Анамальная спёка, якая ўсталявалася ў Беларусі ў апошнія тыдні, адбілася ў тым ліку і на гандлі школьнымі таварамі.
Як расказала журналістам начальнік упраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю Ніна ПАШКО,бацькі з дзецьмі пакуль не вельмі спяшаюцца ў гандлёвыя арганізацыі, каб абнавіць да новага навучальнага года свой гардэроб. Прынамсі, аб'ёмы продажу школьных тавараў на сёння пакуль адстаюць ад леташніх паказчыкаў. Але традыцыйна самы «гарачы» час для гандлёвых секцый, якія прапануюць тавары для школьнікаў, — апошняя дэкада жніўня. І наўрад ці гэты год стане выключэннем.
8-14(1)
Аднак вытворцы дарэмна час не губляюць і ўжо сёння вельмі ўважліва вывучаюць попыт на сваю прадукцыю, каб, па-першае, пераканацца, угадалі яны ці не ўгадалі з тымі ці іншымі фасонамі, каляровай гамай, памернай шкалой, а па-другое, каб паспець скарэктаваць сваю вытворчасць у бок найбольш запатрабаваных мадэляў.
— Напрыклад, нашы кансультанты, якія працуюць у гандлёвых аб'ектах, заўважылі, што сёлета большым попытам карыстаюцца «нізы» — спадніцы і штаны, а не цэлыя камплекты, — расказвае начальнік аддзела распрацоўкі дзіцячага асартыменту ЗАТ «Калінка» Алена ГВАЗДОВІЧ. — Літаральна сёння мы аператыўна запускаем у вытворчасць дадаткова спадніцу для старэйшых школьніц, якая прывабіла дзяўчат. Камплект, які выпускаўся, быў разукамплектаваны, паколькі дзяўчатам больш спадабалася менавіта спадніца. Будзем спрабаваць максімальна задаволіць попыт на гэту мадэль. А ўвогуле, зыходзячы з нашага досведу, магу сказаць, што на першым месцы па папулярнасці ў дзяўчат стаяць сарафаны, якія займаюць прыкладна 60% у агульных аб'ёмах нашай школьнай калекцыі. На другім месцы ідуць касцюмы. Але сёлета гандаль папрасіў нас больш пашыць спадніц.
— Мы таксама заўважылі, што для хлопчыкаў часцей набываюць не касцюмы, а штаны, — падтрымала калегу намеснік дырэктара па якасці ААТ «Славянка» Галіна ЮРКО. — Магчыма, касцюм застаўся ў гардэробе яшчэ з мінулага года, а штаны — і больш танны, і больш універсальны варыянт: з імі можна камбінаваць кашулі, камізэлькі і пуловеры.
Дарэчы: «Славянка» захавала цэны на адзенне для школьнікаў на ўзроўні мінулага года. Адпускная цана без падатку на дабаўленую вартасць на касцюм для хлопчыка малодшага школьнага ўзросту складае 390 тысяч рублёў, для старэйшых школьнікаў — 450 тысяч, штаны для хлопчыкаў — 135 тысяч рублёў, сарафаны для дзяўчат — 140–150 тысяч.
Па словах Ніны Пашко, беларускія тавары, прадстаўленыя ў гандлёвых арганізацыях, маюць самы шырокі дыяпазон цэн у залежнасці ад саставу сыравіны, мадэляў і іншых характарыстык. Па падліках спецыялістаў, экіпіроўка школьнікаў малодшых класаў абыдзецца бацькам ад 1,2 мільёна рублёў да 4,8 мільёна, старшакласнікаў — ад 1,3 да 5,1 млн рублёў. У гэту суму ўваходзяць швейныя, трыкатажныя вырабы, абутак (штодзённы і спартыўны) і школьныя канцылярскія прылады.
Канкурэнцыі з рэчавымі рынкамі, куды бацькі з дзецьмі могуць накіравацца па больш танныя тавары, беларускія вытворцы не баяцца.
— У першую чаргу наша прадукцыя выйграе ў якасці, — сцвярджае Галіна Юрко. — Безумоўна, мы сочым за нашымі канкурэнтамі, набываем узоры іх прадукцыі для азнаямлення з матэрыяламі, з якіх яны пашытыя, з тэхналогіямі шыцця. Сёлета такая работа таксама была зроблена і, магу запэўніць, што мы выкарыстоўваем больш дасканалыя тэхналогіі апрацоўкі швоў, больш сучасныя і надзейныя камплектуючыя, таму наша прадукцыя не страчвае форму пасля носкі і мыцця. Усе нашы вырабы адпавядаюць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза. І працуем мы ў рамках Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Вельмі важна, што і ў крамах, і на школьных кірмашах бацькі школьнікаў могуць пакінуць заяўку на канкрэтную мадэль ці канкрэтны памер, якія ў гэты момант адсутнічаюць у продажы. Гэтая паслуга асабліва актуальная для невялікіх населеных пунктаў, хоць і ў Мінску пакупнікоў не павінны адпраўляць у іншы магазін…
Дазваляецца таксама разукамплектаваць касцюм: цана пазначаецца не на ўвесь выраб цалкам, а кожны элемент ацэньваецца асобна.
Беларускія вытворцы ўлічылі заўвагі і пажаданні гандлёвых прадпрыемстваў і пакупнікоў, таму пачалі шыць адзенне для поўных дзяцей і дзяцей з нестандартнымі фігурамі. Гэта так званае адзенне-трансформер: спадніцы з запахам на два рады гузікаў, штаны з рэгулятарам таліі «стандарт», «+3 см», «+ 6 см» і «+12 см», блузы з трыкатажнымі ўстаўкамі, мадэлі з гарсэтамі для дзяўчат. Скажам, для малодшых школьніц цяпер шыецца адзенне з аб'ёмам у грудзях да 80 сантыметраў.
Што тычыцца абутку, то школьная калекцыя заканчваецца для хлопчыкаў 40‑м памерам, а для дзяўчат — 37‑м. Калі нага акажацца большай, то, на жаль, пакупнікам параяць прайсці ў секцыю з абуткам для дарослых…
Сёлета беларускія вытворцы прапануюць шмат цікавых знаходак: камплекты адзення для дзяцей з ушытымі тэрмометрамі, з дапамогай якіх бацькі змогуць кантраляваць тэмпературу цела дзяцей, адзенне з кішэнямі для мабільнага тэлефона, якія абараняюць дзіця ад шкоднага электрамагнітнага выпраменьвання, пінжакі з віскознай падкладкай з табліцай множання і геаметрычнымі формуламі.
Зноў-такі з улікам запатрабаванняў пакупнікоў 70 мадэляў у калекцыі школьнага адзення пашыты з тканін з высокім працэнтам натуральных валокнаў. Праўда, і цэны на такое адзенне могуць «кусацца»…
Немалаважна, што практычна ўсе гандлёвыя арганізацыі праводзяць сацыяльныя акцыі, скіраваныя на зніжэнне ці прымяненне мінімальных гандлёвых надбавак на школьны асартымент, продаж гэтых тавараў у растэрміноўку і крэдыт, прадастаўляюць зніжкі шматдзетным сем'ям і сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Прычым гэта тычыцца не толькі сталічных прадпрыемстваў гандлю, але і ўсіх рэгіёнаў.
Усяго ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года будуць праведзена больш як 2300 выстаў-продажаў школьных тавараў, у тым ліку 220 — з дэманстрацыяй мадэляў адзення і абутку.
23–24 жніўня ў Мінску на праспекце Пераможцаў, у раёне Палаца спорту, пройдзе агульнагарадскі школьны кірмаш з удзелам вытворцаў і гандлёвых арганізацый. А з 23 па 31 жніўня ў Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» на вуліцы Янкі Купалы пройдуць 15‑я спецыялізаваная выстава-кірмаш «Прывітанне, школа» і 8‑я міжнародная выстава-кірмаш «Нашым дзецям‑2014». Такім чынам, зрабіць усе карысныя пакупкі бацькі змогуць у адным месцы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.