Якія сюрпрызы падрыхтаваў сталічны рынак?
У невыносную спёку наўрад ці задумваешся пра «тлустую» ежу — арганізм так і просіць спелых ягад, пладоў, свежай агародніны... Адпраўляемся праведаць, чым і па якім кошце абяцае пачаставаць «Камароўка»... Калі месяц назад на прылаўках «уладарылі» клубніцы ды чарэшні, то цяпер самы час для ажын, малін, буякоў, чарніц... Ну і, вядома, самай вялікай ягады — кавуна. Яго пошукамі мы заняліся ў першую чаргу.
Хаця спецыялісты раяць набываць кавуны напрыканцы жніўня — маўляў, толькі ў гэты час яны дазраваюць у натуральных умовах, на прылаўках кавуны ўжо ёсць. Звычайна іх прывозяць з Краснадара, Растова і Ташкента. Першымі трапляюцца на вочы краснадарскія «ягадкі». Не надта вялікія, з жоўтай плямінай — сведчаннем таго, што кавун сам дазраваў, — карацей, падыходзяць па ўсіх патрабаваннях. І ўсяго — 7 тысяч за кілаграм! Для параўнання: ўзбекская дыня — салодкая, прыгожая «мядовая тарпеда» — каштуе ад 18 тысяч за кіло...Такая прывабная і так «кусаецца»!
Працягваем выбіраць кавун. Бойкая прадаўшчыца прапануе ўзбекскі варыянт — зноў жа, за 7 тысяч... «Кажуць, што кавунам яшчэ рана трапляць на прылаўкі», — спрабую завесці з ёй размову. «Гэта няпраўда, — адказвае прадаўшчыца і паказвае на паласатага прыгажуна-велікана. — Я сама бачыла, што ў верасні ў гэтых кавунах унутры замест мякаці нейкая вата ўжо». Але бянтэжыць памер прапанавай ягады. «Растоўскія кавуны не такія вялікія, як вашы», — спрабую высветліць праўду. «Мабыць, вам проста прапаноўвалі кавуны другога гатунку», — хмыкнула прадаўшчыца і пераключыла сваю ўвагу на больш перспектыўных пакупнікоў.
На суседнім прылаўку заўважаю клубніцы. Гэта, бадай, адзінае месца, дзе фаварытка мінулага месяцы яшчэ ёсць у наяўнасці. Просяць 45 тысяч за кілаграм за брэсцкі ласунак, але на выгляд клубніцы падазроныя — надта ненатуральны, яркі колер. Дарэчы, узгадаўшы мінулы шпацыр, калі на «Камароўцы» знайшліся «залатыя» чарэшні — па 250 тысяч за кілаграм, вяртаемся на тое месца. На гэты раз дзівосны дарагі прылавак зноў здзівіў — прапанавалі клубніцы па 150 тысяч за кілаграм. Пакупнікоў тут не назіралася, а самі прадаўцы не надта ўзрадаваліся пытанням журналіста. Чаму такая «завоблачная» цана, на жаль, высветліць так і не ўдалося.
Крочым да прылаўкаў, застаўленых слоікамі ды кубачкамі. Тут пануюць беларускія ягады: маліны, ажыны, буякі, чарніцы. Слоік ажын «важыць» у сярэднім 15—20 тысяч рублёў. Буякі — цэнавыя лідары: самыя буйныя і прыгожыя ягады каштуюць каля 120 тысяч рублёў за кілаграм. Даходзіць нават да таго, што паспытаць іх можна толькі за грошы — па 500 рублёў за ягаду. За 15—20 тысяч можна лёгка набыць паўлітровы слоік ажын. Вядзерца вішань ахвотна аддаюць за 80 тысяч, а слоік малін — за 50. Чарніцы — па 20—25 тысяч з пластыкавай тарай у камплекце.
Малдаўскія абрыкосы, нектарыны і персікі — таксама хіт сезона. Кошт трымаецца прыкладна на адным узроўні — ад 16 да 22 тысяч за кілаграм. Даволі цікавы плод — іспанскі інжырны персік — прываблівае сваім незвычайным выглядам. Але ёсць розніца — каштуе заморскі незнаёмец каля 35 тысяч за кілаграм. Беларускім пакупнікам куды больш прывычныя персікі ды абрыкосы, таму ажыятажу вакол «гібрыду» няма.
Прылаўкі з таматамі вылучаюцца з астатніх — вядома, столькі чырвані, ды яшчэ розных адценняў! Славутыя пінскія памідоры займаюць сваё пачэснае месца сярод малдаўскіх ды ўкраінскіх. Сярэдні кошт — 8—10 тысяч за кілаграм як беларускіх, так і ўкраінскіх памідораў, але можна знайсці і па 7. Сярод агародніны таматы, напэўна, самыя папулярныя — на вочы траплялася шмат людзей, якія цягнулі ў пакунках толькі памідоры.
Пільнае вока заўважыць на рынку і звязкі сушаных баравікоў — іх не так і многа, таму, мабыць, і кошт будзе адпаведны. «100 тысяч за звязку, — паведамляе прадаўшчыца. — Бярыце, гэта з Мінскага раёна грыбочкі». Шчыра кажучы, ці не занадта для адной звязкі? «Вунь жанчына прадае трохлітровае вядзерца свежых баравікоў за 200 тысяч», — суразмоўца паказвае на суседні прылавак. Болей свежых грыбоў на рынку не знайшлося, проста сезон яшчэ не надышоў. У хуткім часе грыбы, кавуны, дыні стануць хітамі продажу — а пра цэнавыя змены мы раскажам падчас наступнага шпацыру па Камароўцы.
Кацярына РАДЗЮК
Лічыльнік «Звязды» (кошт за кілаграм, калі не пазначана іншае)
Бульба — 5—15 тыс.
Баклажаны — 12 тыс.
Кабачкі — 6—8 тыс.
Агуркі — 12 тыс.
Перац — 4—30 тыс.
Кукуруза — 5 тыс.
Гарбуз — 35 тыс.
Морква — 6—12 тыс.
Цыбуля — 9—12 тыс.
Чырвоная цыбуля — 45 тыс.
Спаржавая фасоля — 35 тыс.
Салат, базілік, кінза, рукала — 10 тыс. за пучок
Радыс — 15 тыс. за пучок
Вінаград (кіш-міш) — 25—40 тыс.
Чарнасліў — 12 тыс.
Бананы — 10—13 тыс.
Груша «дзюшэс» — 45 тыс.
Апельсіны — 20 тыс.
Манга — 5 тыс. за штуку
Лайм — 100 тыс.
Лімон — 28—40 тыс.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.