Нашы суайчыннікі захоўваюць у «сярэбранай краіне» свае нацыянальныя традыцыі праз пакаленні.
У дзяцінстве я пачула ад сваёй бабулі гісторыю пра яе дзядзьку, які калісьці ў 30-я гады мінулага стагоддзя ездзіў на заробкі ў Амерыку. Мне гэта падалося неверагодным: дзе наша Беларусь, а дзе Амерыка! І гэта ж было даўно, калі бедны селянін не мог набыць білет на танны рэйс на самалёт... Тым не менш, гэтая гісторыя далёка не ўнікальная.
Яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя беларусы ў пошуках зямлі і лепшай долі адпраўляліся ў далёкія куткі Расіі, у Злучаныя Штаты, у Лацінскую Амерыку. Што да апошняй, то ўрады Аргенціны, Бразіліі, Уругвая і Парагвая яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя ўзялі курс на аграрную іміграцыю, і гэта зрабіла іх прыцягальнымі для многіх жыхароў еўрапейскіх краін, у тым ліку і Беларусі.
Беларускія эмігранты пачалі масава пераязджаць у «сярэбраную краіну» (назва Аргенціны паходзіць ад лацінскага «аргентум» — срэбра) яшчэ да Першай сусветнай вайны. Прыезджым выдзяляліся ўчасткі неасвоенай зямлі, якой у гэтай краіне было вельмі шмат. Па інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, ужо ў 1920-1930 гг. у адной толькі Аргенціне пражывала ажно 200 тысяч выхадцаў з нашай краіны. Гэта ўразіла і заінтрыгавала: як жа склалася жыццё суайчыннікаў за тысячы кіламетраў ад радзімы, ці падтрымліваюць яны сувязі з роднымі і як захаваліся нашы традыцыі ў іспанамоўным асяроддзі?
Па лепшую долю
Як расказала мне ў перапісцы Меліса ГАЛЮК, унучка аднаго з нашых суайчыннікаў, што пераехаў у Аргенціну ў 1935 годзе, яе дзед Уладзімір Галюк разам з чатырма братамі дабіраліся туды на караблі і без білетаў. «Падарожжа цягнулася некалькі месяцаў. Многія пераязджалі без дакументаў... Беларускія эмігранты, як правіла, выхадцы з бедных сялянскіх сем'яў, у Аргенціне сутыкнуліся з праблемай моўнага бар'ера: іспанская мова значна адрозніваецца ад роднай беларускай і ад больш-менш знаёмых ім польскай, рускай, украінскай. У Аргенціне ён пазнаёміўся з маёй бабуляй — украінкай па паходжанні — Ганнай Медвядзюк. Яны ажаніліся, і ў іх нарадзілася пяцёра дзяцей».
25-гадовая Меліса — актыўная ўдзельніца Беларускага культурнага таварыства «Усход», што працуе ў горадзе Берыса правінцыі Буэнас-Айрэс. Дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце і цікавіцца танцамі ў цэлым і беларускімі фальклорнымі танцамі ў прыватнасці. З беларускай культурай яе, як лёгка можна здагадацца, пазнаёміў дзядуля. Калі дзяўчынцы было 10 гадоў, ён памёр. І каб не забыцца пра тое, што ён ёй перадаў, каб захаваць сувязі, Меліса пачала сама актыўна ўдзельнічаць у працы аб'яднання.
Беларускае культурнае таварыства «Усход» было створана 24 жніўня 1941 года. Мэтамі яго стварэння былі як падтрымка сваіх традыцый, так і салідарнасць з суайчыннікамі — бо якраз тады пайшоў трэці месяц Вялікай Айчыннай вайны. «Такімі былі вытокі нашага клуба. Затым яны сталі базай для арганізацыі курсаў па вывучэнні роднай мовы, танцавальных і песенных калектываў — увогуле ўсяго таго, што падтрымлівае нацыянальную свядомасць беларусаў-эмігрантаў», — піша Меліса Галюк.
Рэха Радзімы
З часоў прыезду першых эмігрантаў прайшло ўжо больш за сто гадоў. Што ж захавалася ад народнай культуры ў далёкай Аргенціне?
Меліса ў першую чаргу называе нацыянальныя стравы. «Мая бабуля гатавала нам боршч, капусту, халадзец, варэнікі, — пералічвае дзяўчына. — Дарэчы, апошнія — мая любімая беларуская страва». Таксама яна заўважае, што дзядуля і бабуля, а таксама браты дзеда пакінулі ёй шмат успамінаў пра Беларусь, а таксама гісторый, якія «дрэнна адаптуюцца да рэалій новай радзімы».
Суразмоўца адзначае, што хоць і не можа дакладна сказаць, колькі ж беларусаў жыве сёння ў Аргенціне і колькі з іх захавала родную мову, тым не менш «ёсць шмат сем'яў, якія стаялі ля вытокаў нашага клуба і якія размаўляюць па-беларуску». Але, наракае Меліса, такіх людзей з пакалення ў пакаленне становіцца ўсё менш. «Наш клуб — гэта ўнікальная суполка беларусаў у Лацінскай Амерыцы. Але зараз сапраўды складана знайсці каго-небудь з нашчадкаў эмігрантаў, хто б добра размаўляў па беларуску...»
Беларусам зрабіў лёс
Выкладчык музыкі Эдуарда ПЕНІСІ, чые бабуля і дзядуля таксама былі эмігрантамі (праўда, італьянскімі), сёння мае непасрэднае дачыненне да падтрымання нацыянальнай свядомасці ў эмігранцкім асяродку беларусаў. Ён узначальвае Цэнтр беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага ў горадзе Лавальёл (правінцыя Буэнас-Айрэс). Як так атрымалася? «Я маю дачыненне да беларускай культуры ў Аргенціне, таму што ў маім горадзе быў клуб беларускіх, рускіх і ўкраінскіх эмігрантаў «Дніпро», які я пачаў наведваць з 1975 года. Я вывучаў беларускую і рускую мовы, знаёміўся з культурай усходнеславянскіх народаў. Сёння я дырыжырую хорам «Купалінка», які сам жа заснаваў у 1988 годзе, і ансамблем «Белавеж», які арганізаваў у 2010 годзе», — распавёў мне музыкант.
За столькі гадоў знаёмства з беларускай культурай наша краіна стала аргенцінцу з італьянскімі каранямі вельмі блізкай. «Беларусь — гэта мая другая радзіма. З 16 гадоў я звязаны з яе культурай, мовай, традыцыямі. Я быў там чатыры разы ў жыцці — апошні раз у 2009 годзе, — і збіраюся наведаць Беларусь зноў. Сваім дзецям, калі яны былі малымі, я спяваў беларускія песні».
Дарэчы, пасля апошняга візіту ў нашу краіну да яго і прыйшла ідэя заснаваць сённяшні Цэнтр беларускай культуры імя Кастуся Каліноўскага. «У Беларусі я шмат даведаўся пра гэтага чалавека. Мяне ўразіла яго гісторыя, яго рысы характару. Таму і вырашыў даць Цэнтру яго імя».
У Аргенціну ехалі палешукі...
Акрамя таго, што ў аб'яднанні ёсць беларускі хор і аркестр, там жа можна наведваць курсы па вывучэнні беларускай мовы. Там выкладаюць Аляксандра Малафей і Ніна Брадко. Яны — дочкі беларускіх эмігрантаў, якія здолелі захаваць мову. «Іх бацькі былі з Палесся, таму па-беларуску спадарыні Малафей і Брадко размаўляюць не вельмі чыста: адчуваецца ўплыў украінскай мовы», — заўважае старшыня аб'яднання.
Цэнтр беларускай культуры наведваюць нашчадкі перасяленцаў з Пінска, Брэста, Баранавічаў, Гродна. «Вельмі шмат людзей, чые продкі прыехалі з Палесся, і менш — з поўначы краіны і Вільні», — заўважае спадар Пенісі.
Няхай сем'яў, дзе захавалася беларуская мова, зусім мала, але традыцыі — жывыя. Асабліва гэта тычыцца абрадаў, звязаных з нараджэннем і смерцю, рэцэптаў прыгатавання нацыянальных страў, традыцыйных свят... «Самыя цікавыя для мяне беларускія святы — гэта купальская ноч і Дзяды, вельмі багатыя па змесце і сімволіцы», — дзеліцца Эдуарда Пенісі.
--------
Лёс можа завесці далёка ад радзімы. І, як паказвае гісторыя, на чужыне можна аказацца і без дакументаў, не тое што без нейкіх сямейных рэліквій. Так можна лёгка страціць сябе, сваё месца ў свеце: радзіма далёка, а тое месца, дзе цяпер жывеш, яшчэ не стала родным. Але прыклад беларусаў, што эмігрыравалі шмат гадоў таму ў Аргенціну, паказвае, што сваё яны не страцілі: захавалі мову, песні і паданні, абрады і святы, нацыянальныя стравы — тое, што прывезлі цераз акіян у сваіх сэрцах. Будзем спадзявацца, што так і застанецца, і гэтая памяць пра этнічную радзіму будзе жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне, ад сэрца да сэрца...
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Даведка
Берыса — горад-порт, які ў Аргенціне яшчэ называюць сталіцай эмігрантаў. Тут і зараз жывуць нашчадкі эмігрантаў з Беларусі, а яшчэ з Албаніі, Сірыі, Германіі, Арменіі, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Грэцыі, Ірландыі, Італіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Сербіі і нават з Каба-Вердэ, краіны на захадзе Афрыкі... Сёння ў ім працуе каля 20 таварыстваў, створаных эмігрантамі з розных краін.
Афіцыйна
Кантакт ёсць
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы Віктар КОЗІНЦАЎ расказаў «Звяздзе», як сёння радзіма падтрымлівае сувязі з суайчыннікамі, і патлумачыў, чаму складана падлічыць, колькі этнічных беларусаў жыве ў Аргенціне.
— Віктар Васільевіч, ці паўплываў той факт, што ў Аргенціне ёсць даволі вялікая беларуская дыяспара, на адкрыццё нашага пасольства ў Буэнас-Айрэсе?
— Вядома, факт наяўнасці ў Аргенціне даволі вялікай для Лацінскай Амерыкі беларускай дыяспары прымаўся да ўвагі, але, думаю, што не ён з'яўляўся галоўным пры прыняцці адпаведнага рашэння аб адкрыцці нашага пасольства ў Буэнас-Айрэсе. Галоўным кірункам дзейнасці пасольства было і застаецца да гэтага часу прасоўванне гандлёва-эканамічных адносін з Аргенцінай і краінамі рэгіёна.
— Як пасольства Беларусі ў Аргенціне падтрымлівае сувязі з суайчыннікамі-эмігрантамі? Ці праводзяцца сумесныя мерапрыемствы?
— Пасольства знаходзіцца ў пастаянным кантакце з кіраўніцтвам клубаў (гэта і непасрэдны ўдзел у сумесных вечарах, выступленнях, сустрэчы ў пасольстве, удзел суайчыннікаў-эмігрантаў у прыёмах). Мы дапамагаем інфармацыйнымі матэрыяламі, у тым ліку відэа, мастацкім калектывам, па меры магчымасці перадаюцца беларускія нацыянальныя касцюмы, калектывы забяспечваюцца дзяржаўнай сімволікай.
— У 1920-1930 гг. у Аргенціне пражывала прыкладна 200 тысяч беларускіх эмігрантаў. Пасля распаду Савецкага Саюза туды пераехала яшчэ каля 15 тысяч нашых суайчыннікаў. Колькі сёння этнічных беларусаў (людзей, што ідэнтыфікуюць сябе з беларусамі) пражывае ў Аргенціне?
— Ад'езд беларусаў у Аргенціну стаў магчымы ў канцы ХІХ стагоддзя (да 1852 г. урад Аргенціны праводзіў палітыку ізаляцыянізму, а з прыняццем канстытуцыі ў 1853 г. земляробчая іміграцыя стала заахвочвацца). Паколькі людзі, якія прыязджалі туды, вызначаліся па грамадзянстве, а не па этнічнай прыналежнасці (гэта значыць, як грамадзяне Расіі), то ў Аргенціне іх запісвалі як «русос» (рускія). Да 1915 г. беларусаў налічвалася там да 160-170 тысяч.
Пасля Першай сусветнай вайны з заходніх абласцей Беларусі пачалася новая хваля іміграцыі. Па інфармацыі беларускіх арганізацый у Аргенціне, у гэтую краіну з акупіраваных Польшчай тэрыторый выехала да 50 тысяч беларусаў (па некаторых даных, увогуле ў краіны Паўднёвай Амерыкі выехала да 250 тысяч суайчыннікаў). Усе выязджалі па польскіх пашпартах, і ў гэтых краінах іх называлі «полакос» (палякі). Затым пасля Другой сусветнай вайны ў 1950-я гады была масавая рээміграцыя з Аргенціны, і ў 1975 г. савецкае грамадзянства атрымалі каля 40 тысяч чалавек (з іх беларусаў каля 10 тысяч).
— Чым па родзе дзейнасці яны займаюцца?
— Чым па родзе дзейнасці сёння яны займаюцца, сказаць цяжка, аднак, калі гэтыя людзі прыбывалі, улады Аргенціны іх накіроўвалі на розныя цяжкія работы. Эмігранты будавалі дарогі, секлі цукровы трыснёг.
— У якіх гарадах Аргенціны можна сустрэць нашчадкаў былых перасяленцаў?
— Сёння дакладную колькасць людзей, што ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, вызначыць складана. Да таго ж маладыя «выхадцы» не гавораць на славянскіх мовах. Кампактныя этнічныя групы эмігрантаў пражываюць у Буэнас-Айрэсе, Берыса, Расарыё, Чака, Місьёнес, Мендосе і іншых раёнах.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.