Неўзабаве метро можа з'явіцца ў адным з абласных гарадоў Беларусі. А па трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна будуць курсіраваць аўтаматызаваныя саставы. Чацвёртая лінія звяжа мікрараёны Чыжоўка і Вяснянка.
Пра гэта распавёў начальнік УП «Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна» Павел ЦАРУН. Па яго словах, даўжыня перспектыўнай лініі складзе 19 кіламетраў, складацца яна будзе з 12 станцый. Галоўныя арыенціры, на якія абапіраюцца будаўнікі метро, — «Чыжоўка-Арэна» і «Мінск-Арэна». Чацвёртае адгалінаванне будзе мець перасадачныя станцыі на тры астатнія. «З увядзеннем у эксплуатацыю чацвёртай лініі мінскае метро дасягне максімальнай камфортнасці ў транспарціроўцы мінчан і гасцей сталіцы», — зазначыў Павел Царун.
Цяпер жа ў горадзе вядуцца работы па падрыхтоўцы першай чаргі трэцяй лініі метро — на месцы будучых станцый «Кавальская Слабада», «Плошча Багушэвіча», «Вакзальная», «Юбілейная». У склад першай чаргі, акрамя саміх станцый, увойдуць два перасадачныя вузлы, інжынерны корпус і пабудовы для абслуговага персаналу.
Паводле слоў спадара Царуна, будаўніцтва метро ў Мінску з'яўляецца адным з самых танных на постсавецкай прасторы і ў Еўропе. Адзін кіламетр лініі каштуе ад 40 да 60 мільёнаў долараў. Трэцяя лінія стане даражэйшай за папярэднія: па ёй пойдуць аўтаматызаваныя саставы. Машыніст у кабіне цягніка будзе толькі кантраляваць працу электронікі падчас паездкі. Акрамя гэтага, у абсталяванні станцый будуць выкарыстоўвацца так званыя «экраны» — загараджэнні, якія выключаюць магчымасць падзення пасажыраў і старонніх прадметаў на пуці. Пасля спынення саставу гэтыя экраны будуць убірацца. Асаблівая ўвага надаецца пасажырам з абмежаванымі магчымасцямі: акрамя ліфтоў, што выкарыстоўваюцца на існуючых станцыях, на трэцяй лініі ўсталююць травалатары — эскалатары з гарызантальным рухам.
Будаўніцтва трэцяй лініі будзе весціся пры дапамозе механізаванага комплексу. Хуткасць праходчых работ, такім чынам, павялічыцца да 300–350 метраў за месяц. Немеханізаваны комплекс, што выкарыстоўваўся раней, валодаў максімальнай хуткасцю ў 60 метраў за месяц.
Таксама прагучала інфармацыя аб магчымасці будаўніцтва лёгкага метро (разнавіднасць транспарту, набліжаная да гарадскога цягніка. — Аўт.) у адным з абласных гарадоў. «Ідэя аб стварэнні такога віду транспарту ў нас узнікла даўно, і для Беларусі яна мае неблагія перспектывы. Аднак для рэалізацыі праекта патрэбна фінансавая падтрымка і загад кіраўніцтва, — сказаў Павел Царун. — У бліжэйшы час мы накіруем адпаведную прапанову ў аблвыканкамы».
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.
У чым рухальная сіла навукі перамагаць.