Мястэчка на Случчыне аблюбавалі гордыя птахі
На могілках вёскі Гарадзішча, што непадалёку ад Слуцка, буслы пасяліліся даўно. Мясцовыя жыхары ўжо нават не могуць прыгадаць, калі. Буслянку не чапалі і тады, калі зразалі дрэвы. Сасну, дзе знаходзілася гняздо, пакінулі, каб гэтая цудоўная птушка выводзіла ды гадавала патомства — на шчасце і радасць людзям.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ:
— Сёлета ў нашай вёсцы з'явілася яшчэ адна буслянка, а ўсяго іх ужо тры, — не нарадуецца стараста Яўгенія Сыцько. — Існуе павер'е, што буслы — гэта душы нашых продкаў, якія назіраюць за намі з вышыні птушынага палёту, сочаць за нашымі ўчынкамі. Мінулай восенню непагадзь разбурыла гняздо. Мы ўжо думалі, што птушкі не вернуцца на старое месца. Але вясной яны прыляцелі і аднавілі свой дом.
Сапраўды, здаўна беларусы лічаць, што бусел — святая птушка, якая прыносіць дабрабыт, шчасце, згоду. Мне здаецца, што і Гарадзішча буслы выбралі невыпадкова: тут з павагай ставяцца да сваіх продкаў, берагуць іх памяць.
Талакой — на помнік
Марыя Грак нарадзілася ў Гарадзішчы ў 1921 годзе. Тут расла, вучылася. Затым уладкавалася ў сталовую Слуцка, дзе працягвала працаваць і тады, калі раён акупавалі немцы. Дзяўчына падтрымлівала сувязь з партызанамі, пра што стала вядома фашыстам. Яе і яшчэ некалькі чалавек павесілі ў 1943 годзе ў Слуцку на плошчы. Толькі праз тры дні іх пахавалі ў агульнай магіле каля вёскі Журава. Бацькі Марыі Грак ноччу раскапалі магілу. Сваю дачку яны пазналі па сукенцы, прывезлі яе дамоў, каб аддаць зямлі па-людску, згодна з хрысціянскімі звычаямі.
— Сведкі тых драматычных падзей яшчэ жывыя, — гаворыць Яўгенія Васільеўна. — На 9 мая — Дзень Перамогі — мы заўсёды прыносілі на магілу нашай зямлячкі кветкі і вянкі.
Да нядаўняга часу на магіле Марыі Грак стаяў стары помнік — ад яе бацькоў. Вядома, за столькі гадоў ён амаль разваліўся. Яўгенія Васільеўна ў межах акцыі «Памяць» арганізавала збор сродкаў сярод працуючай вясковай моладзі. На добрую справу адгукнуліся таксама некалькі студэнтаў і нават школьнікаў. Усяго ж у акцыі прыняў удзел 41 малады чалавек. Неабходную суму — 10 млн рублёў — сабралі вельмі хутка. Сродкаў хапіла і на плітку, і на надмагільную пліту. Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 3 ліпеня ў Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
— У нас жывуць вельмі сумленныя, спагадлівыя людзі, якія любяць сваю малую Радзіму і гатовы на добрыя справы ахвяраваць апошняе, — сцвярджае мая суразмоўца.
Мясцовыя падтрымліваюць сваю старасту ва ўсіх пачынаннях. У 2011 годзе дружна адгукнуліся на ініцыятыву Яўгеніі Васільеўны «скінуцца» талакой на агароджу могілак і ліквідацыю старых дрэў. Спачатку работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі спілавалі 14 таполяў па перыметры, затым старшыня Бокшыцкага сельскага Савета Уладзімір Гарбенка знайшоў вопытных альпіністаў, якія давялі справу да канца. Усяго ж зрэзалі больш за 40 дрэў. Ачысціць тэрыторыю ад драўніны ды галля дапамаглі людзі: за лета вывезлі 41 трактарны прычэп.
— На ўсе работы было патрачана 15 млн 700 тыс. рублёў, яшчэ 18 млн 850 тыс. рублёў каштавала агароджа. На той час гэта былі немалыя грошы. Але нашы жыхары, нават з улікам таго, што год быў крызісны, добраахвотна рабілі ўнёскі. Спачатку давалі па 100 тысяч рублёў — за адзін ці некалькі прыёмаў, затым пачалі дабаўляць. 22 чалавекі выдаткавалі па 1 млн рублёў і больш. Нават адзінокія пенсіянеры, для якіх не бывае лішняй кожная капейка, не адмовіліся дапамагчы, — з хваляваннем узгадвае стараста.
.. і на капліцу
Раней у вёсцы была капліца. Але ў 30-я гады мінулага стагоддзя яе разбурылі бальшавікі. З таго часу ў Гарадзішчы не было дзе памаліцца, паставіць свечку за спачын сваіх продкаў ды за здароўе жывых. Даводзілася ехаць у бліжэйшы храм у Слуцк. І зноў стараста пайшла па вёсцы, да людзей. І яны вырашылі: капліцы быць. Нават тыя, хто даўно пакінуў родныя мясціны, выказалі гатоўнасць дапамагчы ў святой справе. Грошы на будаўніцтва капліцы прысылалі з усіх куткоў Беларусі, з Украіны, Расіі. Шмат дапамаглі спонсары — ураджэнцы Гарадзішча: Мікалай Іванавіч Гурыновіч, Генадзь Пятровіч і Уладзімір Пятровіч Булгакі. Яны ўклалі ў будаўніцтва палову сродкаў ад агульнай колькасці. Такім чынам капліцу ўзвялі за тры месяцы. А ў наступным годзе за агульныя грошы набылі для яе ўсё неабходнае: падсвечнікі, рытуальныя, культавыя прылады, абразы.
— Калі руйнавалі старую капліцу, усё выкінулі на вуліцу. Жанчына, што жыла побач, падняла ікону і схавала ў сябе дома. Яна металічная, двухбаковая: на адным баку — выява Казанскай Божай Маці, на адваротным — Георгія Пераможцы. Калі святар са Слуцка асвячаў фундамент святыні, дачка гэтай жанчыны — Аляксандра Міхайлаўна Салавей — прынесла абраз. Аказалася, яму ўжо сто гадоў. Бацюшка сказаў, што абраз трэба паставіць на самым пачэсным месцы... Дзве іконы падарыў нам айцец Міхаіл, астатнія прынеслі людзі. Шэсць разоў на год, падчас вялікіх і асабліва значных святаў, у нас праводзяць службу святары са слуцкага Свята-Міхайлаўскага сабора. Ды і людзі самі прыходзяць у капліцу, каб паставіць свечку ў памяць пра сваіх блізкіх, што пайшлі на той свет, памаліцца, — распавяла Яўгенія Сыцько.
— Усё, што зроблена ў Гарадзішчы, адбылося дзякуючы энтузіязму і аўтарытэту Яўгеніі Васільеўны, — лічыць старшыня Бокшыцкага сельскага Савета Уладзімір Гарбенка. — На тэрыторыі сельсавета налічваецца 11 грамадскіх могілак. Гледзячы на прыклад жыхароў Гарадзішча, людзі з іншых населеных пунктаў заварушыліся. Збіраюць грошы ў Нашай Ніве, у невялікай вёсачцы Гарохаўка таксама сабралі на палову агароджы і зрэзалі некалькі дрэў. Пазіцыя раённага кіраўніцтва такая: сродкі на добраўпарадкаванне могілак будуць выдзяляцца толькі ў тым выпадку, калі ёсць сустрэчнае імкненне людзей, калі яны самі праяўляюць ініцыятыву. Не хапае сродкаў — дапаможа сельскі Савет, райвыканкам. Больш бы такіх сумленных, ініцыятыўных памочнікаў, як наша Яўгенія Васільеўна, дык і праблем мы не ведалі б. Яна стараста ўжо больш за 20 гадоў. Працавала фельчаркай, цяпер на пенсіі. Але самі бачыце, адпачываць ёй няма калі, кожны дзень новыя справы і клопаты.
— Я гэтым жыву. Гэта мае людзі, землякі, мая вёска. І мяне вельмі радуе, што мы агульнымі намаганнямі робім вёску святлейшай. Так, у нас прыгожа, чыста, а хочацца, каб было яшчэ лепш. Ды і тое, што чалавек наводзіць парадак на сваёй зямлі, пра многае сведчыць. Тое, што зроблена за свае асабістыя грошы, сваімі рукамі, больш цэніцца і беражэцца.
Дарэчы, сёлета Яўгенія Васільеўна Сыцько абрана чалавекам года Міншчыны. Сапраўды, гэта званне яна апраўдвае сваімі справамі і ўчынкамі.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.