У ліпені кіраўніцтва міністэрстваў гандлю і аховы здароўя, Дзяржстандарта падпісалі сумесны загад аб стварэнні рабочых груп для навядзення парадку на спажывецкім рынку. І вось сталі вядомыя першыя вынікі кантрольных мерапрыемстваў, праведзеных на асноўных рынках сталіцы і сталічнай вобласці.
Гаворка ідзе пра «Ждановічы», «Чэрвеньскі рынак у Лошыцы», «Заходні», рынак у Курасоўшчыне, «Экспабел», «Чыжоўскі рынак» і іншыя. Іх уласнікі, канстатуе Міністэрства гандлю, пакуль не ў поўнай меры выконваюць патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь», які ўступіў у сілу з 22 ліпеня гэтага года.
Толькі за два дні кантралёры выдалі больш за 50 рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў. Найбольш нараканняў выклікала работа рынка «Лебядзіны», гандлёвага дома «Ждановічы» і гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Экспабел». Пры гэтым на кожным рынку былі выяўлены тыя ці іншыя парушэнні і недахопы (незабеспячэнне своечасовага прыбірання тэрыторыі, адсутнасць дастатковай колькасці парковачных месцаў для аўтамабіляў, парушэнне рэжыму працы, выкарыстанне няспраўных вагаў, несанкцыянаваны гандаль фізічнымі асобамі і інш.). Як паведамляе прэс-служба Мінгандлю, падобныя кантрольныя мерапрыемствы плануецца правесці і ў абласцях; а да ўласнікаў рынкаў, якія не выправяць выяўленыя парушэнні і недахопы, будуць прымяняцца самыя жорсткія меры ўздзеяння — да прыпынення дзейнасці ўказаных аб'ектаў.
Падчас маніторынгу кантралёры таксама пракансультавалі каля 200 суб'ектаў малога прадпрымальніцтва па пытаннях захавання заканадаўства аб гандлі, абароне правоў спажыўцоў, патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза і г.д.
Сяргей РАСОЛЬКА
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.