучням, якія заходзілі ў пакой. Аднойчы так зрабіў маленькі Жэня — і нечакана для сябе скокнуў на спіну... настаўніку». Пагадзіцеся, такія звесткі пра народнага паэта Максіма Танка не прачытаеш ні ў адным падручніку.
З рамеснікам Міхаілам Чарняўскім мы пазнаёміліся гарачым сёлетнім маем на кірмашы ля сталічнага Палаца спорту. Чэмпіянат свету па хакеі павольна рухаўся да свайго завяршэння, як і прыпалацавы гандаль. Гарачы інтарэс у мяне выклікалі не толькі драўляныя кубкі, але і аповеды Міхаіла пра яго родную вёску Шкленікова, паэта Максіма Танка, з якім, аказваецца, вучыўся ў адной школе ягоны бацька. Крыху пагаварыўшы, мы развіталіся і дамовіліся летам сустрэцца ўжо на яго тэрыторыі.
Зямля лясоў, бацяноў, залацістых, як смажаныя дранічкі, палёў, і раскіданых паўсюль, нібы гарох, валуноў. Гэта першыя мае ўражанні ад Мядзельшчыны. Напэўна, калі б праехаў на маршрутцы праз сам райцэнтр, дадаў бы ў гэты спіс яшчэ і азёры, якія калісьці кармілі амаль усё тутэйшае насельніцтва. А пакуль я любуюся мясцовымі краявідамі і задаю пытанні пра вялікія камяні Міхаілу Чарняўскаму, які сустрэў мяне з аўтобуса ля павароту на Шкленікова.
— Ведаеш, Пімен Панчанка неяк трапна пажартаваў: «Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў, — усміхаецца спадар Міхаіл і коціць далей свой ровар да вёскі. — Ёсць і каля Шкленікова сапраўдны каменны гігант. Навукоўцы нават устанавілі, што важыць ён больш за 40 тон. Экскурсавод мне аднойчы распавёў, што завецца ён Чортавым каменем. Я слухаў, слухаў, а пасля заўсміхаўся: «Столькі гадоў пражыў у Шкленікове, а такую назву ўпершыню чую». Затое дакладна магу сказаць, тое азярко ля шашы, — Чарняўскі спыняецца і паказвае рукой назад, у бок шумнай дарогі, — вершам апеў Максім Танк і назваў яго легендай пра Шкленікаўскае возера. Між іншым, сам Танк лічыў гэту легенду дэбютам у паэзіі...
Знешне вёска Шкленікова нагадвае дзясяткі сваіх сучасных сясцёр: старых жыхароў можна пералічыць літаральна на пальцах адной рукі, маладыя з'ехалі, а летам у вёсачцы час бавяць дачнікі. Старадаўняя брукаванка разразае паселішча на дзве часткі. Да дома Чарняўскага ісці доўга не трэба. Яго «фазэнда» — амаль на самым уездзе. Знешне дом нагадвае сапраўдную аграсядзібу: разная таблічка паведамляе нумар дома, а над варотамі выбіты надпіс «Скленікова 1324».
— Менавіта так на старажытных картах называлася вёска. Пра гэта я даведаўся ў музеі, — здагадваецца пра маё пытанне спадар Міхаіл. — А 1324 годам датуецца першая згадка пра Мядзел. Праўда, ёсць верагоднасць, што вёска калісьці знаходзілася ў іншым месцы. Хто ведае, у тыя часы людзей часта касіў мор, эпідэміі, і ім прыходзілася пераязджаць з месца на месца.
Магчыма, Міхаіл Чарняўскі мае рацыю, бо нават Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў згадваў Шкленікова пад 1865 годам. Хранікёры паведамлялі: са 135 жыхароў 24 вызнавалі каталіцызм, амаль усе астатнія — праваслаўе. Свае праваслаўныя карані мясцовыя жыхары захавалі і да сённяшніх часоў. Чарняўскі ўзгадвае, як людзі раней ездзілі на набажэнствы ў Княгінін і Сваткі, пакуль там камуністы не разбурылі святыню. Мясцовы старшыня сельсавета, які кіраваў гэтым працэсам, пасля перакуліўся на сваім матацыкле, але застаўся жывы. Тамтэйшыя вернікі перашэптваліся паміж сабой і бачылі ў гэтым здарэнні непасрэдную сувязь са здзекам з царквы.
— Гэты дом бацька збудаваў ужо пасля вайны — у 1946-м, — рамеснік запускае мяне ў сваё жытло, добрую частку якой займаюць майстэрні. — У мяне з жонкай ёсць кватэра ў Маладзечне, але апошнія гадоў 7 больш часу жыву і працую менавіта тут — на малой радзіме.
Пакуль п'ём гарбату, Чарняўскі расказвае пра колішніх суседзяў. Напрыклад, праз дарогу жылі іх цёзкі па прозвішчы, у якіх пэўны час кватараваў Максім Танк, калі вучыўся ў шкленікоўскай польскай пачатковай школе.
— Маленькі Яўген Скурко дабіраўся пешкі з роднай Пількаўшчыны ў Шкленікова і, каб позна не вяртацца дадому, заставаўся начаваць у Вольгі Чарняўскай. Давыд Лаўрэнцьевіч, мой тата, хоць і быў старэйшы за яго на два гады, будучага паэта памятаў няблага. Жэня Скурко ў дзяцінстве быў вельмі рухавым, дапытлівым хлопчыкам. Добра вучыўся. У іх школцы вельмі любілі адну забаву: падчас перапынку паміж урокамі дзеці залазілі на печку і саскоквалі на плечы вучням, якія заходзілі ў пакой. Аднойчы менавіта так зрабіў маленькі Жэня, але нечакана для сябе скокнуў на спіну... настаўніку. Ох, і добрага ж ён тады атрымаў выспятка!
Я прашу спадара Міхаіла паказаць месца, дзе калісьці месцілася тагачасная школка. Мы ідзём па ціхай вёсцы амаль да самага лесу, бяром управа, пралазім пад нізкімі галінамі дрэў і неўзабаве наторкваемся на яму, выкладзеную вялікімі камянямі. Гадоў 90 таму тут быў склеп, і настаўнікі трымалі ў ім свае харчы. Сёння заблукалыя адпачывальнікі скідваюць у яму сваё смецце...
Вайна прынесла ў Шкленікова шмат гора.
— У тыя часы тут было сапраўднае безуладдзе. Паліцай сядзеў у Сватках, немцы — у Мядзеле. Усе толькі і думалі, як перажыць вайну. Кагосьці забралі на фронт, нехта пайшоў у партызаны... А вераснем 1943-га прыйшла пагалоска, што немцы паляць вёскі. Брусы, Андрэйкі, некалькі дамоў у Замашшы... Да Шкленікова было не так далёка, і маладыя, тыя, хто яшчэ мог хадзіць, вырашылі схавацца ў балоце.
Астатнія ў вёсцы засталіся. Сярод іх — бабуля нашага суразмоўцы. Праз некалькі дзён з балота пабачылі, як з боку паселішча ідзе дым. Колькі чалавек вырашылі даведацца, ці застаўся жывым нехта, што здарылася з хатамі? І калі людзі падпаўзалі да першых двароў, Давыда Чарняўскага ў траве заўважыў вартавы, адвёў у вёску. Нямецкі афіцэр яго доўга дапытваў, спрабаваў прыпісаць яму сувязь з партызанамі. Нават у Гальяша Чарняўскага, стрыечнага брата Давыда, солтыса вёскі, не атрымалася пераканаць вайскоўца. У выніку як «партызана» яго загадалі расстраляць. Аднак фашысцкі салдат адвёў яго ў іншы канец вёскі, ударыў нагой у спіну і стрэліў у паветра. Усё перамяшалася ў гэты момант у галаве Давыда, але думкі пра жыццё, пра тое, што вёску «забілі», а яго — не, гналі яго з усіх ног назад у лес да тых, хто яшчэ жывы.
Калі карнікі з'ехалі, жыхары вярнуліся і замест двароў знайшлі папялішчы, а на месцы гумна — косці 16 чалавек. Пазнаць, чые яны, было немагчыма. А таму і хавалі сем'ямі тое, што атрымалася супольна знайсці. Пасля вайны ўсе двары адбудавалі. Праўда, напаміны пра тыя часы знаходзяць і зараз. Каля падмурка спадар Міхаіл неяк выкапаў галавешкі, відаць, ад спаленай хаты. Захоўвае іх цяпер, як музейны экспанат.
— Цікава, а які лёс напаткаў вашага солтыса?
— Дзядзьку Гальяша пасадзілі. Але прайшоў час, і ён вярнуўся — маўклівым, не вельмі гаваркім чалавекам. Мы часта разам з ім хадзілі на пасту, то бок пасвіць кароў, і выбіць з яго ўспаміны з турэмнага жыцця было неймаверна складана. Нягледзячы на гэта, ён пастаянна чытаў і выпісваў газету «Праўда».
Мы развітваемся з Чарняўскім якраз на тым месцы, дзе і сустрэліся — каля павароткі на Шкленікова. Штодня тут праносяцца тысячы машын, кіроўцы якіх ніколі не чулі і, магчыма, не пачуюць пра гэту вёсачку, па якой калісьці са школы за сябрамі бег маленькі Жэня Скурко, будучы паэт Максім Танк, а людзі клалі трывалую брукаванку, якая яшчэ перажыве нас усіх. Усё вялікае сапраўды нараджаецца ў маленькім. Напрыклад, у вёсках. Шкада, што з часам гэта маленькае не толькі становіцца для нас чымсьці далёкім, але і знікае назаўжды.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.