Нават добраўпарадкаванне тэрыторыі спецустановы можа стаць мастацтвам
Шмат даводзілася бачыць майстроў і ўмельцаў у жыцці. Але работ такой прыгажосці, такой вытанчанасці, густу і ўзроўню — упершыню. Ад выгляду магутнага, велічнага лася, які прылёг каля тратуарнай дарожкі, перахоплівала дыханне. Кажуць, нават паляўнічыя блытаюць яго з сапраўдным ласём. Але лось — гэта толькі пачатак дзіва, якое чакала на тэрыторыі Косаўскага псіханеўралагічнага інтэрната, што знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Проста незабыўнае ўражанне пакінуў клас-кабінет «Марское дно»: цуд, дый толькі! Майстар з вялікай літары, які здолеў увасобіць свой талент у жывыя малюнкі прыроды, — Таццяна Корзан, інструктар па працатэрапіі
Бацька марыў, каб была найлепшай
Калі ў чалавеку раскрываюцца творчыя здольнасці, то пачатак іх часцей за ўсё ідзе ад бацькоў. У Таццяны Васільеўны Корзан, якая нарадзілася ў вёсцы Святая Воля, маці перадала ўсім дочкам (а дзяцей ў сям'і пяцёра) талент вышываць, шыць, вязаць. Маленькую Таню навучыла ткаць дываны-вясёлкі: у хаце стаяў станок, па вечарах прыходзілі суседкі, а Таня разам з імі нароўні паказвала ўвішнасць і старанне. Бацька таксама быў майстар на ўсе рукі, Таццяне і з бацькам было цікава. Можа, таму дзяўчынка пасля школы марыла стаць зубным тэхнікам, каб свае здольнасці ляпіць, падганяць дэталі ўвасобіць на карысць людзям. І хоць паступіць не ўдалося, але на ўсё жыццё Таццяна захоўвала навыкі тэхнікі па лепцы, якія атрымала на курсах. А праз колькі гадоў гэта спатрэбілася, калі працавала выхавальніцай, настаўніцай… І цяпер, падчас працы ў Косаўскім псіханеўралагічным інтэрнаце, новае захапленне перарасло ў сапраўднае майстэрства.
Неяк паехаўшы з іншымі супрацоўнікамі па абмене вопытам у Жабчыцкі інтэрнат Пінскага раёна, Таццяна Васільеўна ўпершыню ўбачыла качку і слімака, зробленых са звычайнага пенапласту. Тыя фігуркі былі плоскія, выразаныя і пашпакляваныя, а для Таццяны Васільеўны гэты падыход стаў штуршком для палёту фантазіі.
«Заасад» з падручных матэрыялаў
Першае заданне, якое атрымала Таццяна Васільеўна ад дырэктара інтэрната Мікалая Петраўца, — добраўпарадкаванне тэрыторыі спецаддзялення. Праектам добраўпарадкавання жанчына займалася з загадчыкам гаспадаркі. Месца, дзе пастаянна высыхала трава, заняў кракадзіл з разяўленай пашчай. Дарэчы, над пашчай давялося добра папацець, выпілаваць і прыклеіць зубы, каб яны не адвальваліся. Не спала начамі, прыдумвала, перарабляла… Вось тады жартавалі работнікі, што Таццяна ажыццявіла сваю мару — стала зубным тэхнікам для кракадзіла. На дапамогу прыйшоў адзін з жыхароў інтэрната Павел Ладычук, які даваў карысныя парады і дапамагаў выбраць тон расфарбоўкі. І… кракадзіл ажыў.
Чарапаха і збан у гарох павінны былі закрыць каналізацыйныя люкі, якія не ўпісваліся ў задуманы пейзаж. Ідэю зрабіць чарапаху падгледзела ў перадачы-конкурсе, як замаскіраваць люкі ў горадзе. Адну непрыгожую пліту з люкам засыпала каменьчыкамі, як на марскім беразе, а каб зрабіць чарапаху, пазычыла ў суседзяў статуэтку. Ужо тры гады чарапаха стаіць, фарба не лушчыцца, ні дажджу не баіцца яна, ні мяцеліц».
А як рамантычна выглядае адзінокі фламінга на астраўку! Чаму менавіта такая заморская птушка? «Карцінку яго неяк заўважыла ў падручніку малодшай дачкі Дашы, — узгадвае Таццяна. — З чаго зроблены? З адходаў будматэрыялаў пасля рамонту корпуса: пенапласту, кавалкаў цэглы, сеткі, клею і г. д.».
Ёсць на тэрыторыі інтэрната астравок, дзе застыла ў танцы парачка жураўлёў. І, здаецца, загучыць музыка, і птушкі прадоўжаць танец кахання. Вачэй не адвесці.
Апошняя вялікая работа — лось. Такім прыгажуном, што прылёг каля дарожкі, не раз любаваліся і прыцмоквалі языкамі розныя госці, якія наведваюць інтэрнат. Лася Таццяна Васільеўна ўбачыла з дзецьмі ў заапарку. Сфатаграфавала і захацела зрабіць. Каб яшчэ раз даказаць сабе, што яна можа стварыць самае складанае. Зімой зрабіла «тумбу» з цэглы, зверху накрыла руберойдам, паклала камяні… «Страшна было, што не атрымаецца, але вочы баяцца, а рукі робяць. Галаву, каб не абцяжарвала фігуру, зрабіла з пенапласту, вочы — здагадайцеся… Са старых тэнісных шарыкаў! А вейкі прыдумала Аня, жыхарка інтэрната, са шчоткі зрабіць».
Пенапласт, клей, фарбы… Плюс душа
Улічваючы спецыфіку работы, Таццяна Корзан замест еўрарамонту класа-кабінета вырашыла стварыць месца, дзе будзе панаваць спакой. Разглядала два варыянты — луг або мора. І спынілася на пейзажы «Марское дно». Адна сцяна — з барэльефам дэльфінаў, другая — з затанулымі скарбамі, на трэцяй — рэшткі карабля з якарам. Кабінет Таццяна Васільеўна афармляла месяцы два-тры ў кожную вольную хвіліну. З падборам колеру, як заўсёды, дапамагала калега Святлана Бондар. З задавальненнем далучыліся і жыхары інтэрната: мяшалі раствор, рабілі нескладаныя дэталі, прыбіралі смецце пасля работы. Ляпніна, шпатлёўка, пенапласт (дэльфіны і вялікая ракавінка), сухая тынкоўка, клей, фарбы… І частка душы.
Талент у спадчыну
Таццяна Васільеўна яшчэ і шматдзетная маці. Старэйшы сын Іван — студэнт БДУІР, Мікіта скончыў дзіцячую школу мастацтваў і паступіў у ліцэй Івацэвіцкага раёна, а малодшая дачушка Даша пойдзе ў трэці клас; яна займаецца ў дзіцячай школе мастацтваў вакалам, іграе на віяланчэлі і любіць ляпіць маленькія фігуркі з мамай.
Хутка ажыццявіцца запаветная мара сям'і: яны пераедуць у свой дом, якога так доўга чакалі.
Дом будзе незвычайным. У гэтым упэўнены не толькі дзеці і муж, але і ўсе, хто ведае Таццяну. Муж (а ён аграном) паабяцаў уцяпліць гараж пад асабістую майстэрню для Таццяны, бо творчасць жонкі натхняе і ўздымае настрой. Парачка фламінга ўжо чакае свайго часу, каб заняць куточак двара. А мара — фантан, з вады якога будуць выскакваць дэльфіны. Складана, але магчыма.
…З'явіўся па-сапраўднаму творчы чалавек — і пераўтварылася ў казачную, з густам аформленую, тэрыторыя Косаўскага псіха-
неўралагічнага інтэрната. Ад прыгажосці, якая сустракае з варот тэрыторыі, сэрца напаўняе замілаванасць і радасць.
А яшчэ шкадаванне, што ў райцэнтры няма такіх месцаў, дзе б можна было адпачыць душой. Няўжо не радаваў бы дзятву ў парку такі вось вясёлы вожык, што быццам жывы стаіць пад елачкай, а за ім вавёрчын домік з вавёркай, як у пушкінскай казцы?
Валянціна БОБРЫК,
г. Івацэвічы.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».