___________________________________________________________________________
Унікальны гістарыяграфічны дакумент з’явіўся ў айчыннай картаграфіі. «Белкартаграфія» выпусціла «Карту вайсковых пахаванняў Першай сусветнай вайны».
Упершыню на карту Беларусі нанесены агульныя і індывідуальныя захаванні, брацкія магілы, памятныя мясціны з магчымымі могілкамі, мясціны былых захаванняў і перазахаванняў. Пазначана і іх нацыянальная прыналежнасць: аўстрыйскія, нямецкія, рускія, мусульманскія, інтэрнацыянальныя. Адзначаны стан: дагледжаныя, раскапаныя, закінутыя.
Бяры ў рукі карту — і выпраўляйся ў гісторыка-краязнаўчае падарожжа. Назвы паселішчаў нанесены не толькі па-руску, але і па-нямецку. На зваротным баку карты — здымкі з невялікімі тлумачальнымі тэкстамі. Ёсць у выданні і невялікі тэкст агляднага характару пра падзеі Першай сусветнай вайны ў Беларусі. Аўтар — доктар гістарычных навук Анатоль Шаркоў. Навуковымі кансультантамі выступілі Уладзімір Адамушка, Вячаслаў Селяменеў.
— Гісторыя ўвагі да могілак Першай сусветнай на тэрыторыі нашай краіны складаецца з некалькіх этапаў, — распавёў Анатоль Шаркоў. — Магілы ўвогуле маглі б згубіцца, знікнуць у цянётах чалавечай памяці. Усё ж вайна была, як прызвычаіліся яе характарызаваць, імперыялістычнай, несправядлівай. Болш значылі ахвяры іншых войнаў: грамадзянскай, Вялікай Айчыннай… У 1920-я гады пачалася буйная міжнародная кампанія па ўладкаванні і абнаўленні захаванняў Першай сусветнай вайны. Работа працягвалася да 1939-га. На могілках драўляныя крыжы замянілі тыповымі надмагіллямі — плоскімі плітамі ў форме стылізаванага крыжа альбо вертыкальнымі бетоннымі крыжамі.
— А наколькі шырокай была геаграфія рэалізацыі гэтага праекта? – пытаюся ў Анатоля Васільевіча.
— Мемарыялізацыя, упарадкаванне праводзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Польшы. На тэрыторыі БССР такія работы не ажыццяўляліся. І ў гэтым адна з прычын таго, што абсалютная большасць могілак тылавой зоны расійскай арміі беззваротна страчана.
Новы перыяд узнаўлення воінскіх пахаванняў пачаўся з канца 1980-х гадоў. Шмат было зроблена па ініцыятыве мясцовых жыхароў, грамадскіх арганізацый. У многіх рэгіёнах аказалі падтрымку мясцовыя ўлады. У пачатку 1990-х быў створаны Беларускі рэспубліканскі грамадскі арганізацыйны камітэт па ўшанаванні памяці салдат Першай сусветнай вайны.
Спрыяе гэтай рабоце і Народны Саюз Германіі. Дзякуючы агульным намаганням адноўлены і прыведзены ў парадак амаль тры з паловай дзясяткі могілак. Нямала зроблена і 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Вядома, што ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, па тэрыторыі якіх праходзіла лінія фронту, выяўлена 2458 месцаў захаванняў Першай сусветнай. Сярод іх — 127 — аўстра-германскіх, 69 — рускіх, 52 — змешаных. Лічба не канчатковая. Ідуць далейшыя пошукі. І карта, якая толькі што пабачыла свет, несумненна падштурхне да новых даследаванняў.
Мікола БЕРЛЕЖ
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.