Знесці дом — гэта толькі палова справы... А што далей?
Чарговае пасяджэнне прэзідыума Магілёўскага аблсавета, у якім прыняў удзел памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, адбылося ў гарадскім пасёлку Круглае. На прыкладзе Круглянскага і Бялыніцкага раёнаў дэпутаты змаглі пераканацца ў тым, як выконваюцца патрабаванні Указа Прэзідэнта РБ №100 аб зносе састарэлага жылля і Пастанаўлення Саўміна №1087 аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
У круглянскай вёсцы Тубышкі ўдзельнікі пасяджэння нават змаглі паназіраць, як на справе вырашаюцца гэтыя пытанні. На адной пляцоўцы работнікі жылкамгаса разбіралі пабудову. Побач праводзілася рэкультывацыя двара з дапамогай тэхнікі райаграпрамтэхзабеспячэння, а на суседнім участку работнікі СВК «Іскра» ўжо займаліся ўзворваннем перададзенай гаспадарцы тэрыторыі. Па словах старшыні Круглянскага раённага Савета дэпутатаў Валерыя Ярковіча, з моманту дзеяння Указа №100 у суд былі накіраваны 624 іскавыя заявы, а 462 дамы прызнаны безгаспадарнымі. У раёне знесена 257 састарэлых і 310 пустуючых дамоў, больш за 2 тысячы гектараў зямлі ўведзена ў севазварот. Своечасова выяўляць гэтыя аб'екты дапамагаюць сельскія Саветы і старасты, якія дакладна ведаюць, колькі такіх у населеным пункце. Раённая камісія вызначае ступень зносу будынкаў і магчымасць унясення іх у рэестр пустуючых дамоў. Калі нашчадкі нічога не маюць супраць зносу пабудовы, пытанне вырашаецца наогул без суда. Драўніна і нават хмызняк — усё ідзе ў справу. Жылкамгас выкарыстоўвае гэты матэрыял для сваіх патрэб. Галоўны прынцып, якім кіруюцца раённыя ўлады пры зносе чарговага дома, — давесці справу да канца. Каб у наступным годзе на гэтым месцы ўжо раслі сельгаскультуры.
Не адстаюць па арганізаванасці і ў Бялыніцкім раёне, дзе таксама існуе комплексны падыход да справы. На 1 жніўня з пачатку года тут знесена каля 175 састарэлых будынкаў.
Каб абысціся мінімальнымі затратамі, прыцягваецца тэхніка, якая працуе побач з тым населеным пунктам, дзе знаходзіцца састарэлы дом. І калі ён не адзін, то пытанне адразу ж вырашаецца і па астатніх. Не забараняецца прымаць удзел у справе і жыхарам вёскі. «Яны звяртаюцца ў сельвыканкам і атрымліваюць дазвол разабраць для сваіх патрэб безгаспадарчы дом, — удакладняе старшыня Бялыніцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Асіпёнак. — Там, дзе фундамент не вельмі трывалы, сельсаветы «разбіраюцца» сваімі сіламі, без спецыяльнай тэхнікі».
Улічваючы, што на знос аднаго домаўладання патрабуецца каля 2 мільёнаў рублёў, а сродкаў выдаткоўваецца ў разы менш, тут шмат што залежыць ад працы на месцах. Людзі і самі зацікаўлены ў навядзенні парадку на зямлі. Тым больш што гэта робіцца ў інтарэсах бяспекі. Вядома, што закінутыя дамы прывабліваюць не самых лепшых прадстаўнікоў насельніцтва, а гэта абвастрае пажаранебяспечную сітуацыю.
Удзельнікаў пасяджэння прыемна ўразіла тое, што ў абодвух раёнах чысціня і парадак пануюць не толькі ў райцэнтрах і аграгарадках, але і ў глыбінцы.
— Мы ўбачылі прыклад таго, як закон працуе на месцах, — падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка. — Мы выпрацавалі алгарытм, які распаўсюджваем на ўсе раёны. Нічога надзвычайнага мы не робім. Ёсць схема, па якой працуюць камунальныя і іншыя раённыя гаспадаркі. Дзесьці справа ідзе больш паскоранымі тэмпамі, дзесьці — менш. Але гэта ўсё «працоўныя моманты».
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.