Сёння ў Полацку грандыёзна святкуюць Яблычны Спас. Эпіцэнтр раённага свята — наваколле Свята-Пакроўскай царквы. Пасля традыцыйнага асвячэння яблыкаў у горадзе будуць рэалізаваны аж дзесяць тэматычных праектаў.
— Адзін з іх — творчы праект «Appleart», вынікам якога стануць яблычныя пано. У праекце «Яблычнае раздолле» возьмуць удзел прадпрыемствы гандлю, перапрацоўчай прамысловасці. Будзе арганізаваны продаж пладова-ягаднай прадукцыі, печыва з яблыкамі, сокаў. Арганізуюць дэгустацыю і кулінарныя майстар-класы па вырабе яблычных дэсертаў, салатаў, шарлоткі і іншых пірагоў, яблычнага торта, качкі ў яблыках, мочаных яблыкаў.
У рамках праекта «Яблычная забаўка» пройдуць конкурсы ў намінацыях «Самы вялікі яблык», «Самы смачны яблык» і «Самая вялікая колькасць гатункаў». А на «Яблычным міксе» будзе прэзентавана выстава дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, друкаванай прадукцыі і літаратуры, — паведаміла «Звяздзе» Валянціна Уласенка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама.
Пройдзе і вясёлая спартыўная акцыя «Applemіlіtaryholіday», падчас якой арганізавана стральба па яблыках, спаборніцтва на самае хуткае паглынанне яблыкаў, конкурс на выразанне самай доўгай яблычнай лупіны і іншыя.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.