«Цяпер даволі часта пішуць і гавораць пра дыспансерызацыю. Маўляў, кожны павінен яе праходзіць раз на год. А што наогул маецца на ўвазе пад дыспансерызацыяй?»
Валянціна Сцяпанава, Мінская вобласць.
Тлумачыць загадчыца аддзялення прафілактыкі 3-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі г. Мінска Таццяна ЯКУТА:
— Задача дыспансерызацыі — папярэдзіць або як мага раней выявіць сардэчна-сасудзістую, анкалагічную, бронха-лёгачную паталогіі і цукровы дыябет. Захворванні такога кшталту яшчэ называюць сацыяльна значнымі, паколькі яны найбольш часта прыводзяць да інваліднасці або смерці ў працаздольным узросце.
Выявіць фактары рызыкі прасцей, чым сімптомы хваробы. Акрамя таго, гэта і больш эфектыўна. Так можна адсунуць развіццё захворвання на многія гады або нават папярэдзіць яго з'яўленне. Галоўным чынам гэта дасягаецца з дапамогай рацыянальнага харчавання, высокай фізічнай актыўнасці, барацьбы з лішняй вагой, курэннем і злоўжываннем алкаголем. У процілеглым выпадку нам не пазбегнуць павышанага артэрыяльнага ціску, развіцця атэрасклерозу і цукровага дыябету.
Для кожнага пацыента прызначаецца індывідуальная, у залежнасці ад узросту і полу, праграма абследавання.
18-29 гадоў. Вымярэнне росту, вагі, разлік індэкса масы цела, вымярэнне артэрыяльнага ціску, электракардыяграма, агульны аналіз крыві, мачы, глюкоза крыві, флюараграфія, для жанчын — агляд урача-гінеколага, агляд тэрапеўта.
30-39 гадоў. Вымярэнне росту, вагі, разлік індэкса масы цела, вымярэнне артэрыяльнага ціску, электракардыяграма, агульны аналіз крыві, мачы, глюкоза крыві, халестэрын крыві (па паказаннях), флюараграфія, для жанчын — агляд урача-гінеколага, агляд тэрапеўта.
Пасля 40 гадоў. Вымярэнне росту, вагі, разлік індэкса масы цела, вымярэнне артэрыяльнага ціску, электракардыяграма, агульны аналіз крыві, мачы, глюкоза крыві, халестэрын, ацэнка рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў, вымярэнне ўнутрывочнага ціску, флюараграфія, для жанчын — агляд урача-гінеколага, для мужчын — абследаванне прастаты, агляд тэрапеўта.
Звесткі заносяць у картку ўліку дыспансернага назірання, а таксама ў электронную базу даных. Пасля абследавання ўрачы залічваюць пацыента да адной з груп дыспансернага дынамічнага назірання.
Група Д (1) — здаровыя пацыенты, якія не маюць скаргаў на стан здароўя, у якіх падчас агляду не выяўлены захворванні або парушэнні функцый арганізма.
Група Д (2) — практычна здаровыя пацыенты, якія маюць фактары рызыкі развіцця хранічных захворванняў, а таксама пацыенты з хранічнымі захворваннямі ў стадыі стойкай рэмісіі без парушэнняў функцый органаў і сістэм арганізма.
Група Д (3) — пацыенты, якія маюць хранічныя захворванні з умеранымі або выяўленымі парушэннямі функцый арганізма, з перыядычнымі абвастрэннямі.
Група Д (4) — пацыенты, якія маюць групу інваліднасці.
Калі вас залічылі ў групу Д (1), працягвайце весці здаровы лад жыцця, каб захаваць здароўе на доўгія гады.
Для пацыентаў групы Д (2) урач складзе індывідуальную праграму па выяўленых фактарах рызыкі. Гэта будуць рэкамендацыі па змяненні ладу жыцця: адмова ад курэння, правільнае харчаванне, павелічэнне фізічнай актыўнасці, адсутнасць злоўжывання спіртным і г.д. Не пакідайце гэтыя парады без увагі.
Пацыенты груп Д (3) і Д (4) будуць знаходзіцца на дыспансерным уліку ў свайго ўчастковага ўрача-тэрапеўта або іншага ўрача-спецыяліста.
Звярніце ўвагу на асноўныя паказчыкі, якія рэзка павышаюць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў:
1. Павышаны артэрыяльны ціск — вышэйшы за 140/90 мм рт. сл.
2. Павышаны халестэрын (звыш 5 ммоль/л).
3. Лішняя вага (індэкс масы цела — звыш 25). (ІМЦ = маса цела (кг) : рост (у м2).
4. Павышаны ўзровень глюкозы ў крыві (звыш 5,5 ммоль/л).
Спалучэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі, атлусцення, павышанага ўзроўню халестэрыну і глюкозы сведчыць аб наяўнасці метабалічнага сіндрому. Слова «метабалічны» азначае «звязаны з абменам рэчываў». Сіндром — гэта наяўнасць некалькіх асобных сімптомаў. Метабалічны сіндром урачы вобразна называюць «смяротным квартэтам», паколькі ён рэзка павышае рызыку смяротнасці ад інфаркту і інсульту. Развіваецца гэты сіндром паступова, і пэўны час хворы яго ніяк не адчувае. Таму і важна рэгулярна кантраляваць чатыры паказчыкі: артэрыяльны ціск, глюкозу крыві, фракцыі халестэрыну і індэкс масы цела.
У паліклініцы па месцы жыхарства ёсць усё неабходнае для хуткага абследавання пацыентаў. Участковыя медсёстры нават персанальна запрашаюць прайсці дыспансерны агляд тых, хто не наведваў урачоў звыш двух гадоў.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.