Сёлета, калі ехаць адпачываць у Крым рызыкуюць толькі самыя смелыя, многім беларусам давялося шукаць новыя маршруты для летніх вакацый. Балгарыя, літоўская Паланга, польская Балтыка — вось самыя папулярныя з новых недарагіх кірункаў. Асабіста я выбрала апошні варыянт і накіравалася ў польскі гарадок Лебу, што знаходзіцца больш за сто кіламетраў ад Гданьска.
Рыбны горад
З усіх іншых варыянтаў я выбрала менавіта гэты проста таму, што знайшла даволі танную пуцёўку — 190 еўра (плюс шэнгенская віза 60 еўра) — на 8 дзён. У гэты кошт уваходзілі праезд аўтобусам, пражыванне і сняданак (шведскі стол). Прывабіла і тое, што ехаць у Польшчу даволі блізка. Шлях ад цэнтра Беларусі да Лебы мы пераадолелі прыблізна за 15 гадзін. Калі ехаць з заходняй часткі нашай краіны і на сваім транспарце, будзе яшчэ нашмат хутчэй.
Па прыездзе нас засялілі ў камфартабельны пансіянат, у кожным пакоі мелася асобная ванная і прыбіральня. Калі ехаць самому і здымаць там пакой, кошт будзе прыблізна 12 еўра за суткі. І яшчэ 4 еўра за сняданак, але ён таго варты. Вялізная колькасць розных страў — паспытаўшы кожнае хоць па троху, у выніку ты застанешся сытым надоўга.
Леба — рыбацкі гарадок, таму гэта сапраўднае раздолле для ўсіх, хто любіць рыбу — ці лавіць, ці есці. З нашай групай з Беларусі прыехалі два рыбакі. Яны зрабілі сабе платныя дазволы на лоўлю рыбы і цэлымі раніцамі прападалі на моры. Вярталіся заўсёды шчаслівыя, задаволеныя, з добрым уловам. А ўжо ўвечары частавалі нас засоленым селядцом (тым самым, які яшчэ ноччу плаваў сярод свавольных хваляў). Зразумела, смак яго быў проста шыкоўны.
Рыбай можна было харчавацца і ў абед, замаўляючы яе разам з гарнірам у адной са шматлікіх мясцовых кавярняў. Абыходзілася гэта нам у 5 еўра. На такую ж суму (для дзяцей — 3 еўра) можна было ў сваім пансіянаце атрымаць комплексны абед: першая, другая, трэцяя стравы і дэсерт. Сталовых у нашым разуменні, з недарагой ежай, там папросту няма.
Мора суровае
Гэта была мая першая сустрэча з суровым Балтыйскім морам. У дзень прыезду яно было даволі цёплым, прымальным для купання — прыблізна 18 градусаў. Аднак пасля тэмпература крыху знізілася з-за халодных плыняў і вятроў. Два дні ўвайсці ў ваду было папросту немагчыма. Ты заходзіш, а ногі пачынаюць ледзянець. Па чарзе дастаеш іх з вады, каб крыху сагрэць, доўга так не вытрымліваеш і вяртаешся на бераг.
Такая сітуацыя некага можа нават раздражняць. Ты як ліса са збанком масла ў казцы: масла бачыш, а дастаць яго не можаш. Так і тут: навокал спякота, мора побач, але яно — бы Ледавіты акіян.
Мірыцца з такой сітуацыяй я не хацела. Адзін мой сябар сказаў, што, хоць дно і ледзяное, вада цяплейшая. Таму трэба не зважаць на тое, што нагам холадна, і адразу ныраць. Неяк раніцай мяне падбадзёрылі і нашы рыбакі. Кажуць, маўляў, робіш галівудскую ўсмешку (шчыльна сціскаеш зубы), у думках кажаш сабе, што «за ўсё заплачана» і акунаешся ў ваду. Ці то з-за слушных парад, ці то з-за цёплых плыняў, якія вярнуліся, пераадолець боязь халоднай вады ўсё-такі ўдалося. Пасля першага разу тэмпература вады мяне больш не палохала.
Да таго ж у гэтым ёсць пэўны экстрым. Па вяртанні дадому адсутнасць гарачай вады мяне больш не напружвала. Наадварот, ад халоднага душа я стала атрымліваць задавальненне.
На Балтыйскім моры іншы клімат. Нават у спякоту ты не адчуваеш сябе «перасмажаным» — і гэта прыемна. Асаблівасць Лебы ў тым, што тут вельмі шмат соснаў. Адразу побач з ёй знаходзіцца нацыянальны парк Славінскі, таксама часткова сасновы. Таму дыхаецца лёгка, на поўныя грудзі.
Мы заўважылі, што нават без купання ў моры наша скура стала вельмі далікатнай. Відавочна, гэта таксама дзякуючы карыснаму саснова-марскому паветру.
І пясок у Лебе асаблівы. Ён вельмі мяккі і белы. Таму нават проста быць на пляжы — таксама асалода.
Што нас спачатку здзівіла, дык гэта тое, што мясцовыя (98% тых, хто адпачывае, — палякі) будуюць на пляжы часовыя агароджы. Невялікія калкі, на якіх трымаецца тканіна, убіваюцца ў пясок невялічкімі малаточкамі, што таксама прыносяцца з сабой, — атрымліваецца сапраўдны невысокі плот. «Вось табе капіталізм!» — напачатку падумалі мы, вырашыўшы, што нават на пляжы яны адгароджваюць сабе тэрыторыю. Аднак пазней сэнс такіх загародак стаў нам больш зразумелы. Яны робяцца, каб адгарадзіцца ад халоднага ветру.
У пансіянаце нам таксама выдавалі такія загарадкі, таму і мы сталі іх ставіць! Сапраўды, калі ты атулены з трох бакоў (від на мора, зразумела, застаецца адкрытым), ні пясок, ні вецер цябе не турбуюць, адчуваеш сябе вельмі камфортна.
Рухомыя дзюны
Тое, што абавязкова трэба ўбачыць у Лебе, — гэта рухомыя дзюны, якія знаходзяцца ў Славінскім парку. Праўда, да іх яшчэ трэба дабрацца. Спачатку садзішся на электрычны адкрыты аўтобусік, і за 1,5 еўра ён адвязе цябе ў парк. Дарэчы, у Польшчы даволі дарагі бензін, таму і шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Такі аўтобусік працуе на 8-мі акумулятарах, на якіх пасля падзарадкі можна праехаць 200 кіламетраў. Між іншым, каштуе такі сімпатычны транспарт 40 тысяч еўра — у гэтым курортным горадзе ён даволі распаўсюджаны.
Трапіўшы ў сам парк, трэба пераадолець яшчэ 5 кіламетраў да дзюн, і тут ёсць 3 варыянты: перасесці на іншы аўтобусік, узяць напракат ровар ці ісці пешшу. Увесь шлях пралягае праз сасновы лес, таму трэба дыхаць, дыхаць...
І вось нарэшце мора пяску, дзюны і барханы! Пясок такі ж мяккі і белы. Нечакана для сябе ты апынаешся быццам у сапраўднай пустыні. Прыгожыя краявіды, дзесьці на даляглядзе — сінее мора. Сапраўднае адчуванне палёту і свабоды. Ты быццам у іншым вымярэнні, дзе няма межаў. Тут хочацца застацца паболей, вярнуцца зноў, каб яшчэ пабыць такім свабодным... Кажуць, што і зімой тут прыгожа, калі белыя ўзгоркі пакрыты снегам.
Рамантычны Гданьск
Бліжэйшы ад Лебы буйны польскі горад — Гданьск. Пра яго мне не раз казалі, што гэта горад-мара, у які хочацца вярнуцца. Таму мы вырашылі абавязкова яго наведаць. Можна дабірацца на электрычках: спачатку да Лембарка, а адтуль да Гданьска. Але каб не губляць час свайго адпачынку на дарогу, мы папрасілі гаспадара пансіяната замовіць нашай беларускай групе мікрааўтобус і экскурсавода, што ён і зрабіў.
Гданьск уразіў сваёй старажытнасцю і гатычнай архітэктурай. Гэты горад будавалі галандцы, пэўны час ён быў нямецкім, таму будынкі, верагодна, не зусім тыповыя для Польшчы.
Здавалася, што ўвесь горад быццам паўстаў з мінулага... Але аказалася, што Гданьск моцна пацярпеў падчас Вялікай Айчыннай вайны, а большасць таго, што мы бачым, — заслуга польскіх рэстаўратараў, якія ўсё дакладна аднавілі па старых фотаздымках. Даведаўшыся пра гэта, мы адразу пранікліся да іх вялікай павагай і крыху пазайздросцілі...
Гарадская ратуша з агляднай пляцоўкай, з якой горад відаць, як на далоні, шматлікія гатычныя касцёлы, што цягнуцца да неба і ледзь не кранаюць яго. Мы бачылі нават хостэл у гатычным стылі! У рэстаране ў гарадской ратушы — сапраўдная барочная мэбля... Старадаўняя турма сёння адкрыта для наведванняў і выконвае ролю музея бурштыну. Парадная ўязная арка, шматлікія родавыя гербы на дамах...
Выпіць кубачак добрай кавы, слухаючы вулічных музыкаў у гэтым горадзе, — за такое імгненне многае можна аддаць.
Пра іх і пра нас
Чым асабліва спадабалася мне Польшча, дык гэта ветлівымі людзьмі. На кожным кроку просяць прабачэння, вітаюцца, пытаюцца, чым могуць дапамагчы. Шчырая павага і ўважлівае стаўленне ўсюды, гэта не можа не падабацца.
Да аднаго істотнага «але», калі едзеш сюды, трэба быць гатовым: тут ніхто не ведае рускай мовы. Пачуўшы на пляжы рускую гаворку, мясцовыя аднойчы нават сказалі «ензык нялюдскі». Аднак некаторыя гандляры вывучылі некаторыя рускія ветлівыя словы.
Беларуская мова падобна на польскую, выкарыстоўваючы яе, паразумецца з палякамі можна. Перад ад'ездам мы вывучылі польскі алфавіт, і гэта значна спрасціла нам жыццё: маглі прачытаць меню, надпісы, па гучанні якіх можна зразумець, што яны абазначаюць.
У нас з'явіліся польскія сябры. Калі яны размаўлялі паміж сабой, а мы — паміж сабой, ніхто адно аднаго не разумеў. Аднак калі пачаць гаварыць павольна, падбіраючы беларускія словы і тлумачачы іх суразмоўцу, можна было добра паразумецца.
Як вядома, большасць палякаў — каталікі. Аднак іх стаўленне да касцёла мяне здзівіла. Яны могуць цэлы вечар у суботу піць, расказваць непрыстойныя жарты, а пасля на раніцу натоўпамі ісці ў касцёл. Ёсць у гэтым пэўны дысананс: у нядзелю ты такі, а ўсе астатнія дні жывеш зусім іншым жыццём.
Што да адмоўных бакоў беларусаў, то наш народ падаўся мне там крыху галодным, недакормленым. Тыя ж загарадкі, якіх у нашым пансіянаце было шмат, людзі па некалькі штук пазабіралі ў свае пакоі, «занычкавалі». І гэта пры тым, што не ўсе хадзілі на мора і не кожны дзень. Каб яны стаялі на сваім месцы, іх хапала б кожнаму, хто хоча пакарыстацца, а так многія аказаліся «ў пралёце». Ёсць у нас нейкі неабгрунтаваны страх, што чагосьці можа не хапіць, вось і даводзіцца запасацца. Тое ж і са сняданкам (шведскім сталом) — забіраць прадукты з сабой нельга, аднак некаторыя так рабілі.
І славутае беларускае «вой!» замест «прабачце» — як бы нам ад яго нарэшце пазбавіцца?.. Для гэтага трэба, нягледзячы на абмежаванасць фінансаў, выдаткоўваць сродкі на вандроўкі (напрыклад, да ветлівых палякаў). Каб свет і людзей паглядзець, нешта лепшае пераняць, а таксама пачаць больш цаніць штосьці сваё.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.