Наталля Бучынская. Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2013. — 166 с.
Яна дэбютавала на старонках часопіса "Бярозка", спадабалася чытачам газеты "Літаратура і мастацтва", стала "зоркай" літаратурных імпрэз, конкурсаў і прэзентацый і, урэшце, ператварылася ў гераіню выдатна аформленай кнігі для дзяцей. Гаворка ідзе пра незвычайна абаяльную, капрызлівую, далікатную, модную і стылёвую авечку з воўнай рэдкага колеру — белага з блакітным адценнем. Завуць яе Адэля. Яна працуе авечкай на ферме "Каляроўка". Не здзіўляйцеся, гэта не памылка. Адэля сапраўды працуе авечкай. У яе абавязкі ўваходзіць штодзень хадзіць на пашу, скубсці траўку і гадаваць воўну — на радасць прыгажуням. Бо з воўны Адэлі атрымліваюцца незвычайна прыгожыя сукенкі і шалікі.
Але не толькі колер воўны дае дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай нагоду распавядаць пра Адэлю. Справа ў тым, што гэтая авечка — жывёла вельмі амбітная, "натура арыгінальная, самабытная". Ёй не хочацца проста працаваць у "Каляроўцы", яна імкнецца сваю працу выконваць надзвычай якасна, а таксама зрабіць свет вакол сябе крыху лепшым. Так, Адэля змагаецца за чысціню на ферме, піша лісты ў "Грынпіс", збіраецца ў экспедыцыю за палярны круг, наведвае міжнародную выстаўку, а каб быць яшчэ прыгажэйшай, чытае гламурныя часопісы... Увогуле прыгод Адэлі хапае аж на аповесць.
Адметна, што пасля паспяховага літаратурнага дэбюту з урбаністычнай казкай "Прыгоды маленькай Машынкі" Наталля Бучынская вяртаецца ў вёску, прыгадвае маленства, калі заблукала ў жыце, збіраючы васількі, звяртае ўвагу маленькіх чытачоў на свойскіх жывёл, кожная з якіх мае сваё прызначэнне на ферме, а таксама — адметны характар, паводзіны і схільнасці. Натуральна, Адэля — самы яркі персанаж аповесці, сапраўдная яе "зорка".
Але не толькі гераіня робіць кнігу Наталлі Бучынскай значнай. Справа ў адносінах. Пісьменніца (а разам з ёй і гераіня аповесці спадарыня Наталля) ставіцца да авечкі з павагай, яна становіцца сябрам Адэлі, дапамагае ёй — піша кнігу, а таксама дае важныя парады. Калі вясковым жыхарам такое стаўленне да свойскіх жывёл цалкам блізкае і зразумелае, то гараджане ў гэтых адносінах крыху саступаюць. Пісьменніца паказвае, што любімымі могуць быць не толькі бесклапотныя коцікі, сабачкі, хамячкі ці папугайчыкі, але і каровы, коні, козы, авечкі, куры, гусі, качкі... Яны — не цацкі. Яны — жыхары гаспадаркі, якія прыносяць карысць, і таму заслугоўваюць павагі.
Пазіцыя гарадскога жыхара, не знаёмага з жыццём вёскі, выяўляецца ў словах супрацоўніцы пасольства, дзе Адэля, козачка Малімонка і Баранчык атрымліваюць візу, каб паўдзельнічаць у міжнароднай выстаўцы, — "Якое хараство можа быць у гэтых рагатых стварэнняў?" Хараство, можа, не такое зразумелае з першага погляду, але карысць дакладна ёсць. Прыгожая воўна, смачнае і спажыўнае малачко, станоўчыя эмоцыі ад стасункаў з жывёламі.
Як лічыце, ці дасягне Адэля поспеху?
Натуральна, Наталля Бучынская не магла быць жорсткай са сваёй гераіняй, таму сімпатычную авечку чакае міжнароднае прызнанне (яна ўражвае журы і перамагае на выстаўцы), а таксама кантракт з тэлестудыяй. Адэля становіцца вядучай новага тэлешоу, тэма якога — пошукі свайго прызначэння ў жыцці, а героі — жывёлы, што гэтае найвышэйшае прызначэнне шукаюць. Яшчэ раз пацвярджаецца даўно вядомае правіла: калі надта моцна чагосьці хочаш, то абавязкова атрымаеш жаданае. Дарэчы, гэты закон спрацоўвае не толькі ў кнігах, але і ў жыцці.
Варта асобна звярнуць увагу на афармленне выдання. У практыцы выдавецтваў Захаду ўжо стала традыцыяй змяшчаць на вокладцы побач з прозвішчам пісьменніка прозвішча мастака. І гэта цалкам натуральна. У дзіцячых кнігах, дзе патрэбна прыцягнуць увагу яркімі малюнкамі, стварыць запамінальны вобраз, мастак становіцца сапраўдным суаўтарам, дапамагае пісьменніку працаваць з чытачом. У выдавецтвах Беларусі такія крокі пакуль робяцца досыць рэдка. Але, спадзяюся, і мы калі-небудзь да гэтага прыйдзем. Тым больш што мастакі ў нас вартыя ўвагі. Напрыклад, Аляксандра Іванова, якая ў гэтым выданні стварыла яркі і стылёвы імідж авечкі Адэлі і ўсіх яе сяброў.
Дарэчы, Adeljastar@tut.by — гэта сапраўдны электронны адрас, на які можна напісаць ліст і атрымаць адказ ад Адэлі. Хаця б пахваліць яе за тое, што яна надзвычай смелая, настойлівая, карысная і прыгожая.
Марына ВЕСЯЛУХА
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!
Ідэнтычнасць праз спадчыну.
Беларусь — у тройцы лідараў па захваральнасці.