Вы тут

Летнія. Юніёрскія. Нашы!


У традыцыйным спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра гераічную перамогу гродзенскага «Нёмана» ў Кубку Беларусі, поспехі беларускіх юніёраў на Алімпіядзе ў Кітаі і няўдачу мужчынскай баскетбольнай зборнай у адборы на Еўрабаскет-2015.

1. На мінулым тыдні адбылася толькі адна гульня чэмпіянату краіны па футболе: «Слуцк» на абноўленым стадыёне прымаў мінскае «Дынама». Для гаспадароў поля, якія не ўвайшлі ў першую шасцёрку першынства, гэты матч ужо нічога не вырашаў. А вось мінчане адстойвалі права на першы радок у турнірнай табліцы. У выніку матч скончыўся безгалявой нічыёй. Такім чынам, «бела-сінія» не захавалі прамежкавае першае месца ў чэмпіянаце, прапусціўшы наперад БАТЭ. Пасля матча галоўны трэнер «Дынама» Уладзімір ЖУРАВЕЛЬ так пракаментаваў гульню сваёй каманды: «Лік адлюстроўвае тое, што адбывалася на полі. Так, у канцоўцы другога тайма мы больш прэсінгавалі. Мяч хадзіў па штрафной, па варатарскай, але не хапіла завяршальнага ўдару. Калі ў абароне згулялі на «нуль», то ў нападзенні, як бачым, ёсць праблемы з завяршальным ударам».

26-3

Разам з тым, стартаваў розыгрыш 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе. Цэнтральным матчам гэтай стадыі стаў паядынак «Нёмана» і «Гомеля». «Жоўта-зялёныя» вырвалі перамогу ў гамяльчан у дадатковы час — 5:4. Адзначым, што ў самым пачатку матча гродзенцы ўступалі 0:3, але змаглі адыграцца літаральна за лічаныя хвіліны. Пасля матча галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Саладоўнікаў не ўтойваў эмоцый: «Я ўдзячны лёсу за тое, што стаў удзельнікам такога паядынку. З усіх пар 1/8 фіналу нам дастаўся самы моцны сапернік, і гэтае супрацьстаянне сапраўды атрымалася самым цікавым. Дзякую сваёй камандзе за волю да перамогі. У перапынку ў нас адбылася сур'ёзная размова, і па вачах хлопцаў я зразумеў, што гульня зменіцца і ўсё будзе добра».

Сярод астатніх вынікаў адзначым нечаканае паражэнне аднаго з лідараў сезона «Нафтана» ад «Віцебска» (1:2) і мінімальную перамогу «Белшыны» над «Зоркай-БДУ» (1:0).

2. У адзін з апошніх дзён скарбонка беларускай зборнай на чэмпіянаце Еўропы па водных відах спорту папоўнілася яшчэ адным медалём. «Бронзу» на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем заваяваў Павел Санковіч. Яшчэ раней «золата» нашай камандзе прынёс Яўген Цуркін (на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем), а дуэт Вадзім Каптур/Яўген Каралёў узяў «серабро» ў сінхронных скачках у ваду з 10-метровай вышкі. Такім чынам, з трыма ўзнагародамі кожнай вартасці ў агульным медальным заліку наша каманда фінішавала на 15-й пазіцыі.

3. Удала выступаюць беларускія юніёры на летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях, якія праходзяць у кітайскім Нанкіне. 17-гадовая тэнісістка Ірына Шымановіч разам з украінкай Ангелінай Калінінай заваявала залаты медаль у парным разрадзе. Таксама Ірына змагалася за «золата» і ў адзіночцы. Але траўма нагі не дазволіла дзяўчыне выступіць на максімуме — у фінале беларуска саступіла кітайскай спартсменцы, узяўшы яшчэ і сярэбраны медаль у адзіночцы. Яшчэ адно «серабро» на рахунку лёгкаатлеткі Эльвіры Герман, якая фінішавала другой на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі. Традыцыйна моцныя і беларускія весляры. Так, Станіслаў Дайнека стаў лепшым у спрынтарскім заездзе байдарак-адзіночак. Таксама вышэйшую ўзнагароду здабыла канаістка Каміла Бобр. Сумарна ў скарбонцы нашых юных алімпійцаў ужо 7 медалёў — 4 «залатыя» і 3 «сярэбраныя».

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?